Выбрать главу

Пад вечар так сумна стала сядзець аднаму, што Іван рады быў бы, каб хто-небудзь прышоў сюды хоць на хвіліну. Няхай бы ўзяўся на ўлік ці зняўся. Але паколькі ніхто ў бакоўку не заглядваў, а больш такой спадручнай работы не знаходзілася, то хлопец стаў падумваць аб тым, каб пайсці сёння ў Дабрасельцы. Не шкодзіла б купіць там хлеба ў эмтээсаўскім ларку, пабываць на сваім двары, агледзець садок, вулейчык з пчоламі ды зайсці спытаць у Андрэіхі, можа патрэбна якая дапамога. Іван не быў ні суседам, ні сваяком Андрэіхі, але некалі ён шчыра сябраваў з Уладзікам, хоць той быў трохі старэйшы. Бацькі іх таксама сябравалі. Андрэй любіў прыходзіць да Іванавага бацькі на вячоркі, а Андрэіха не саромелася пазычаць у мацеры ўсё, што толькі ні даводзілася: соль, запалкі, буханку хлеба, катушку нітак. Калі прыходзіла пазычаць, то спынялася на паўхвілінкі на парозе і не заўважала, як праходзіла ў гаворцы некалькі хвілін. Потым, калі прыходзіла аддаваць пазычанае, то паўтаралася тое ж самае.

Калі выйшла так, што пасля вайны і Андрэіха і Іван засталіся адзінокімі, яны па адчуванню душэўнага абавязку сталі памагаць адно другому ладкавацца ў жыцці, перамагаць цяжкае гора страты родных і самых блізкіх людзей.

«Можа ў яе дроў колатых ужо няма», — падумаў Іван.

7

Перад самым вечарам Мокрут заглянуў у сельсавет толькі дзеля таго, каб падаць знак сакратару. Той умомант сабраў сваю папку i ўслед за начальствам выйшаў на вуліцу. Тут зноў ішоў снег — у гэтую зіму рэдка выдаваўся той дзень, каб не было снегу: то ён сыпаў дробны i калючы, як пацёрты лёд, то кружыўся мяккі і лёгкі, як пух. Каўнер Мокрутавай кожанкі быў настаўлены, а Васіль Печка нацягнуў колькі можна было на вушы шапку і схаваў пад палою паліто свае паперы. Удвух яны рушылі так па вуліцы. Раптам Мокрут спыніўся, і Васіль, з зажмуранымі ад снегу вачыма, ледзь не стукнуўся ілбом яму ў спіну.

— Знаеш што? — звярнуўся старшыня да хлапца. — Памяць у мяне ўжо нешта слабець пачала: забыў зрабіць адно распараджэнне.

— Якое? — насцярожыўся Васіль.

— Забыў сказаць крывому, каб пайшоў туды да мяне ды напілаваў жонцы дроў.

— Дык я пайду скажу, — ахвотна падручыўся Печка.

— Схадзі, брат, — папрасіў Мокрут. — А то жонка заўтра з’есць мяне. Скажы, каб перадаў заадно, што затрымаюся сёння, опісь буду рабіць. Эх, жонкі, жонкі! Ты, брат, не ведаеш, што за ведзьмы бываюць некаторыя з іх! Ну, і шчаслівы ты, што не ведаеш. Бяжы, а потым даганяй мяне. Калі не нагоніш, то ты ж ведаеш, дзе мы павінны быць.

Сакратар пабег, яму i хацелася прабегчы на холадзе, а Мокрут пакрочыў далей адзін. Кожанка пакрысе бялела: спачатку снег раставаў на глянцавітай скуры, а потым пачынаў шэрхнуць. Паступова нахалодваў скураны каўнер і рабілася трохі пякуча ружоваму валлячку. Мокрут утуліў падбародак і трымаўся на ўсякі выпадак бліжэй да платоў, каб не трапіць часам пад якую машыну. Усялякай эмтээсаўскай i калгаснай тэхнікі хадзіла тут не мала.

Пад машыну Мокрут не трапіў, а з чалавекам ледзь не стукнуўся лоб у лоб. Гэта быў той самы чалавек, якога старшыня зваў завочы сівым маладажонам. Мокрут любіў даваць мянушкі людзям i часта гэта яму ўдавалася. Чалавек гэты, што сустрэўся, сапраўды быў сівы, але не па старасці, як гэта звычайна бывае, а па прыродзе. Кажуць, што бацька яго пачаў сівець гадоў у трыццаць, а сыну было цяпер усё ж такі каля сарака. Ажаніўся ён, праўда, не надта даўно, але i не так позна, каб зваць яго маладажонам. Тут Мокрут, вядома, перабольшваў. Росту ён быў крыху вышэй сярэдняга, гэтакі ж, як i Мокрут, толькі, бадай, шчуплейшы. Каб яны, на няшчасце, зусім сутыкнуліся, то якраз трапілі б нос у нос. Хіба толькі б каўняры перашкодзілі: у аднаго скураны, з вострымі ражкамі, а ў другога — барашкавы, сівы, як i тыя пасмы валасоў, што віднеліся з-пад рыжай высокай кубанкі.

Звалі чалавека Ільёй Савічам, і працаваў ён тут дырэктарам сямігадовай школы. Убачыўшы старшыню сельсавета на вяршок ад сябе, дырэктар спачатку рэзка падаўся назад, а потым паімкнуўся саступіць з дарогі. Яму не надта хацелася спыняцца з гэтым чалавекам, бо ў душы ён яго не любіў, а прызнаваў пакуль што толькі як службовую асобу.

Выйшла так, што Мокрут загаварыў першым:

— Вы куды, Ілья Савіч?

— Ды ў школу, — адказаў дырэктар. — Там жа ў нас…

— А-а, так, так, — падхапіў Мокрут. — Ведаеце, Ілья Савіч, я не здолею сёння прыняць, так сказаць, актыўны ўдзел у прадстаўленні. Справы, разумееце, не даюць дыхнуць. Пазванілі з раёна, i вось бягу на пасёлак.