Улезшы ў драбінкі, інструктар зняў з сябе шырокі брызентавы дажджавік, уладкаваўся ў саломе і задаволена ўздыхнуў.
— Хочаш, і цябе дажджавіком накрыю, — прапанаваў ён Івану, — ды аддыхнем да відна, а там прыдумаем што-небудзь. Не прыдзе Мокрут, дык і чорт яго бяры, самі дамо рады з павозкай, гэта ж не грузавік. Я ўжо цябе не пакіну тут аднаго. Што там у нагах цвёрдае?
— Хамут, — удзячна адказаў Іван.
— Давай яго сюды, — папрасіў Павел Паўлавіч.
Іван падаў інструктару хамут, а той падклаў яго сабе пад галаву i з поўнай асалодай выцягнуўся.
— От цяпер мудрэй, як у гасцініцы, — прамовіў ён. — Я люблю, калі трохі канём пахне. Некалі служыў у кавалерыі, дык вось засталося на ўсё жыццё. А Мокрута ты не чакай, — ужо не надта ахвотна працягваў Павел Паўлавіч, бо, відаць, стомленасць брала сваё. — Ты яшчэ не ведаеш, што такое Мокрут? Канешне, не ведаеш. I Печка, твой дружок, таксама не ведае.
Пасля гэтага інструктар сказаў яшчэ нешта пра салому, пра свой вельмі патрэбны ў дарозе дажджавік, парадаваўся, што Мокрут забраў каня, а то б прышлося выцягваць з-пад сябе салому, і заснуў. Спаў ён, аднак, не доўга, відаць, узрост ужо добра адчуваўся, ды i хамут усё-такі быў пад галавою, не падушка. Павярнуўся на бок, прыціх, пэўна, хочучы заснуць яшчэ, але сон ужо адляцеў некуды, не так то лёгка заснеш. Нейкі час Павел Паўлавіч маўчаў, потым заўважыў, што Іван таксама не спіць, i гэта яго здзівіла: «Малады хлопец i не спіць. Чаго ж гэта ён?»
— Можа табе холадна? — спагадліва запытаўся інструктар.
— Не, нічога, — адказаў Іван. — Добра, што хоць зверху не лье.
— Ды яно сапраўды, — згадзіўся Павел Паўлавіч, — калі б лупянуў добры дождж, то цяжкавата было б, хоць i брызент у нас. Заўважаю, што быццам бы перажываеш ты; відаць, саромеешся перада мною сваёй сённяшняй ролi. Так? А я табе скажу на гэта, што калі ты не саромеўся быць Мокрутавым фурманам, то не саромейся быць і вартаўніком. I наогул няма чаго саромецца. Трэба адчуваць заўсёды, што ты сам па сабе з’яўляешся чалавекам, i трымаць спакой на душы. Я ўжо даўно так жыву. От начую я сёння ў Мокрутавых драбінках, лічы, што пад мастом, хамут у мяне пад галавою, а спакойны. Чаму я спакойны? Таму што ведаю: нічога ад гэтага мне ні прыбавіцца, ні ўбавіцца. Якім быў я чалавекам, такім і буду. I вакол мяне ад гэтага нічога не зменіцца. Спаў бы я сёння на мяккай пярыне, на кватэры, скажам, у самога старшыні райвыканкома, — было б тое самае.
Павел Паўлавіч паправіў брызентавую накідку на сабе i на Івану, падклаў руку пад нябрытую шчаку і, адчуўшы, што хлопец хоча яго слухаць, пачаў гаварыць далей.
— Я разумею, што табе цяжка быць такім, хоць спакойнасці ў цябе, быццам бы, таксама мнагавата. У маладосці i я быў іншым. Ды дзе там, у маладосці! Яшчэ пяток год таму назад у мяне была зусім другая натура. Вось як у гэтай вашай дэпутаткі. Як яе?..
— У Дашы, — падказаў Іван.
— Але, у Дашы. Угледжу, бывала, дзе які непарадак, жыць не магу, пакуль не ўмяшаюся. Быў жа я некалі i старшынёй райвыканкома, і ў вобласці працаваў. I цяпер я толькі вось запісную кніжку пры сабе нашу. Калі ўжо вельмі што прыпячэ, дык выму, запішу. — Інструктар заварушыўся, памацаў вольнай рукой бакавую кішэню. — Ці тут яна ў мяне, гэтая кніжка? — занепакоіўся ён. — Ці не згубіў часам?
Пасля гэтага зноў пачаў гаварыць, нібы разважаць сам з сабою:
— Ты думаеш, я не ведаю, не бачу навылёт вашага Мокрута? Ведаю, бачу, але, прызнацца табе, адварочваюся ад усяго гэтага. I вас абодвух я ведаю, — чамусьці засмяяўшыся, прадаўжаў Павел Паўлавіч. — I цябе, i Печку. Памятаеце, як з месяц таму назад вы чакалі старшыню аблвыканкома? Печка ўсю ноч драіў падлогу ў сельсавеце, ты насіў ваду. Знайшлі недзе каўровую дарожку, паслалі ў Мокрутавым кабінеце, i Печка суткамі наглядаў, каб яе не ўкралі. Мокрут выдаў старому конюху боты, каб не брыдка было выехаць з ім, калі раптам начальства захоча пракаціцца ў павозцы. Не мог жа ён тады цябе браць за фурмана, начальства магло за гэта не пахваліць. Надзеў конюх новы абутак, два дні панасіў, а потым, калі высветлілася, што старшыня аблвыканкома не прыедзе, Мокрут адабраў у старога боты.
Я тады неўпрыкметку наглядаў за ўсімі вамі і пасміхваўся. Печка аж штаны падраў, выскрэбваючы падлогу. А старшыня аблвыканкома i не збіраўся ехаць сюды, гэта я пусціў такую пагалоску.
Павел Паўлавіч яшчэ доўга гаманіў пад брызентам, а потым зусім нечакана заснуў. Іван стараўся ўсяму верыць, пра што чуў ад гэтага пажылога чалавека, але падчас закрадвалася i сумненне наконт таго, што было сказана пра Мокрута. Аб гісторыі з конюхавымі ботамі Іван чамусьці не ведаў.
Сумненне і блытаніна ў думках з’яўляліся і потым, жылі яны, бадай, да сягонняшняга дня, вось да нядаўняй размовы з Андрэіхай. Мабыць, таму і ўспомнілася цяпер доўгая начная гамонка з Паўлам Паўлавічам. Лявон Мокрут уяўляўся чалавекам незразумелым, хутчэй за ўсё нікчэмным, хоць i з такім аўтарытэтным валлячком і ўнушальным голасам. Страшна было падумаць, як гэта заўтра зайсці ў сельсавет ды сустрэцца з ім, ды яшчэ выконваць яго загады.