Выбрать главу

— I выганю, думаеце, не? У праўленне калгаса заганю! От пабачыце!

— Не чапай, няхай яго сарочка не чапае.

Андрэіха, трохі разагрэўшы рукі, стала хуценька падганяць дамашнія справы. Даша глянула ў адзін кут, у другі, адразу зразумела, што тут дзе трэба, і таксама ўзялася за работу. У чужой хаце ў яе выходзіла ўсё гэтак жа спрытна i ладна, як і ў сваёй.

— А што ж вы будзеце вячэраць, цётка Настуля? — спытала яна ў гаспадыні, калі ўжо была падоена карова, напоены лысы бычок i прыведзена ўсё да ладу каля печы. У рабоце прайшла ў дзяўчыны злосць на Мокруціху, на Шулава, настрой палепшыўся і твар зноў зайграў маладой весялосцю.

— От малака свежанькага нальём, — сказала Андрэіха, — ды i павячэраем. Можа i ты разам?

— Не, я перакусвала, — па-сямейнаму сказала Даша. — А гарачага ў вас і няма нічога?

— Ды хіба выстаіць з самага ранку?

— Пачакайце!

Праз некалькі хвілін дзяўчына зноў убегла ў хату, на галаве ў яе быў той жа самы белы шалік, але пярэдні расшыраны канец яго прыкрываў нешта круглае, загорнутае ў ручнік. Прытрымліваючы гэтую рэч адной рукой, дзяўчына ўзяла на прыпечку драўляны кружор-падстаноўку, паклала на стол і прыгнулася над ёй са сваім незвычайным падарункам. Калі адступіла на крок, трымаючы над локцем ручнік, з падарунка клубком паваліла пара — гэта быў чыгунок толькі што зваранай бульбы.

— Усё роўна, як ведала, — радасна сказала Даша, — два чыгуны назбірала — паставіла: адзін мужчынам, а другі вось нам з вам!

Бульбу высыпалі ў міску, i смачны пах ад яе паплыў па хаце. Побач з міскай Андрэіха паставіла гладышык малака. Жанчыны пачалі вячэраць, і ўсе дзённыя клопаты і непрыемнасці неяк мімавольна адплылі, пакінулі хатні прытулак.

На вуліцы пачуліся галасы: спачатку дзявочыя, а потым нехта з хлопцаў загаварыў дробна і весела:

— У цябе ёсць канспект па «левізне»?

— Не, мы «левізны» не канспектавалі, — адказала дзяўчына.

— Студэнты прыехалі, — зірнуўшы на акно, заўважыла Даша. — Канікулы.

Пасля гэтага яны вячэралі моўчкі, але ў кожнай былі свае думкі, свае ўспаміны. «Куды ж яны пойдуць, студэнты? — брала цікавасць Дашу. — Можа да нас? — Прыслухалася да галасоў. — Не, мінаюць двор, пайшлі далей. Няхай сабе ідуць».

У Дашы няма ніякай крыўды за тое, што хлопцы мінулі яе двор. Што ёй гэтыя студэнты? Ёсць яны ці няма. От каб прыляцеў той студэнт, з крыльцамі на пагонах! Каб гэта яго голас пачуўся на вуліцы! Давялося б, напэўна, цётцы Настулі адной даядаць бульбу, не ўсядзела б тады дзяўчына ў хаце.

Андрэіха таксама думала пра студэнтаў, толькі не пра чужых. Былі ў яе некалі свае студэнты. Адзін вучыўся на другім курсе педінстытута перад вайной, а другі канчаў дзесяцігодку. Хадзілі вось гэтак жа па сваёй вуліцы ў час канікулаў, спявалі песні, а прыходзілі ў хату, дык прыходзіла з імі ўсё радаснае і шчаслівае, што было ў жыцці. Завіруха на двару здавалася ласкавай.

— Дзякуй табе, Даша, — сказала нарэшце гаспадыня, — адагрэла ты мяне.

На дварэ, відаць, пачынаў мацнець вецер, бо сухі маліннік, хоць яшчэ і ціха, але пачынаў ужо шкрабаць па шыбе. Гэты шкрэбат заўсёды нагадваў Андрэісе пра холад, сцюжу і, чамусьці, пра людское гора, хоць пра яго i не хацелася думаць. Ужо колькі разоў збіралася залезці ў агародчык ды выламаць гэты надакучлівы куст. Але неяк шкада ламаць сваё, звычнае, хоць, можа, і не надта патрэбнае. Не падымаліся ў жанчыны рукі, каб што-небудзь зламаць, папсаваць і тым больш — хоць пальцам крануць што-небудзь жывое. Вунь у хляве — бычок. Перавяла ўчора з сянец. Каб усё на лад, то яго ўжо даўнавата трэба было б зарэзаць, але ж як тут i падумаць аб гэтым? Зойдзеш, а ён глядзіць на цябе такімі яснымі i даверлівымі вачамі.

Жанчына ведае, што калі б папрасіла яна Мітрафана асвежаваць бычка, то некалькі сутак не ела б не толькі гэтай свежаніны, a і нішто іншае не пайшло б у рот.

Маліннік зашкрабаў мацней, нібы просячыся ў хату, i гаспадыня міжвольна здрыганулася, ёй здалося, што з акна пацягнула холадам. Устала, забрала са стала чыгунок, міску, гладышык з недаедзеным малаком і занясла ўсё гэта ў мыцельнік. Праз хвіліну зноў села каля стала, склала на грудзях рукі, але сядзела так зусім не доўга. Не было звычкі ў жанчыны сядзець, склаўшы рукі. Нават калi і пагаварыць даводзілася з кім і цікавасць у гаворцы разбірала, дык і то заўсёды шкада было часу, усё здавалася, што няма на гэта права, усё рупіла якая-небудзь неадкладная работа. Выняўшы з запечча некалькі маткоў шарсцяных нітак, яна пачала нацягваць іх на матавіла, але Даша адставіла гэтую старажытную прыладу ўбок і спадручылася трымаць маткі сама.