Выбрать главу

Заткла з’ехала мордаю ў снег па той бок плятня i пачало жаласліва, па-дзіцячаму плакаць і прасіцца:

— Біце, браткі, мяне, забівайце!.. Усёроўна не жыць мне больш на свеце. Забівайце!

Голас мала быў падобны на Затклаў. Даша нахілілася над плятнём, студэнты пасвяцілі. Чалавек ляжаў ніцма, закрыўшы рукавамі твар. Са снегу тырчалі старая аблезлая шапка-вушанка, відаць, з летняга пужайла ў агародзе, і падраны кажух, падпяразаны вяроўкай. Хлопцы пералезлі цераз пляцень і ўзялі чалавека за рукі, каб падняць на ногі, але ён, стогнучы і войкаючы, вырваў свае рукі і зноў шуснуўся ў снег. Тады Цімоша ўзяў аберуч яго за галаву, перакруціў на бок, а студэнт уключыў ліхтарык.

— Васіль! — раптам спалохана i трывожна крыкнула Даша. — Вася, няўжо гэта ты?!

— Забівайце мяне, браткі, — зноў пачаў прасіцца чалавек, — канчайце на гэтым месцы, бо не хачу я больш жыць.

Гэта сапраўды быў Васіль Печка.

Усім хлопцам стала няёмка: з аднаго боку — перад імі ляжаў, усё ж такі, злодзей, якога з гарачкі можна было і выцяць і абразіць, якога трэба вось зараз жа аддаваць у рукі мясцовай улады, а з другога боку, гэта — таварыш, сябар, з якім не так даўно разам вучыліся, разам бегалі па вуліцы. Даша таксама разгубілася, не ведала, што рабіць.

— Як жа гэта ты, а? — усё пытала яна, успёршыся рукамі на пляцень. — Як жа гэта здарылася, Вася?

Прыклыпалі па гуртавых слядах Мітрафан з Платонам, убачылі, што начальства папалася, і пасунуліся моўчкі назад: далей ад граха, ад розных непрыемнасцей. Па дарозе яны забралі з сабою бычка.

Даша ўсё дапытвалася, але Печка толькі плакаў, скардзіўся на свой лёс, а ў гаворку не ўдаваўся.

— Хочаш, мы дапаможам табе дайсці дадому, — папрасіла дзяўчына, але Печка i на гэта нічога не адказаў.

Тады Цімоша, мабыць зразумеўшы, што хлопцу цяжкавата будзе рухацца сваім ходам, прапанаваў ісці на калгасны двор па сані. Усе пабеглі, а каля плятня засталася адна Даша. Яна пераступіла цераз пляцень і блізка нахілілася над Васілём.

— Давай я дапамагу табе ўстаць, га? Ты ж змерзнеш, лежачы ў снезе.

Васіль маўчаў, толькі чутно было, як ён хрыпла дыхаў і кашляў у снег.

Даша паспрабавала падняць яго і пасадзіць на пляцень, але хлапец зусім не імкнуўся ўважыць ёй, а, нібы наўмысля, шыўся глыбей у снег.

— Бок у мяне вельмі баліць, — як сабачаня, заскуголіў ён, — i няма чаго мне падымацца, няма куды ісці…Напаілі, дурня, падвялі… Ідзі, кажуць, выведзі бычка ў Андрэіхі, пакуль яна зноў не забрала яго ў сенцы. Заўтра будзе міравая закуска… Ніхто не ўгледзіць, — добра, а калі ўгледзіць, то скажы, што забіраеш на нарыхтоўку па асабістаму распараджэнню старшыні сельсавета. Я хацеў не ісці, дык што ж… Мокрут так зыркнуў на мяне, што аж у лытках стала холадна. Млынар сунуў мне ў рукі вось гэтую самую шапку i кажух, а Заткла вывеў на вуліцу.

— Не прасі мяне ўставаць, Даша, — трошкі падняўшы галаву, жаласліва гаварыў далей хлопец. — Усё роўна мне ўжо не ўстаць. Калі не капурну пасля гэтага, то сам на сябе рукі налажу. Паслухай лепш, аб чым я хачу цябе папрасіць. Не пішы ты аб гэтым Валодзю, брату майму. Не даруе ён мне гэтага ніколі, а толькі хвалявацца будзе. Лётчыку, ж, сама ведаеш, нельга хвалявацца.

— Добра, Вася, — ціха сказала дзяўчына. — Пра гэта я не буду пісаць, калі ты так просіш. Але дараваць табе сапраўды нельга.

10

Назаўтра Іванава бабулька пачала шкрабацецца вельмі рана, i пакуль Іван устаў, адзеўся, яна ўжо некуды збегала прыцемкам, нешта нават прынесла пад палою. Зірнуўшы мімаходам на кватаранта, скрыпуча закашлялася ад удушлівага смеху і паведаміла аб начным здарэнні ў Дабрасельцах.

— Злодзея злавілі, ды яшчэ якога!

Пасля гэтага прычапала да свайго вялізнага куфра, на вачах у Івана двойчы дзынкнула нутраным замком і, адвярнуўшыся, паклала ключ у нейкую там патайную кішэню.

Была ў гэты дзень нядзеля, у сельсавеце тэрміновай работы не было, дык Іван надзеў сваё паношанае палітцо, узяў з качарэжніку кіёк і пакрочыў памаленьку ў бок сваіх Дабрасельцаў. Мароз адлёг пад раніцу, і вецер уціх, дзень пачынаўся такі, што і вясна магла б яму пазайздросціць. Снег мяккі, не ліпкі яшчэ, аднак і не сыпучы. Здаецца, вазьмі яго ў руку — і не адчуеш холаду. Пад нагамі не коўзка і не вязне нага, як іншы раз пасля замеці.

«Схаджу дахаты, — думаў Іван, — спытаю там, што за здарэнне выйшла і ў сваім двары пабуду».