Усю тую ноч качалася кабылка жыватом, і ўсю тую ноч Платон не адыходзіў ад яе, праклінаў і жанчыну, і старшыню, i свой пакутлівы лёс конюха.
Па нейкай своеасаблівай асцярожнасці Платон не сказаў, хто такая была гэтая жанчына, аднак Мітрафан разумеў, што ўсе сляды вялі да праславутай Кадрыліхі, бо ніхто іншы ў іхнім калгасе так не зрабіў бы. З мужчын хіба толькі Заткла. Разумеў Мітрафан, што i загнаная кабылка была не так сабе жывёліна. У Платона, праўда ж, i не было на канюшні проста жывёлін, звычайнай цяглавай сілы. У кожнай загародцы стаяла своеасаблівая істота, зусім адметная ад іншых і зусім не такая, як у іншых калгасах. Што ж датычыць кабылкі, пра якую ішла гаворка, то гэта была адна з самых лепшых гадаванак Платона. Гэта тая самая Лысуха, якая яшчэ ў мінулую зіму была жаробкай i часам прыносіла старому конюху немала прыемных клопатаў. Вырвецца, бывала, з канюшні i пайшла гуляць па вуліцы. Хлапчукі з крыкам і віскам за ёй, а яна выляціць на выган, абмахне кругом вёску і ўжо імчыць з другога канца вуліцы. Тут стары выходзіць напярэсцікі, расстаўляе рукі, і жаробка напружвае пярэднія ногі, уязджае капытамі ў снег. Рэдка калі яна асмельвалася абмінуць Платона, а калі ўжо і абмінала, то на другім крузе абавязкова давалася ў рукі. Прыляціць, уткнецца ў Платонаў кажух і сапе вінавата і стомлена.
Размова крыху зацягнулася ў старых. Платон час-ад-часу памыкаўся ўстаць, каб ісці на канюшню, але Мітрафан прытрымліваў яго, бо ведаў аб сабе, што не засне да другіх пеўняў, як бы ні стараўся. А што можа быць пакутлiвей, чым бяссонніца ў глыбокую ноч?
Мітрафан устаў, каб зачарпнуць сабе вады, а можа i Платону падаць, калі захоча, як у гэты момант, штурхнуўшы з разгону сенечныя дзверы, убегла ў хату Даша.
— Бычка ўкралі! — на бягу крыкнула яна i пачала хутка надзяваць ватоўку.
— Што? — не разабраў Мітрафан. — Якога бычка?
— У цёткі Настулі! — дадала дзяўчына. — Ідзіце хутчэй туды, а я пабягу скажу хлопцам!
Яна выбегла, нават не зачыніўшы хатніх дзвярэй, а Мітрафан з Платонам, не надта спяшаючыся, накінулі на плечы свае кажухі (перад чыгуном бульбы Платон распрануўся, хоць звычайна мог сядзець у кажусе хоць суткі ў любой цеплаце) і пайшлі на Андрэішын двор. Пакуль яны прышлі, Даша з’явілася з хлопцамі. Сярод іх быў і Цімоша. Як гулялі разам на вячорках, так і рынуліся адразу па Дашынай трывозе. У двары хлопцы пачалі крычаць, мітусіцца, падаваць розныя парады, а некаторыя лічылі самым лепшым пайсці адразу на двор Кадрыліхі і абшукаць там усе закавулкі.
Мітрафан, пераглянуўшыся з Платонам, спыніў усю гэтую неразбярыху. Хоць сваім звычным шэптам, але цвёрда ён загадаў хлопцам не вытароўваць лішне двор, а сам узяў з рук Андрэіхі ліхтар «лятучую мыш» і пайшоў ад хлява ў бок загуменняў. Пакрочыў за ім i Платон. Хутка яны вярнуліся і паказалі хлопцам, куды павялі сляды: адзін чалавечы, другі бычыны. Відаць, не надта дужы быў злодзей, бо не нёс бычка на руках, а цягнуў яго збоку. Паколькі было яшчэ не позна i жанкі хапіліся адразу, то сляды не паспела занясці.
Хлопцы пабеглі па слядах, некаторыя са студэнтаў вынялі свае электрычныя ліхтарыкі. Пабегла з імі i Даша, а Мітрафан з Платонам пайшлі паціху, проста дзеля цікавасці.
«Хто ж гэта такі? — думала, бегучы, Даша. — Няўжо гэты самы Заткла, Кадрылішын паслугач?»
Уперадзе ўсіх імчаў Цімоша, ледзь не ступня ў ступню за ім бег адзін даўганогі студэнт і асвятляў ліхтарыкам сляды.
— Вунь бычок! — узрадавана і трывожна крыкнуў Цімоша, павярнуўшыся да хлопцаў i паказваючы рукою ўлева ад сябе, у бок недалёкага пасёлка.
— Гэта сабака! — не паверыў студэнт.
Але ён памыліўся: ля землямерскага слупка ў полі, па жывот у снезе сапраўды стаяў і калаціўся ад холаду Андрэішын бычок. Глянулі на сляды ад слупка, і Цімоша кінуўся ўправа, бліжэй да агародаў. Хутка ён заўважыў, што ля платоў мятнулася нешта чорнае і пакацілася па снезе ў напрамку Кадрылішынага агароду. Гэта ж самае адразу заўважыла і Даша.
— Заткла! — крыкнула яна гучным дзявочым голасам. — Забягайце яму наперад, бо ўскочыць у агарод, дык там не знойдзеце!
I толькі гэтае самае Заткла наважылася пераскочыць пляцень, як Цімоша нагнаў яго і з разгону штурхнуў у плечы. Заткла войкнула і асунулася на гэтым жа плятні, а тым, што падбеглі пазней, здалося, нібы злодзей усё ж намерваецца скочыць далей, дык некаторыя з іх таксама прыклаліся па разу.