— Бачыла я, усё бачыла, — спагадліва ўсміхнуўшыся, запэўніла Даша. — Я таму і напісала ў райвыканком, каб вам адпусцілі лесу. Вось яшчэ вывезці гэты лес трэба было б вам дапамагчы. Я пагавару з вашым старшынёй калгаса.
— Дзякуй вам, дзякуй, — пачала паўтараць бабулька і ківаць над кіем галавою. — Дай божа вам…
— Няма за што дзякаваць, — з ноткай расчуленасці ў голасе загаварыла Даша. — Я рада, што хоць трошкі дапамагла вам. На тое ж мяне людзі і выбіралі.
— Дзякуй вам, — зноў паўтарыла бабулька. — А вы ж гэта куды так спяшалі, дадому?
— Ага, дадому, — адказала Даша. — А потым яшчэ ў раён сёння пайду.
— То не буду вас больш займаць, — адступіўшы бліжэй к плоту, сказала бабулька. — Ідзеце здаровенькі. Перадайце паклон вашаму бацьку, Мітрафану. Ён павінен памятаць мяне, бо некалі, як былі маладыя… А можа Настулю ўгледзіце, жонку нябожчыка Андрэя, то i ёй перадайце паклон. Гэта ж яе нябожчык i мой нябожчык былі некалі сватамі. I сыны нашы разам служылі. А можа Платона часам стрэнеце, то гэта ж хрышчоны бацька майго нябожчыка Міколы, большага сына. А можа…
— Добра, добра, — ахвотна абяцала Даша i не спяшалася адыходзіць, каб не пакрыўдзіць старую. — Шчыра дзякую, усіх убачу і ўсім перадам ваш паклон.
Бабулька ўжо была і ступіла некалькі крокаў, але раптам зноў спынілася, удзёўбнула свой кій у снег каля сцежкі і павярнулася ў той бок, куды пайшла Даша.
— Чуеце, дачухна! — ужо мацней загаманіла яна, бо Даша была далекавата. — Прыдзёце як-небудзь у нядзельку ў госці да нас. Дальбог, праўда. Вось хоць у гэтую нядзельку, што прыдзе. Рады вам будзем. У мяне, вы ж ведаеце, дачка такая, як вы. Эх, каб жывымі былі мае сыны!..
— Дзякуй вам, дзякуй!..
Даша не ведала, што яшчэ сказаць, як паказаць бабульцы, што яна вельмі рада гэтай сустрэчы i гатова расцалаваць яе за такую шчырую цеплату, за такую сардэчную ласку. Яна ішла i адчувала, што ўжо малавата ў яе часу, што вельмі цяжка будзе паспець у раён, аднак не каялася, што пастаяла, пагаманіла з бабулькай. Неяк святлей стала на душы ад гэтай выпадковай сустрэчы, i хоць можа не надоўга, але адхлынула ад сэрца тая млявая дакука, якая грызла нутро.
Хутчэй, хутчэй трэба ісці.
13
Невялічкі ранішні марозік зусім адлёг, месцамі нават са стрэх капала, калі Даша выходзіла з сваёй вёскі. На шляху, укоўзаным санямі і машынамі, было да таго слізка, што ісці даводзілася з асцярогай і не надта паспешна. Пакуль дзяўчына адмерала большую палавіну дарогі, было ўжо каля паўдня, а ў пачатку местачковых прысадаў яе сустрэў Мокрут, які ўжо вяртаўся з райцэнтра. Убачыўшы Дашу, ён крануў рукою фінагента, які сядзеў трохі пад перад і паганяў каня, спусціў з вазка адну нагу. Фінагент нацягнуў лейцы, і Мокрут злез зусім.
— Куды ты ідзеш? — спытаў ён, ступіўшы некалькі крокаў да дзяўчыны. — У раён?
— Вядома, у раён, — адказала Даша. — Куды ж мне?
— Ну, там далей яшчэ вінзавод ёсць, — лагодна ўсміхнуўся старшыня, відаць, задаволены сваім жартам.
— А ты, мабыць, адтуль? — стрымана кінула Даша.
Мокрут зарагатаў і падаў знак фінагенту, каб паварочваў назад.
— Давай i я крыху прайдуся з табою, — прапанаваў ён дзяўчыне, — а то падвязу, калі хочаш, туды i назад разам паедзем.
— Дзякую, — суха сказала Даша, — я адна пайду.
Яна паскорыла крокі, але Мокрут усё ж грукаў ботамі побач, а воддаль за ім ехаў фінагент.
— Я не разумею цябе, Даша, — напусціўшы на твар быццам бы i шчырую крыўду, пачаў старшыня. — Чаго ты так разгневалася на мяне, зненавідзела, пусціла ўсялякія шэпты пра мяне па ўсяму сельсавету.
— Якія шэпты?
— Ну вось, хаця б пра гэтага Печку. Хіба гэта праўда, што я прымусіў яго ісці забраць у Андрэіхі бычка? Хіба гэта…
— Не забраць, а ўкрасці, — перабіла яго Даша. — I не шапчу я пра гэта, а кажу ўсюды моцна i скажу яшчэ мацней. Мне сам Васіль пра гэта гаварыў.
— Цікава, што б ты сама сказала, атрымаўшы столькі кухцялёў? — засмяяўся Мокрут. — На роднага бацьку ў такіх умовах можна нагаварыць.
— Ён расказваў пра гэта i потым, калі ляжаў дома. Людзі чулі.
— Але ж гэта няпраўда! — рашуча прамовіў старшыня і махнуў перад сабою абедзвюма рукамі. — I наогул, не было ніякай пакражы. Сама Андрэіха гэта прызнае.
— Андрэіху ты быў запалохаў, — абурана i цвёрда глянуўшы Мокруту ў вочы, сказала дзяўчына. — Але не думай, што яна ўсё жыццё будзе дрыжаць ад цябе. Сёння быў у яе следчы, i яна расказала яму ўсю праўду.
— Ага, вось яно! — нібыта здзівіўся Мокрут, а ў вачах усё ж замільгалі насмешлівыя іскрынкі. — Гэта значыць, што ўжо ты падвучыла. З сівым маладажонам на пару. Ну, што ж! Вучы, вучы! Пабачым, што з гэтага выйдзе!