— Чулі, таварышы?
— Пра што? — абыякава спытаў дырэктар.
— Гэта ж толькі падумаць, толькі падумаць!..
Заткла палапаў па кішэнях свае ватоўкі, нават пашарыў у адной, але выцягнуў адтуль толькі шматок бруднай ваты.
— Закурыць не маеце?
Ілья Савіч дастаў пачак папярос.
— Гэта ж проста… А, браткі мае! — працягваў абурацца Заткла i ў гэты час, не спяшаючыся, выцягваў з пачка папяросы: спачатку адну, а потым яшчэ дзве.
— Часта ў нас балбочуць, трэплюць языкамі: той вінаваты, той, Было нават — я чалавек адкрыты — было нават, што на мяне ківалі. Ажно ж бачыце, што робіцца, бачыце, адкуль рыба пачынае гнісці? Гэта ж проста ўзяць ды ў газету, ці, я ўжо не ведаю, куды.
— Аб чым жа вы гэта? — ужо губляючы цярпенне, спытаў Ілья Савіч.
— Аб чым, аб чым? — з папрокам перапытаў Заткла. — Вы яшчэ пытаеце, аб чым? А ведаеце, хто сённяшняй ноччу ўкраў у Андрэіхі бычка? Не ведаеце? Скажу, калі ласка…
Хоць i цяжка было паверыць гэтаму чалавеку, хоць цяжка было б узяць гэта на веру i ад усякага іншага, усё ж такое паведамленне вельмі ўразіла i дырэктара, і Івана. Яны ішлі далей моўчкі, таму што Заткла, які не адставаў ад іх, перашкаджаў ім гаварыць, але ў думках кожны здзіўляўся i не мог уявіць, як гэта Васіль Печка пайшоў на такі ўчынак. Ілья Савіч здзіўляўся больш за Івана. Ён памятаў Васіля яшчэ па школе, нічога дрэннага ніколі за хлопцам не заўважалася. Хіба ўжо цяпер так яго сапсавалі?
Іван больш выразна бачыў Васілёвыя слабінкі, бо не малы час працаваў разам з ім, аднак і ён адчуваў, што ў гэтым здарэнні ёсць нешта вельмі незразумелае.
Калі ля свайго двара Іван прыпыніўся, Ілья Савіч папрасіў яго даведацца, як усё гэта выйшла. Сам на сябе ён не спадзяваўся, таму што мог затрымацца ў МТС.
— Будзеце ісці назад, — сказаў ён на развітанне, — загляніце да мяне.
Заткла таксама быў пусціўся за дырэктарам, а потым, відаць, перадумаў: спыніўся ля свайго двара, засунуў рукі глыбока ў порткі i пачаў смачна, з выгібам спіны пазяхаць. Неўзабаве ён насунуў на вочы абвіслую вушанку і рушыў да двара Кадрыліхі.
Вароты ў Іванаў двор былі шчыльна зачынены, драцяны абадок нацягнуты на стаўпец. Снег як прысыпаў ноччу ўвесь гэты сэдасік, так ён прысыпаным і заставаўся: нідзе ні следа, ні якога-небудзь парушэння зімняй свежасці. Нават на клямцы дзвярэй ляжаў нікім не крануты пласток снегу. Іван абапёрся локцямі на верхнюю жардзіну варот. Жардзіна скрыпнула і трошкі ўгнулася, з яе апалі лёгкія камкі снегу. Не хацелася пакуль што заходзіць у двор, i цяжка сказаць чаму. Пракладзеш адзін-адзіны след, i потым ён будзе тырчаць на ўсю вуліцу. Зоймешся, канешне, сякой-такой работай i не паспееш сустрэцца з людзьмі, празнаць, што там здарылася з Васілём. А можа проста сумна было заставацца аднаму. Страсянуўшы вароты так, каб і з ніжніх жардзінак апаў снег, Іван да часу пакінуў свой двор. Андрэіха ўжо вярталася з фермы, калі ён падыходзіў да агародчыка, што перад яе хатай.
— ЗайдзІ, Іванка, да нас, — папрасіла гаспадыня.
Аднак не паспелі яны перакінуцца і двума словамі, як у хату ўвайшлі Мокрут і Ціхоня. Убачыўшы тут Івана, Мокрут спачатку злосна глянуў на яго, а потым размашыста прайшоўся па хаце, надзьмуў валлячок і звярнуўся да гаспадыні.
— Самагонку гоніш?
Андрэіха паглядзела на старшыню спачатку здзіўлена, а потым яе бледныя, прыморшчаныя вусны крануліся ва ўсмешку. У жанчыны мільгнула надзея, што сусед жартуе.
— Хіба я калі гнала? — без трывогі спытала яна. — Я ніколі не гнала.
— У мяне ёсць матэрыял! — грозна сказаў Мокрут. — Так што, давай не гэтае самае!.. Па чыстай совесці кажу!
Жанчына адразу змянілася ў твары, бо яна ўжо трохі ведала, што такое «матэрыял» на чалавека.
— Не гнала я самагонкі, — з крыўдай і роспаччу ў голасе сказала Андрэіха. Няма ў мяне з чаго гнаць i няма чым. Вы не туды прышлі, калі вам трэба самагонка.
— А куды нам ісці, куды? — Губы ў старшыні злосна сціснуліся.
— Вы самі ведаеце, хто гоніць самагонку.
— А хто, ну хто?. — Мокрут ступіў да Андрэіхі з такім выглядам, быццам хацеў прыгнясці яе, маленькую і бездапаможную, сваім калючым зрокам, галавою ў хромавай шапцы, шырокімі, крыху сутулаватымі плячамі. — А хто? Скажы!
«Ваша радня», — хацела сказаць Андрэіха, ды не асмелілася, адвяла вочы, і яе зрок міжвольна ўпаў на акно, якое выходзіць у бок Мітрафанавага двара.
— Яны, ты хочаш сказаць? — закрычаў Мокрут. — Яны? Што ж, паглядзім! — I, павярнуўшыся да Ціхоні, загаварыў з ім па-сяброўску. — Ты разумееш, мяне проста мучыць пачынае гэты двор. I дэпутатка ў хаце, i гаспадар, здаецца, чалавек наш. Праўда, царкоўны стараста ў мінулым, але ж гэта цяпер ужо не мае такога значэння. Ледзь не кожны дзень у мяне ўсё новы матэрыял на гэтых людзей, а тут яшчэ, чуеш, вось заяўляе чалавек, што i самагонку гоніць мая дэпутатка.