Выбрать главу

Ці мала аб чым можна цяпер падумаць, ці мала што можа вострым болем апячы дзявочую душу? Мокрут — амаль што сусед, толькі праз двор жыве. Увесь час адносіўся да яе з павагай, i нават бацька нічога асабліва кепскага не гаварыў пра яго. Магла Даша меркаваць, адчуваць душою, што Лявону па натуры выпіць, накрычаць на каго-небудзь, пусціць на чалавека мянушку, злосны анекдот, а пра такое, аб чым яна сёння пачула ад Андрэіхі, нават i не снілася ніколі.

Затым, вось яшчэ Васіль. Можа яму i выжыць цяжка будзе, а як тут даказаць чыстую праўду, каб выратаваць чалавека ад пакутаў i ганьбы? Калі Мокрут такі, то ён абавязкова пастараецца выгарадзіць сябе. А хто такі Васіль для Дашы?..

Іван заўважыў, што на дзявочыя рукі, складзеныя адна на адну на падаконніку, упала слязіна. Заўважыў, як здрыганулася Даша, адчуўшы на пальцах гэтую слязу, і падаўся да дзвярэй. Ён падумаў, што яму лепш пайсці адсюль, а суседкі няхай душа ў душу пагавораць між сабою, няхай нават выплачуцца, калі ад гэтага ім стане лягчэй. Аднак Даша адразу спыніла яго:

— Пачакай, Іван, пойдзем разам! Пойдзем да Ільі Савіча, раскажам яму ўсё, усё!

— Пойдзем, — згадзіўся Іван. — Толькі я загляну яшчэ ў свой двор, там трэба мне паглядзець сёе-тое.

Ідучы ў двор i нават ужо ходзячы па двары, Іван усё не мог адагнаць ад сябе цяжкія думкі пра Мокрута, пра чалавека, з якім некалькі год працаваў, якога быццам бы і ведаў, і нібыта зусім не ведаў. Успомніўся выпадак з мінулай восені. Ехаў аднаго разу Мокрут з раёна, Іван быў у яго за фурмана. Дарога размокла, конь ледзьве плёўся па гразі. Даехалі да мастка i тут уваліліся зусім: вядома, якія на тэрыторыі Чырвонамакаўскага сельсавета масты. Мокрут загадаў выпрагчы каня, сеў верхам і паехаў у вёску збіраць на дапамогу людзей, а Іван застаўся сцерагчы драбінкі i вупраж. Час хіліўся ўжо к вечару. Вёска была не так блізка ад дарогі, аднак Іван разлічваў, што калі старшыня адразу знойдзе людзей, то да добрага змяркання можна будзе вылезці з канавы. Але ж праходзіла гадзіна, другая, а старшыні ўсё не было. Хлопца і прабіраць ужо стала: з нялеснага боку падуваў вільготны вецер і пранізваў асенняе палітцо, падстуджваў калені. Добра, што салома ў драбінках была. Іван залез у драбінкі, урыўся, як мог, у салому і стаў чакаць далей. Ужо зусім сцямнела, цішыня запанавала на дарозе, толькі зрэдку даносіўся тужлівы шум недалёкага лесу ды вада маркотна булькала пад калёсамі. Трохі ўгрэўшыся, хлапец пачаў злёгку падрэмваць, а потым і добра задрамаў, бо калі пачуў голас чалавека, то здрыгануўся ад спалоху.

— Хто тут? — пытаў чалавек.

— Я, — паспешна адказаў Іван.

— Хто ж гэта «я»?

— А-а, гэта вы, Павел Паўлавіч?

— Ну, вось і пазнаў. А ты быццам бы Дабрасельскі, так?

— Так, Павел Паўлавіч, ён самы.

— Бачу, быццам бы, драбінкі Мокрутавы, але ж у цемнаце чорт яго разбярэ. А дзе ж Мокрут?

— Паехаў верхам у вёску, — адказаў Іван, прыўзняўшыся на локцях, — абяцаў людзей прывясці, ды вось няма.

— Даўно паехаў?

— Яшчэ да захаду, гадзін з чатыры ўжо.

— То няма чаго і спадзявацца, — упэўнена сказаў Павел Паўлавіч, — не прыедзе ўжо да відна. У цябе там ёсць што-небудзь пад бокам?

— Салома, — адказаў Іван i, бачачы, што інструктар падбіраецца да драбінак, адсунуўся на самы край і выграб з-пад сябе большую частку падсцілкі.

— I мне ўжо ісці далей не надта пад сілу, — гаварыў Павел Паўлавіч, трымаючыся на хаду за аглоблю, якая тырчала з канавы, нібы зенітка. — Ногі ўжо не тыя. Бывала, хадзіў, і ездзіць, праўда, даводзілася, а цяпер — не тое. — Ён паслізнуўся ў гразі і ледзь не з’ехаў у канаву; цяжка засоп пасля гэтага і закрактаў. Іван устаў, каб дапамагчы яму.