Выбрать главу

Даша кожны дзень прапытвала пра Васіля, амаль кожны дзень намервалася ісці да Печкаў у хату, але ўсё неяк адкладвала, хоць з цяжкім болем у душы. Не лёгка было рашыцца на такое наведванне. Ніколі ў сваім жыцці яна не была ў Печкаў, ніколі блізка не сустракалася са старой Аксінняй, Васілёвай маткай, а толькі чула, што жанчына гэтая крутога нораву, вельмі вострая на язык і не раз прабірала Валодзю за тое, што абмінуў і сваіх, і гарадскіх дзевак ды знюхаўся вунь з нейкай цялятніцай.

Крыўдна было ўспамінаць і думаць пра гэта, але ўсё ж такi дзеля справядлівасці, дзеля сапраўднай чалавечай дружбы дзяўчына адважылася пайсці ў Чырвоныя Макі. Выйшла аднаго дня вельмі рана, адразу пасля таго, як з большага ўправілася на ферме. У Чырвоных Маках яшчэ толькі дымы валілі з каміноў і вучні беглі ў школу, калі яна падыходзіла да Печкавага двара. Ужо з вуліцы заўважыла, што Аксінні няма дома: дзверы ў сенцы зашчэплены і з двара пайшоў свежы след. Спачатку хацела вярнуцца, а потым выпадкова глянула на комін i ўбачыла, што адтуль яшчэ цэдзіцца рэдкі дымок. «Юшка не зачынена, — падумала Даша, — значыць гаспадыня недзе каля дому».

Сапраўды, неўзабаве Аксіння выйшла з чужога двара i, асцярожна ступаючы па коўзкай сцежцы, накіравалася да свае хаты. У руках яе былі два вялікіх вядры, да самых берагоў напоўненыя вадою.

Дзяўчына пайшла ёй насустрач.

— Дайце я вам памагу, цётка, — весела сказала яна i працягнула руку да почапкі аднаго вядра.

— Не трэба… я сама, — пераводзячы паміж словамі дух, загаварыла жанчына. — Гэта ж… калодзеж замёрз… у тыя маразы… што былi. Ды i снегам занясло… А пачысціць няма каму… Адна засталася.

I толькі цяпер яна на нейкі момант адарвала свой позірк ад сцежкі i агледзела Дашу.

— А вы чые ж гэта будзеце? — прыязна спытала яна. — Нешта не пазнаю.

— Ды я не адсюль, — пачынаючы трывожыцца, адказала Даша. — Я з Дабрасельцаў.

— З Дабрасельцаў? — нібы не верачы, перапытала жанчына. — А чыя ж усё-такі?

— Мітрафанава, — адчуваючы, што набліжаецца цяжкая хвіліна, сказала Даша. — Я прышла праведаць вашага Васіля.

Аксіння паставіла вёдры на снег, спачатку глыбока ўдыхнула ў сябе паветра, а потым, нібы шуфлем, сыпанула на Дашу мноства непрыемных і крыўдных слоў:

— Дзякую табе, дзякую, што ўважыла… Прыбіўшы хлопца, то можна i праведаць… Канешне… Вельмі рады мы твайму праведанню… Чакалі, ледзь дачакаліся… Вось i Валодзя прышле табе падзяку за брата… Канешне!..

— Што вы, што вы гаворыце? — у абурэнні пытала дзяўчына. — Цётка Аксіння, гэта ж усё няпраўда. Я хацела вам расказаць, як усё было. Я якраз ратавала Васіля.

— Ратава-ала… — злосна паўтарыла Аксіння. — Як гэта ты ратавала? Што не біла сама? Даволі таго, што твой брацік біў пад тваю каманду. Мокрут быў у мяне, усе расказаў.

«Мокрут ва ўсім і вінаваты», — хацела сказаць Даша, але жанчына нервова i роспачна замахала на яе рукамі, заплакала i неяк залішне жвава ўхапілася за вёдры.

— Няма ўжо Васіля дома, — плачучы, сказала яна, калі ўвайшла ў двор. — Няма. Завязлі ўчора зранку ў бальніцу.

— Праўда?! — Даша кінулася ўслед за цёткай Аксінняй, але тая з наўмыснай спрытнасцю зняла з прабоя зашчапку, пераставіла цераз парог вёдры і зачыніла за сабою дзверы.

З болем і пякучай крыўдаю ў сэрцы саступіла Даша з пасыпаных попелам усходцаў. Міжвольна глянула на вуліцу, ці не ідзе хто, ці не бачыць яе такой ганьбы, такога цяжкага, несправядлівага сораму. Каб была якая-небудзь асобная сцежка, па якой можна было трапіць дадому, не выходзячы на вуліцу, Даша, напэўна, пайшла б гэтаю сцежкаю. Няхай хоць праз лясы, праз балоты, абы толькі людзей не сустракаць, не паказвацца нікому. Такога горкага, бездапаможнага адчування, здавалася, яшчэ ніколі не было.

Ухутаўшы шарсцяной хусткай твар, яна квола пайшла да варот, потым вярнулася, падышла да калодзежнага вочапа. Нізкі і пахілены зрубчык сапраўды ледзь не ўвесь быў замураваны намараззю. У ім віднеўся круглы і слізкі праём, але такі, што вядро не пройдзе. Даша марудным паглядам акінула двор. Ёй хацелася знайсці што-небудзь пад руку: рыдлёўку, сякеру ці які-небудзь прут. Але ў двары нідзе нічога не было. Падобна было на тое, што нават i палена дроў на сэдасе няма. Ходзіць, пэўна, жанчына, выпрошвае, пазычае.

«Два сыны ў мацеры, — сумна падумалася Дашы. — Аднаго даўно няма дома, а другі, відаць, не меў часу памагаць старой каля хаты. Нялёгка жылося мацеры, а тут яшчэ гэты цяжкі, незвычайны выпадак».