Выбрать главу

— Яе не трэба вучыць, — адказала дзяўчына. — Горам навучана. Прыдзе пара — скажа яшчэ не тое.

— Што гэта за намяканні?

— Сам ведаеш!

— Ну, вось што! — страсянуўшы валлячком, павысіў голас старшыня. — На ўсё гэта мне напляваць! I на твае намяканні, i на твайго следчага! Скажу так: хочаш жыць са мною ў міры, працаваць, як паложана дэпутатцы, дык давай будзем працаваць. Нам няма чаго сварыцца, нам трэба разам умацоўваць свой сельсавет. Калі ж у цябе выбрана другая дарожка, то гавару па чыстай совесці — беражыся! У парашок сатру, калі на тое пойдзе. Бацьку твайга, гэтага папоўскага прыслужніка, пашкадаваў у свой час, а цябе не пашкадую, хоць ты i дарагой была мне, вельмі блізкай. На дырэктара спадзяешся? Не спадзявайся! Не такія, як ён, трапляліся мне на дарозе, ды i то не ўстаялі.

— Не палохай, — спакойна прамовіла Даша, але ў голасе яе было столькі цвёрдасці і сілы, што Мокрут міжвольна ўздрыгнуў, наўкос глянуў на дзяўчыну. — Бацька мой не мала прыняў пакут ад цябе, хоць ён ні ў чым не быў вінаваты. Ды хіба адзін бацька? Я не ўсё ведала раней. Але май на ўвазе, што ні з Ільі Савіча, ні з мяне табе не ўдасца так паздзеквацца, як ты здзекваўся з іншых. З намі ўсе, усе людзі! А ў цябе вось толькі… — яна паказала на фінагента, які ехаў ззаду. — Ды i то, яшчэ невядома. Я думаю, што і ён калі-небудзь зразумее, што ты за чалавек.

— Якія ў вас людзі? — паспрабаваў засмяяцца Мокрут, ды выйшла горкая міна замест усмешкі. — Печка? Андрэіха? Зноў кажу! — у горле ў яго раптам з’явіліся злавесныя хрыпы, — пляваць я хачу на ўсё гэта! Ідзеш да дзеверка свайго вывуджваць на мяне розную брахню? Няма ўжо твайго дзеверка. Разумееш? Няма Васі Печкі! Аддаў сёння ноччу канцы! Можаш напісаць у часць свайму нарачонаму, што праз цябе загінуў яго родны брат. Ну, а я, мабыць, таксама сюды-туды напішу. Да пабачэння, суседухна! Не мінай майго двара!

Ён крута павярнуўся і пайшоў насустрач фурманцы.

«Вось чаму ён так разышоўся, — апякла думка дзяўчыне ўсё нутро. Даша спынілася, нібы аслупянелая. — Няўжо гэта праўда? — Яна нібы міжвольна павярнулася, паглядзела ўслед Мокруту. Шырокія, сутулыя плечы, абцягнутыя хромам, бязладна гойдаліся, у хроме пабліскваў зімні прамень сонца. — Тут Мокрут не схлусіў, вядома, — працягвала разважаць дзяўчына сама з сабою. — Такую праўду, якая можа знішчыць чалавека, паважае i ён. Тут ён не схлусіў. Што ж цяпер рабіць? Што цяпер скажа цётка Аксіння, што падумае Валодзя, калі яму напішуць…»

У дзяўчыны моцна зашчымела пад сэрцам, у галаве з’явіўся нейкі вобмарачны, балючы шум. Спачатку ёй падумалася, што трэба зараз жа вярнуцца дадому, пайсці да Ільі Савіча i выказаць, выплакаць яму ўсё. Потым, яшчэ крыху пастаяўшы, апамятаўшыся, яна ўсё ж пайшла ў бальніцу, але ішла туды вельмі доўга.

14

Чырвонамакаўскія і дабрасельскія могілкі былі значна бліжэй ад Дабрасельцаў, як ад Чырвоных Макаў. Часам бывала нават так, што дабрасельцы проста заносілі сваіх нябожчыкаў на могілкі, а чырвонамакаўцы заўсёды вазілі, бо заносіць хоць і ў пяць змен ім было не пад сілу. Калі Даша з Андрэіхай прышлі на гэтыя могілкі, тут яшчэ нікога не было, толькі пасярэдзіне могілак, паміж двух бярозак, жаўцеў невялікі копчык свежага чвыру. Яны пайшлі далей з такім намерам, што калі не сустрэнуць працэсію, то пастяць каля Печкавай хаты, пакуль вынясуць нябожчыка.

Але не дайшлі яны яшчэ нават да Чырвоных Макаў, як убачылі на дарозе грузавую машыну, якая рухалася вельмі памалу: чутно было, як нязвыклы да малых абаротаў матор раз-по-разу страляў і пыхкаў. На бартах машыны сядзела некалькі жанчын, а за машынай ішло многа чырвонамакаўцаў і сёй-той з дабрасельцаў. Якраз блізка ўжо былі гэтыя самыя бяскрылыя млыны. Даша з Андрэіхай узышлі на сцежку, пратаптаную да млыноў, і сталі чакаць. Машына, як на тое, заглухла каля млыноў. Шафёр вылез з кабіны з завадной ручкай, вінавата глянуў на тых заплаканых жанчын, што сядзелі на бартах, і пачаў раскручваць матор. У гэты момант Даша зусім-зусім нечакана для сябе ўгледзела Валодзю. Яна ўхапілася за Андрэішын рукаў i ледзь не павісла ў цёткі на плячы. Твар яе раптам збялеў, рукі пачалі нервова калаціцца. Яна не ведала, што Валодзя прыехаў на пахаванне.

— Супакойся, Дашачка, — зразумеўшы ўсё, зашаптала Андрэіха і сціснула локцем яе рукі. — Супакойся, усё будзе добра. Я сама з ім пагавару.

Валодзя стаяў каля апушчанага ўніз задняга барта, без шапкі, у шынялю з курсанцкімі пагонамі, туга падцягнуты, стройны. З твару ён быў вельмі падобны на брата, гэтакі ж святлявы, гладкашчокі, толькі ўсе рысы твару былі больш выразнымі і выяўлялі большую сталасць і ўдумлівасць. Стаяў ён зусім нерухома, не перамінаўся з нагі на нагу, як іншыя, не туліў у каўнер вушы, а лётчыцкую шапку трымаў на левай руцэ ля пояса. Даша і ўбачыла перш за ўсё яго вуха, маленькае, чырвонае ад марозу, прыкрытае пасмай светлых валасоў. Некалі яно было зусім блізка каля яе твару, каля яе вачэй… А цяпер яму, напэўна, холадна, бо вецер якраз з гэтага боку, ды i мароз узяўся не малы…