Выбрать главу

Могілкі гэтыя самыя паявіліся перад намі яшчэ можа гадзін праз дзве. Па шуму я іх пазнала, а на вока, то мо i не ўгледзела б. Стала прыглядацца, прыгінаючыся аж да сумётаў: сапраўды гэта могілкі, ці можа так які лясок? А калі могілкі, то ці можна будзе там як-небудзь прыхавацца ад завірухі? Уладзік ужо ледзьве перастаўляе ногі. Ужо я трымаю яго за руку, іду пярэдняй сама, а ён нічога не кажа. Гляджу і ўсё сплюшчваю i расплюшчваю вочы, усё маргаю, бо не верыцца мне, сапраўды бачу я нейкія аганькі спераду, ці, можа, гэта ўжо мярэшчыцца мне ад стомленасці. Мільгне аганёк i патухне. Потым зноў мільгне, або два-тры мільгнуць адразу. Спыніла я Уладзіка ды шапчу: «Глядзі, сынок, туды, на могілкі. Ты нічога не бачыш?» «Бачу, кажа, нейкія агеньчыкі, толькі не на могілках, а каля могілак, па гэты бок».

Пахаладзела ў мяне ўсё ўнутры, а страху чамусьці няма ніякага. Толькі Уладзіка шкада. Лягла я на снег і яго за руку пацягнула. «Ляжы, шапчу, можа, бог дасць, усё добра будзе».

У галаве ўсё неяк чыста i ясна. Чую, як вецер шуміць у голых надмагільных бярозах, парыпвае сухая галіна, тручыся аб другую. Ляжаць быццам бы i не холадна, ісці было халадней. Пад локцямі — перавал са снегу. Тулюся ў яго, як у падушку, і Уладзіка прыціскаю да сябе. Агеньчыкі мільгаюць усё бліжэй, часам спыняюцца і зноў мітусяцца, то сюды, то туды. Ведаю, што гэта не цуд, хоць і ля могілак. Ведаю i разумею, што гэта воўчае ганнё. Не бачыла я ваўкоў ніколі, але чула ад старых, што яны бегаюць вось так у Піліпаўку i нападаюць на людзей. Успомніла, што цяпер якраз Піліпаўка. Тулю да сябе Уладзіка, глыбей лезу ў снег, а ўсёроўна быццам бы не баюся нічога. Толькі чую, што нехта быццам заве мяне ціха і ласкава: «Настулька!..» Услухоўваюся — Андрэяў голас. Гэта там, у горадзе, ён мяне так назваў, калі мы адыходзілі. Што, калі пачуюць нас i нападуць? Вецер быў вялікі i злосны, кал i мы ішлі, а цяпер нібы паменшаў, паласкавеў. Каб толькі Уладзіка аберагчы! Я гарну яго пад сябе i чакаю ветру, снегу, страшэннай завірухі. Няхай бы нас замяло цяпер, занясло снегам, лёдам, пачарнелым лісцем з бяроз!.. Калі не абаіх, то хаця б аднаго Уладзіка, каб яго абмінулі, не заўважылі звяры.

Думаю так, а сама ўсё гляджу, усё сачу за аганькамі. Вецер на нас, яны можа i не пачуюць, што тут людзі. А можа загуляюцца на сваім вяселлі ды забудуць пра нас. Вось пярэдні агеньчык мільгнуў і знік, значыцца, павярнуліся бельмы ў другі бок. За ім, гдяджу, і другі знік, i трэці. Праходзіць нейкі момант, і мне здаецца, што ваўкі ўжо недзе за намі. Баюся паварушыцца, каб паглядзець. Раптам Уладзік так рашуча ды па-мужчынску шэпча: «Уставайце, мама, і пабяжым!» Я ўсхапілася, нібы толькі і чакала гэтага. Пабеглі мы, адкуль гэтыя і сілы ўзяліся. Бяжым, бяжым, дух забівае, ад замеці свету не відно, а мы ўсё бяжым і назад не азіраемся. Спыніліся, калі ўжо ногі пачалі падкошвацца. Я хапаю Уладзіка за рукі, каб адцерці іх, каб абагрэць дыханнем яго твар, і намацваю ў яго руцэ расчынены складаны ножык.

— Гэта ваўкі былі? — пытае Уладзік у мяне.

— Ваўкі, — адказваю. А самой так радасна стала за хлопца, і ўся трывога адлегла ад сэрца. Цяпер ужо я верыла, што мы дойдзем дадому і нішто нас не суніме. Падала я Уладзіку адагрэты акрайчык, а ён перакроіў яго гэтым сваім ножыкам і аддаў палавіну мне. Мы сталі спінамі да мяцеліцы, прытуліліся адно да аднаго і папалуднавалі наспех, хоць пара падыходзіла, бадай што, да снедання. Падмацаваліся, пайшлі далей. I вось дайшлі неяк. Уладзік не раз потым успамінаў пра тую ноч. Казаў, што каб i яшчэ гэтулькі ісці, то ўсёроўна дайшоў бы. Гэта ён так рады быў за бацьку. Аднак жа, бедны, доўга хварэў пасля гэтага.

Даша слухала, аж заслухалася, забыла, што ўжо няма на руках матка. Рукі, выцягнутыя наперад, ляжалі локцямі на стале, тонкія далоні злёгку варушыліся.

— От Уладзік, — ціха сказала яна, калі гаспадыня разблытвала першую нітку другога матка. — Ён i потым быў такім дружным, харошым… Нездарма ж вось i на фронце…

— Там яны абодва, калі б жывымі былі… — сумна сказала жанчына. — Узнагароды вялікія ў абодвух. Нават бацьку i то далі ордэн, хоць пасля смерці ўжо. Горад Стаўбуноў бралі, дык першым са сваім аддзяленнем стары зайшоў у тыл ворага. У мяне такое апісанне ёсць, з часці прыслалі.

9

Мітрафан з Платонам таксама ўжо ўходавалі свой чыгун бульбы i цяпер сядзелі ўдвух каля печы, вялі сваю ціхую гаворку. Цімоша павячэраў раней і паімчаў некуды са студэнтамі, з якімі яшчэ ў мінулую зіму разам бегаў у дзесяцігодку. Платон расказваў Мітрафану пра калгасных коней, скардзіўся на некаторых калгаснікаў, што вельмі ж не шануюць жывёлу. «Як жа гэта можна? — абураўся стары. — Даў учора па загаду старшыні адной жанчыне падводу. Налажыў сена ў сані, каб было чым пакарміць тое цягло ў дарозе. Наказаў жанчыне, каб берагла кабылку. А яна, гэтая жанчына, што зрабіла? Заехаўшы ў двор, скінула ўсё сена сваёй карове i цэлы дзень вазіла дровы на галоднай кабылцы. Прыгнала яе ў канюшню позна ўвечары, кінула не распрэжаную, мокрую i дрыжачую».