— А што там здарылася? — не зусім даверліва спытаў дырэктар.
— Опісь, Ілья Савіч. Разумееце? Сумная справа.
— Менш трэба было б гэтых сумных спраў, — незадаволена сказаў дырэктар i не спяшаючыся пакрочыў далей.
«Сунься, куды сунешся!» — прабурчэў сабе пад нос Мокрут, а ўслых гэтага ні за што б не сказаў. Цяжка было ўсё-такі не лічыцца з тым, што гэта дэпутат сельсавета i сакратар тэрытарыяльнай партарганізацыі.
Мінуўшы некалькі двароў, старшыня падышоў да акна аднаго прыгожага дамка, пастукаў і гучна, з вясёлымі пералівамі ў голасе, клікнуў:
— Ціхоня-а, у строй!
— Няма дома! — ледзь пачуўся праз двайныя шыбы непрыязны жаночы голас.
— А дзе ён?
— А хто яго ведае. Хіба я за ім бегаю?
Мокрут сабраўся ўжо адысці ад акна, але нечакана адчыніліся шаляваныя дзверы сянец i на ганку паказаўся грузнаваты чалавек без шапкі, у міліцэйскім кіцелі, расшпіленым пад барадою.
— Чаго ты хочаш? — спытаў ён у Мокрута.
— Апранайся хутчэй і пайшлі!
— Куды?
— Справа ёсць. Тэрміновая!
Калі ўчастковы ў поўнай форме і пры зброі параўнаўся на вуліцы з Мокрутам, той насмешліва кінуў яму:
— За жончыну спіну хаваешся?
— Ды не хаваюся, — пачаў апраўдвацца Ціхоня. — Чаго там хавацца? Аднак жа, калі падумаць, то што мы маем? Цэлы дзень на нагах, ноччу таксама рэдка бываеш дома. А яна, жонка… Вось.
— Разбалавалі вы сваіх жонак, распесцілі!
— Гэта хто «мы»?
— Ты, напрыклад, ды вось гэты наш мудрэц сівавалосы, дырэктар. Яшчэ ёсць такія.
— Ну, ведаеш, — зноў пачаў участковы, — калі добра падумаць, то-о…
— Дарэчы, вось што, — перапыніў яго Мокрут, — у цябе часам не знойдзецца некаторых вестак наконт некаторых нашых інтэлігенцікаў?
— Каго ты хочаш?
— Ну, возьмем хаця б гэтага маладажона. Ён што, не быў, часам, на акупіраванай тэрыторыі?
— Ён не з майго ўчастка па месцу нараджэння, — змрочна адказаў Ціхоня. — Ды не той гэта чалавек. Ты гэта дарэмна.
— Дарэмна? — Старшыня на хвіліну змоўк i глыбей утуліўся ў каўнер.
— Куды ж мы ідзем? — спытаў Ціхоня.
— Не бойся, не да маладажона.
Яны прайшлі моўчкі амаль усю вуліцу і калі ўжо сталі выходзіць на міжпасялковую дарогу, Мокрут сказаў:
— Казырок Сямён наказваў. Там у яго сёння радзіны быццам бы. Сакратар мой прыдзе, запішам яму папаўненне ды пасядзім з гадзіну ў цяпле, пагамонім. Трэба ж нам неяк бліжэй да народа стаяць, ведаць, як людзі жывуць, чым яны дыхаюць. Праўда?
— Ды гэта праўда, — згадзіўся Ціхоня, — але ж, калі добра падумаць…
— Няма чаго думаць! — зноў перабіў яго Мокрут. — Чалавек запрашае, дык не трэба быць задавакамі. Напэўна, чакае ўжо даўно.
Казырок быў на двары ў той час, калі Мокрут з Ціхоням падышлі да яго хаты. Па тым, як ён старанна сек на калодцы дровы, па той кучы галля, якая ляжала каля яго, можна было меркаваць, што ён не надта чакаў гасцей. Убачыўшы ў паўзмроку начальства, ён нібы з жалем удзюбнуў у калодку сякеру, падцягнуў пута на кароткім кажусе i ступіў крокаў два насустрач.
— Гаспадарыш? — звярнуўся да яго Мокрут, квола працягваючы руку.
— Ды вось, — паказаў Сямён на кучу галля, — трэба было б пасекчы ды злажыць, пакуль зусім снегам не занясло.
— А што гэта за дровы ў цябе? — Мокрут падышоў да калодкі, узяў у рукі тонкі круглячок. — Дык гэта ж, браце, садавіна нейкая, ігруша ці сліва?
— Сухая антонаўка, — абыякава сказаў Сямён. — От ужо з тыдзень баба раскашуе з ёю. Добра гарыць, каб вы ведалі.
— А ну, дай сюды, гаспадар! — Мокрут з хлапчуковай рашучасцю скінуў рукавіцы, папляваў на далоні і ўзяў з рук Сямёна сякеру.
— Люблю такую работку, — сказаў ён Ціхоню, — проста i цягне. Што ж бы тут на першы зуб?
— Ды вазьміце вось гэта, — параіў Сямён і, хітравата глянуўшы на Ціхоню, тыцнуў жоўтай бахілай у даволі ўзлаваты і тоўсты камель.
Мокрут рукамі выкаціў камель на гладкае месца, паставіў яго тарчма і, гэхнуўшы ўсёй дыхавіцай, секануў. Кругляк здрыгануўся, трошкі зрушыў з месца, аднак не падаўся: сякера адляцела ад яго, як ад каменя. На гладкім разрэзе кругляка з’явілася толькі неглыбокая белая рыска.
— Змёрзся, — крыху незадаволена сказаў старшыня і секануў яшчэ раз. З’явілася другая белая рыска, а кругляк стаяў цэлы. Секануў трэці раз, з’явілася трэцяя рыска, чацвёрты — чацвёртая.
— Нешта ў цябе яшчэ… гэтае самае, — пераступіўшы з нагі на нагу, заўважыў Ціхоня. — Давай я.
Мокрут ужо са злосцю гэхнуў яшчэ разоў два і, здзіўлена пакруціўшы галавой, аддаў сякеру Ціхоню.
— Шкада, што тут калуна майго няма, — апраўдваючыся, сказаў ён.