— I Ціхоня з імі хадзіў? — крыху ажывіўшыся, спытала Даша.
— Не, — заківаў галавою Іван. — Ціхоня толькі адзін раз быў, а больш не пайшоў. Наш фінагент яго замяніў. У гэтага нюх добры.
— А дзе ж сёння Мокрут? — раптам аглянуўшыся на ўваходныя дзверы, пацікавілася Даша. — Ці ён па раніцах у сельсавеце не бывае?
— Бывае, — сказаў Іван, — але сёння, мабыць, паехаў нечага ў раён. Збіраўся ўчора, ганяў тут фінагента.
— Слухай, Іван! — Даша ўстала, паімкнулася прайсціся па бакоўцы, але тут і двух крокаў ступіць не было дзе — вялізны стол ды два зэдлікі займалі ледзь не ўсю прастору. — Мне ўжо ісці пара, а я яшчэ галоўнага ў цябе не спытала. Скажы, ты заходзіў пасля гэтага здарэння к Печкам, бачыўся з Васілём?
— Кожны дзень заходзіў, — паспешна адказаў Іван. — От і ўчора быў, нават памагаў Аксінні сабраць яго ў бальніцу.
— А я не ведала, што Васіль у бальніцы. Толькі вось нядаўна даведалася.
— Ты заходзіла туды? — відаць цяпер здагадаўшыся, чаго Даша так рана ў Чырвоных Маках, здзіўлена спытаў Іван. — Што табе сказалі?
— Мяне не пусцілі ў хату, — глуха прамовіла Даша. Потым яна зноў села на зэдлік i заплакала. Пачалі ўздрыгваць яе схіленыя над сталом плечы і рукі, крыжыкам складзеныя пад галавою, дрыжала расшытая блакітнымі пеўнікамі рукавічка, якую дзяўчына трымала ў руцэ. Іван глядзеў на Дашу i не ведаў, што сказаць, чым яе суцешыць. Ён разумеў яе перажыванні, разумеў тыя супярэчлівыя і вельмі складаныя абставіны, у якіх яна апынулася, але не мог у гэтую хвіліну знайсці патрэбнае слова, патрэбнае рашэнне. Васілёва маці падумала дрэнна, калі не пусціла яе ў хату. Пакрыўдзіла і балюча абразіла дзяўчыну, якая, напэўна, будзе яе нявесткай. Маці напіша Валодзю аб тым, што сама думае. I Валодзя, не ведаючы ўсяго, што было, можа паверыць сваёй матцы. А Даша любіць Валодзю. Вельмі любіць і чакае. Гэта, так сказаць, адзін паварот справы. А з другога боку, калі так усё застанецца, Васіль змоўчыць, другія змоўчаць, то Мокрут абвінаваціць Дашу ў знявечанні чалавека і такім чынам зноў возьме верх над усімі.
— Туды заходзіў Мокрут? — ціха спытаў Іван. — Не казала яна табе?
— Быў, — выціраючы рукавічкай слёзы, адказала Даша. — Ад яго ўсё і пайшло.
— Ведаеш што? — раптам узнятым гол асам прамовіў Дабрасельскі. — Давай пойдзем да Васілёвай мацеры з табой удваіх. Мяне яна не асмеліцца не пусціць. Я раскажу ёй, што мне гаварыў Васіль, яшчэ калі не быў у гарачцы, раскажу, што другія хлопцы гаварылі. Давай пойдзем!
— Не, я ўжо не пайду, — памяркоўна адказала Даша. — Мне няёмка, а ты, Іван, схадзі, я вельмі прашу цябе. I не толькі сёння, а кожны дзень заходзь — табе тут бліжэй. Трэба памагчы цётцы Аксінні, старая яна ўжо, слабая, ды асталася зусім адна. Вунь у яе нават калодзеж не прачышчаны, ходзіць, бедная, да суседзяў, носіць адтуль ваду.
— Абавязкова я ўсё гэта зраблю, — цвёрда сказаў Іван. У вачах яго засвяцілася радасць ад таго, што Дашы стала хоць трошачкі лягчэй. — Я раскажу Аксінні ўсю праўду і пераканаю яе. I дапамагаць ёй буду кожны дзень. Я раскажу праўду ўсім людзям, не толькі Аксінні!
Вышаўшы з сельсавета, Даша пачала спяшацца, бо яна ўжо цвёрда намерылася сёння ісці ў раённую бальніцу. Трэба было яшчэ толькі зайсці дадому ды ўладзіць сёе-тое на ферме. У галаве толькі і думкі, што пра Васіля; як яна з ім сустрэнецца, як пагаворыць, магчыма, нават папросіць, каб сам ён напісаў Валодзю. Калі не цяпер, то як паправіцца. Ішла так сярэдзінаю чырвонамакаўскай вуліцы і не глядзела надта па баках. Раптам пачула нібыта знаёмы голас:
— Дзень добры вам, дачухна!
Даша павярнула галаву і ўбачыла на сцежцы каля плоту бабульку, якая, успёршыся на кій, ветліва глядзела на яе i злёгку кланялася.
— Добры дзень! — адказала дзяўчына, пазнаўшы, што гэта тая самая бабулька, якая некалі была ў сельсавеце. Даша адразу ж падышла да старой.
— Куды ж вы гэта з самага ранку? — прыветна спытала яна.
— Ды ў сельсавет, мілая, — адказала бабка. I голас яе, i выраз старэчага, трохі падсвежанага марозцам твару былі такімі добрымі і лагоднымі, нібы яна сустрэлася з родным ёй чалавекам. — Наказалi, каб зайшла. Дзякуй вам, дачухна, што заступіліся тады за мяне, ды от жа, што наведаліся на наш пасёлак. Знялі з мяне той падатак, што былі напісалі, ды вось i лесу, дзякуй ім, далі, хату падладзіць. А то хата ў нас, вы ж самі бачылі, як заходзілі: падрубы падгнілі, а пад вокнамі дык толькі ткні пальцам… А столь i падлога дык… А страха…