Выбрать главу

Калі ўжо міналася школа і пачынаўся паваротак да бяскрылых млыноў, Іван раптам пачуў, што яго нехта заве. Ён аглянуўся і ўбачыў, што па вуліцы ідзе Ілья Савіч і знакам рукі просіць пачакаць. Іван спыніўся і прыставіў да карацейшай нагі кіёк.

— Куды вы так рана? — спытаў дырэктар, падаўшы Івану руку.

— Хацеў у Дабрасельцы, — трошкі здзівіўшыся, што яго нагналі, адказаў хлапец. — А што, тут ёсць якая справа?

— Ды не, — прыязна сказаў Ілья Савіч. — Мне самому ў той бок, дык пойдзем разам.

Яны рушылі ўдвух па нікім яшчэ не кранутай дарозе. Іван стараўся прыбаўляць крок, каб не вельмі стрымліваць вышэйшага па росту i бойкага ў хадзе дырэктара, а дырэктар зусім непрыкметна, нібы толькі для таго, каб зручней было размаўляць, прыцішаў хаду.

— Хачу застаць эмтээсаўскае начальства, — гаварыў, ідучы, Ілья Савіч. — Можа яшчэ не выскачыла з дому, паколькі сёння выхадны.

— Хто яго ведае, — няпэўна сказаў Іван. — Вельмі ж любіць зайцоў ганяць, то наўрад ці дома.

— Так яно, — згадзіўся Ілья Савіч. — То за зайцам паімчалі, то за ваўком, а на месцы не застанеш. Абяцалі святло даць у школу, дык ужо каторы раз іду. Аднойчы, праўда, застаў быў дырэктара, але сакратарша ледзь пусціла ў кабінет. Электрычны званок у яе над галавою. У мяне ў школе святла няма, зімою вучні і настаўнікі слепяцца і вэндзяцца пры лямпах, а побач у дырэктара МТС электрычныя кнопкі на стале.

— Не быў я ў яго кабінеце, — заўважыў на гэта Іван, — аднак чуў, што ў яго там больш механізацыі, як у рамонтнай майстэрні. Кнопкі, званкі, вентылятары. Наш старшыня неяк пра гэта расказваў.

— Мокруту ўсё гэта па густу, — заўважыў Ілья Савіч.

— Аднаго разу сеў у папоўскае крэсла, — гаварыў далей Іван, — паклаў рукі на стол і загадаў Печку сабраць нас усіх да сябе. Прыйшлі мы, а ён сядзіць, адкінуўшыся на спінку крэсла, і абмацвае рукамі стол. «Запомніце кожны, — гаворыць нам, але не глядзіць ні на кога, — больш я не буду драць горла, завучы вас, а будзе ў мяне для кожнага званок: для цябе Печка, — адзін, для цябе, — паказвае на мяне, — два, для цябе, — паказвае на фінагента, — тры i так далей. Дагаварыўся з дырэктарам МТС — дае мне электраэнергію».

— Ды званкоў то ён нарабіў бы, — без здзіўлення сказаў Ілья Савіч. — Была б магчымасць, дык i сакратаршу пасадзіў бы за дзвярыма.

— Прышлі б вы калі-небудзь да нас на прыём, — сціпла ўсміхнуўшыся, сказаў Іван. — Толькі каб пад якім грымам і ў чужой вопратцы.

— Уяўляю я гэты прыём, — падхапіў дырэктар. — Неяк прыходзіла ў школу Даша, новыя рэкамендацыі прыносіла. Яна расказвала мне пра адзін такі прыём. Дарэчы, трэба было б ужо i вам пачынаць думаць наконт уступлення ў партыю, у кандыдаты, вядома.

— А можна мне, Ілья Савіч, вось нават цяпер падаць заяву? Як вы лічыце?

— Цяпер яшчэ ранавата, — з цеплатой у голасе, аднак цвёрда сказаў дырэктар. — Вам трэба стаць больш актыўным, навучыцца ненавідзець усякія недахопы ў нашым жыцці. З недахопамі трэба змагацца штодзённа i вельмі настойліва.

У гаворцы не заўважылі, як мінулі бяскрылыя млыны, як на фоне сіняватага ранішняга далягляду пачалі вырысоўвацца Дабрасельскія прысады.

— Тут быццам бы нейкі перапалох быў ноччу? — зусім не думаючы, што гэта мае якое-небудзь значэнне, прамовіў дырэктар.

— I я чуў, — пацвердзіў Іван. — Мая бабуля на досвітку ўсё здзіўлялася.

— Гэтая бабка ўсё ведае, — засмяяўся дырэктар, — хоць, здаецца, нікуды i не ходзіць.

Магчыма, што аб гэтым выпадку не было б больш і гаворкі, калі б на Дабрасельскай вуліцы раптам не сустрэўся Заткла. Ён выйшаў са свайго двара, не вымаючы з портак рук (варотаў у двары няма, адчыняць не трэба), пацягнуўся, пазяхнуў і пачаў углядацца спачатку ў адзін бок вуліцы, потым у другі. Відаць, у гэты момант вырашалася ў чалавека задача, куды бы гэта пайсці, які ўзяць кірунак, каб апахмяліцца ды ўхапіць што-небудзь, бо ў сваёй хаце нічога няма.

Убачыўшы здалёк двух мужчын, ён адразу павесялеў і рушыў ім насустрач, хоць яшчэ не ведаў, хто гэта ідзе. Як толькі наблізіўся і пазнаў сустрэтых, на момант засмуціўся, — з гэтымі не клюнеш, — аднак вельмі хутка знайшоў сваю ролю. Яго немалады і трохі жаўтаваты ад выпівак, аднак ледзь не спартсменскі твар адразу раз’ехаўся ў шырокую панібрацкую ўсмешку, рукі спачатку жвава заварушыліся ў портках, а потым выехалі адтуль і прыветна падняліся на ўзровень носа.

— Маю гонар, маю гонар! — урачыста загаласіў чалавек, сапхнуўшы з вачэй вялізную заечую шапку. — Я самы першы вітаю вас на нашай вуліцы!

Заткла з размаху падаў руку спачатку дырэктару, а потым Івану, прыпыніў іх гэтым сваім здароўканнем і, адразу перамяніўшы тон, спытаў: