Мокрут глянуў уздоўж вуліцы, у той бок, куды пайшоў Ціхоня, аднак яму зусім не хацелася даганяць яго. Думкі ішлі ўсё за Дашай. На момант нават з’явіўся намер махнуць рукою на Ціхоню, на ўсё недарэчна службовае і вярнуцца ў хату Андрэіхі, стаць на калені перад гаспадыняй i перад Дашай. Няхай бы яна ведала, як баліць у яго вось цяпер на сэрцы, няхай бы ведала, што каб магла дараваць яму ды змаўчаць пра выпадак мінулай ночы, то, пэўна, ужо ніколі б ён, старшыня Чырвонамакаўскага сельсавета, не саступіў бы з простага людскога шляху.
«А можа, — раптам падумалася яму, — адмовіцца ад усяго гэтага, сціснуць душу ў кулаку ды пайсці дадому? Там усё-такі жонка, ужо каторы дзень нездаровая ды вельмі задумлівая. Сядзіць, нічога не гаворыць, нават не крычыць, не злуецца, а толькі ўсё нешта распорвае ды сшывае нанава. Яшчэ не так скора быць ёй маткай, а ўжо, мабыць, рыхтуецца…»
Паімкнуўся старшыня нават ступіць у бок свайго двара, ды ўсё ж такі не хапіла ў яго рашучасці. Пастаяўшы яшчэ з хвіліну, ён квола павярнуўся, наставіў скураны каўнер і пакрочыў услед за Ціхонем.
11
Даша зайшла ў хату якраз на пачатак размовы. Андрэіха стала расказваць Івану пра начную трывогу, скардзілася, што ўсю гэтую ноч не спала, аднак жа сутнасць справы старанна абыходзіла, нібы сама пра яе нічога не ведала. Даша адразу ўлавіла гэтую нотку суседкі.
— Хіба вы баіцеся Івана? — здзіўлена спытала яна.
— Чаго мне баяцца, — сказала на гэта Андрэіха. — Свой жа ён. От кажу, што не спала ўсю ноч, напалохалася, бо нехта ў хлеў лазіў. А хто — чорт яго мацеру ведае.
— Сказала ж я вам яшчэ ўчора, хто лазіў і чаму.
— А я не вельмі прыслухалася, сказаць па-праўдзе.
— Няўжо вы i гэтым нічога не сказалі? — Даша зняважліва паказала рукой на тое акно, што выходзіла на вуліцу.
— А што мне было ім гаварыць? Мокрут пра самагонку пытаўся.
Тады Даша пачала расказваць Івану ўсё па-парадку, а гаспадыня толькі моршчылася, слухаючы.
— Аж страшна робіцца, — сказаў Іван, — каб не ад цябе чуў, то не паверыў бы. Як жа гэта вы, цётка Настуля. Га? Чаму вы змоўчалі перад Мокрутам, не сказалі нават пра яго віну? Спужаліся крыкаў?
— А то і спужалася! — рэзка прамовіла Андрэіха. — Думаеш, не? Спужаецца на маім месцы кожны, бо вы яшчэ не ведаеце, чаго можа нарабіць гэты чалавек. — Яна падышла бліжэй да Дашы. — Табе мо таксама не трэба было б з ім лішне чапацца. Твой бацька не мала перажыў. I пэўна з-за яго.
— Што ні было i што ні будзе, — рашуча сказала дзяўчына i тужэй зацягнула на сабе шалік, — а я не спалохаюся Мокрута! I нікога не спалохаюся! Калі бачу якую несправядлівасць, дык у мяне кіпець у сэрцы пачынае, і нішто тады не страшна.
— Бо ты яшчэ маладая, — змрочна глянуўшы на дзяўчыну, сказала Андрэіха. — А мне як жа?.. От кажа чалавек — «матэрыялы». А чорт яго бацьку ведае, што там у яго за матэрыялы! Можа зноў што…
— Ды ніякіх матэрыялаў! — упэўнена заявіў Іван. — Гэта ў яго ўжо хвароба нейкая — палохаць людзей. Ён і ў сельсавеце так. А глянеш потым, праверыш, дык нічога і няма.
— Зло чалавеку зрабіць не цяжка, — адстойвала сваё гаспадыня. — Калі ў яго толькі кепскае на вуме, то лепш сыйсці такому з дарогі, лепш пераступіць. Няхай ідзе ліхое, пакуль само дзе не ўваліцца ў якую яму, не згіне.
— Заткла п’яны быў уваліўся ў Кадрылішын калодзеж, — смеючыся, сказала Даша. — Аднак жа, што з гэтага? Прачухаўся там, вылез ды адразу зноў напіўся. Не, цётка Настуля, калі ўсякаму ліху ўступаць дарогу, палохацца яго, то ўсё жыццё можа прапасці. Тады сумленнаму чалавеку хоць i не радзіся.
— Хто яго ведае, як яно… — уздыхнуўшы, заўважыла гаспадыня. — Вось мой Андрэй, нябожчык, не ўступаў; гэтак жа, як i ты цяпер, не любіў усялякай няпраўды, калаціўся ад яе. А траха не памёр потым ад гэтага. А Заткла, як ты ўпамянула, век праўдай не жыў, але нічога, відаць, ён не шкадуе, што такім нарадзіўся. Людзі ў вайну гаравалі, мучыліся, а ён і тады пасвістваў, ходзячы па вуліцы.
— Цяпер таго ўжо не будзе, — задумліва прамовіў Іван, а Даша, падтрымаўшы яго, пачала даводзіць гаспадыні, што добрых, харошых людзей больш, i таму добрае і харошае ў жыцці бярэ верх.
— Вось i нябожчык дзядзька, — узрушана працягвала дзяўчына. — Калі б не добрыя людзі, то наўрад ці вылез бы ён з бяды.
— А праз каго? Праз каго мы так пагаравалі. Ведаеце? — Андрэіха ўзмахнула рукамі, голас яе задрыжаў. — Маўчала я, але калі ўжо так сёння зайшла гаворка, то скажу вам абаім. Мокрут падаў хлусню на Андрэя, мы яшчэ тады пра гэта ведалi!
Цётка Настуля яшчэ доўга расказвала пра ўсе падрабязнасці таго жудаснага выпадку, а Даша з Іванам у вялікім здзіўленні слухалі i ўжо больш не перабівалі яе, не спрачаліся. Гэта, канешне, не азначала, што яны згадзіліся з думкай Андрэіхі аб непатрэбным асцератанні ў жыцці. Згаджацца тут не было чаго. Яны проста ад здзіўлення і нечаканасці маўчалі, ды ад сардэчнага спачування жанчыне, якая перажыла гэтулькі пакут. Потым Даша глыбока задумалася i падышла да акна. Дзяўчына стаяла нерухома, прытуліўшыся скроняй да шалёўкі, i хлопцу ўявілася, што яна цяпер успамінае сваё далёкае мінулае, наколькі яна яго памятае па даўніх расказах людзей: колішнія пакуты бацькі, смерць матулі ў часе фашысцкай блакады. Пра смерць Дашынай маці Іван адразу мог падумаць, бо гэта адбывалася на яго вачах i пры яго асабістым цяжкім горы. У той жа самы час i на тым жа самым балотным астраўку пахавалі тады i яго матулю. На шчасце, Андрэіха тады неяк вытрымала, засталася ў жывых. Яна i дапамагла Мітрафану ўратаваць сваіх меншых дзяцей: Дашу і Цімашка.