Выбрать главу

Івану цяжка было за сябе, а яшчэ больш за Васіля Печку, у якога нават ніколі i не варухнулася ў галаве, каб не паслухаць Мокрута. Ён то сам, начальнік вайскова-ўліковага стала, усё ж часамі не выконваў суровыя загады, — не хадзіў пілаваць дровы старшынёвай жонцы. Гэта трошкі падбадзёрвала, аднак не збаўляла душэўнай крыўды i болю. Хлопец блукаў па сваім садку, мераў глыбокі снег, і сам добра не ведаў, для чаго. Адсюль добра быў відзён новы дом Шулава, жоўты, нібы з воску. Каля ганка ўзвышаўся стос цынкавых начовак. Гэта старшыня калгаса будзе перакрываць сваю будыніну: здыме звычайную бляху і пакладзе цынкавую. Колькі каштавалі калгасу гэтыя начоўкі?

Раптам Івана пацягнула выйсці на вуліцу, знайсці ў Дабрасельцах Шулава і ў вочы задаць яму гэтае пытанне. Але каля варот зноў паказалася заечая шапка Затклы, i хлопец спыніўся. Не хацелася яму сустракацца з гэтым чалавекам. Угледзіць, прывяжацца, i не адчэпішся ад яго да вечара. Калі няма ніякіх навін, то будзе расказваць сваю, на яго погляд, вельмі незвычайную біяграфію: колькі разоў дзе быў i колькі разоў яго адтуль выганялі, колькі разоў жаніўся і чаму цяпер няма ні жонкі, ні дзяцей, а толькі старая цёшча стогне на печы.

«Няхай шукае Мокрута, — падумаў Іван. — Той можа паслухаць яго біяграфію».

Іван вярнуўся ў садок, успомніў, што трэба агледзець прышчэпкі, можа, абвязаць іх лепш, каб не пагрызлі зайцы. Агледзець, ды хутчэй да Ільі Савіча, а то Даша, пэўна, не дачакаецца, пабяжыць адна. Можа так выйсці, што і Андрэіха пойдзе з ёй.

Пад старой бэрай стаіць вулей-калода. Ледзь не да палавіны ён занесены снегам. Хлопец спыняецца перад гэтым вуллем, нечакана для сябе задае пытанне, ёсць тут цяпер пчолы, ці не? Можа адсыпаліся ад марозу? Ён становіцца ў снег каленямі, прыкладае вуха да заткнутага саломаю лятка. Нічога, канешне, не пачуеш зімой, але яму здаецца, што пчолы бесперапынна варушацца, грэюць адна адну. Успомнілася, як некалі нябожчык-бацька вось гэтак жа станавіўся перад гэтым вуллем на калені, толькі не зімою, а ўлетку, калі трэба было падглядаць пчол. Ён кожны раз вельмі старанна ўмываўся перад гэтым, надзяваў чыстую рубашку і быў заўсёды такі вясёлы, што радасна было глядзець на яго. Іван наглядаў за бацькавай работай здалёк, бо падысці баяўся: маглі пчолы ўджаліць. З першай падрэзкі бацька прыносіў яму светлы квадрацік свежага пахучага мёду. Хлопчык браў яго ў губы, i здавалася, што ўсё навокал пачынала спяваць, а сонца над бэрай іскрылася золатам.

Над бэрай i цяпер стаяла сонца.

12

У малых гадах Васіль Печка быў слабаваты здароўем, хоць i вяртлявы, непаседлівы. Не надта вылюднеў i падросшы, таму не пайшоў далей вучыцца пасля дзесяцігодкі i не быў прызваны ў армію. Лявон Мокрут, як чалавек з пэўным вокам на патрэбных яму людзей, заўважыў у хлопцу перш за ўсё схільнасць выконваць усё, што яму ні скажаш, затым — стараннасць у рабоце, найлепшы почырк і іншыя, вядома, адметныя якасці. I сапраўды, Васіль працаваў самааддана. Кожны дзень ён пехатою абходжваў паўсельсавета, быў у Мокрута не толькі сакратаром, a і кур’ерам, выканаўцам розных асабістых даручэнняў. У апошнія часы хлапец асабліва многа бегаў па вёсках, па пасёлках, падганяў розныя справы, згладжваў тое, што было не зусім гладкім, бо набліжалася такая сесія, дзе Мокруту трэба было рабіць справаздачу. Сама сесія то яшчэ нічога, Мокрут разлічваў правясці яе гладка. Але на гэтую сесію можа, як гром з неба, зваліцца раённае начальства, дык тут ужо трэба паварушыцца. Васіль туды, Васіль сюды! Печка, зрабі опісь, Печка, зрабі па сто грамаў! Сакратару бегатні нямаведама колькі, а тут яшчэ і выпіць даводзіцца амаль што кожны дзень. Іншы раз Васіль i рад быў бы адмовіцца ад гэтай выпіўкі, або ўзяць толькі для прыліку, не поўную мерку. Але ж што скажа на гэта Мокрут? Каму ж гэта хочацца паказваць сябе нейкім блазнюком? Да таго ж, і звычка ўжо ўбіралася ў сілу.

Так падкасіліся ў хлапца і тыя сілы, што былі. Для здаровага лайдака, ды яшчэ не цвярозага, нічога не значылі б тыя вельмі спагадлівыя штуршкі, якімі надзялілі Васіля хлопцы ў тую недарэчную ноч. Не пашкодзіў бы таму лайдаку і не надта доўгі адпачынак у снезе. А вось сакратару Чырвонамакаўскага сельсавета ўсё гэта вельмі пашкодзіла. Трохі яго штурхнулі, трохі паляжаў, разагрэўшыся, у снезё, пакуль хлопцы прывязлі сані, галоўнае ж — ператросся чалавек, перапаліў нервы і не ўстаяў пасля гэтага, захварэў.