Выбрать главу

— Я нічога на іх не сказала. — Спалохана загаварыла Андрэіха. — Як вам не сорамна? Хіба я што сказала на іх?

— Ладна, не будзем! — пагардліва ўсміхнуўшыся, кінуў старшыня i нават не павярнуў галавы да жанчыны.

Андрэіха паімкнулася яшчэ нешта сказаць, выгаварыць Мокруту ўсю сваю крыўду, але ў гэты момант старшыня са знявагай лыпнуў на яе і цераз плячо сказаў:

— Чуткі пайшлі, што ў цябе нехта бычка ўкраў на закуску. Праўда гэта?

— Бычок мой у сенцах, — разгублена сказала жанчына. — Ноччу перавяла з хлява.

— Што? У сенцах? А ну, пакажы!

Мокрут паспешна адчыніў дзверы ў сенцы і махнуў рукою Ціхоню.

— От i вер людзям! Бачыш? Стаіць тут сабе, лысы д’ябал, а пра яго вунь ужо якія плёткі пайшлі. Дык кажаш, ніхто i не спрабаваў яго вывесці?

Андрэіха змаўчала.

— Вось гэта матэрыял! — задаволена ўсклікнуў старшыня. — Пад суд трэба за такі паклёп. Ачарніць людзей, арганізаваць пабоішча… Ну, вось што! — ён ледзь толькі аглянуўся на гаспадыню. — Вобыску ў цябе сёння рабіць не будзем, я там яшчэ раз праверу матэрыял. Лысага ж гэтага беражы, гадуй. Калі хто што спытае пра яго, раскажы так, як нам расказала, калі хто паглядзець захоча, пакажы. I не слухай надта гэтую тваю суседачку. Дэ-эпута-а-тку… Харошы бычок, спраўны. Найлепшая была б закуска. Праўда?

Задаволена глянуўшы на Ціхоню, старшыня весела засмяяўся, пагладзіў лысага па спіне і выйшаў з сянец. Ужо ледзь не каля самага агародчыка спыніўся, успомніў пра Івана, відаць таму, угледзеў праз адталую шыбу яго здзіўлены твар.

— Ідзі сюды! — махнуў яму рукою.

Іван выйшаў, падняў на старшыню вочы, поўныя абурэння i нянавісці.

— Ты чаго тут?

— Ды вось, зайшоў праведаць, пагаварыць.

— Вось што!.. — апусціўшы па-вайсковаму рукі, грозна сказаў старшыня. — Ты не надта тут!.. Разумееш? Каб ніякіх тут спачуванняў і лішніх слоў. А то твая божая гаспадынька таксама цісне самагонку, дык каб не прышлося аддувацца кватаранту. Зразумеў?

— Вы не вельмі тут палохайце! — сказаў Іван і рашуча ступіў крок бліжэй да Мокрута. Той падаўся крыху назад.

Адчыніўшы калітку, Ціхоня нецярпліва паглядваў на старшыню i варушыў тоўстымі, свежымі губамі, нібы збіраючыся сказаць штосьці вельмі рэзкае і непрыемнае. Мокрут падышоў, не заўважыўшы гэтага, выціснуў перад сабою ўчастковага, а потым так бразнуў каліткаю, што снег пасыпаўся не толькі з варотаў, а нават і з агарожы. Ідучы па вуліцы, ён хацеў пачаць гаворку пра гэтага свайго «кульгавага начальніка» і на ўсякі выпадак сёе-тое паведаміць пра яго, але раптам убачыў перад сабою Дашу і спыніўся, як аслупянелы. Дзяўчына ішла, відаць, да суседкі, таму не была цёпла апранута, а толькі пуховы ша — лік, як і раней, быў накінуты на галаву і лёганька закручаны на шыі. Спыніўшыся, Мокрут хоць і раптоўна і неяк падсвядома, але ўсё ж падумаў, што i Даша павінна супыніцца, ды не збыліся яго спадзяванні. Дзяўчына як ішла шпаркім руплівым крокам, так i пайшла далей, толькі паздароўкалася з мужчынамі коратка і паспешліва. Роўнае i прыгожае ступанне яе суправаджалася лёгкім парыпваннем снегу.

Ціхоня пакрочыў далей, зрабіўшы выгляд, што не жадае цікавіцца чужымі інтымнымі справамі, а Мокрут усё не сходзіў з месца, нібы зачараваны, глядзеў услед дзяўчыне. Раптам, нібы перавярнулася нешта ў яго ў нутры, згінула некуды, быццам патанула яго злосць на Андрэіху, на Івана, агіднымі сталі ўсе гэтыя выдумкі пра нейкія незвычайныя матэрыялы, пра самагонку. Хацелася вось толькі глядзець на ражок Дашынага шаліка, які трошкі варушыўся ад ціхага ветру, ісці за ёю і нават ступаць у гэтыя маленькія роўныя сляды. Вось яна прайшла, нічога дрэннага не сказала, нават глянула быццам не злосна, без калючак, а што было сказана вось толькі што на яе?

I кім было сказана? Каб гэта хто чужы, пабочны, каб гэта які ненавіснік? А то ж — чалавек, які не адзін раз прачынаўся ноччу з думкай аб ёй, для якога, часта здавалася, не было нікога больш блізкага.

I калі б гэта яшчэ праўда была сказана, калі б усё гэта рабілася дзеля дабра, дзеля справядлівасці.

Вось яна зараз прыдзе да Андрэіхі, аб усім даведаецца. Калі Андрэіха ёй не раскажа, дык Іван раскажа. Чорт яго прынёс якраз жа на гэты час. I, напэўна, здзівіцца дзяўчына, засмуткуе ад такой нечаканасці. Усяго было раней, а такога, каб узводзіць хлусню на свайго, нават любімага чалавека, яшчэ не было.