Валодзя трошкі павярнуў галаву да млыноў. Даша заўважыла слёзы ў яго на вачах і нейкі неразгаданы смутак у паглядзе. Каб яшчэ трошкі, то ён убачыў бы яе. Сэрца страпятнулася ад гэтага, чамусьці страшна было сустрэцца цяпер вачамі. Хто ведае, які цяпер быў бы Валодзяў позірк, што засвяцілася б у яго вачах?..
Машына запырхала, затрашчала, i шафёр бягом пусціўся ў кабіну. Дашы вельмі доўга цягнулася гэтая хвіліна стаянкі. Няёмка было тырчаць убаку, няёмка было і падыходзіць, бо сцежка выводзіла да пярэдніх людзей. Калі машына кранулася і людзі пайшлі, Даша ўслед за Андрэіхай выйшла на дарогу, і потым яны ішлі ўдваіх самымі заднімі.Хада была вельмі няроўнай, таму што шафёр ніяк не мог прынаравіцца вясці машыну на аднолькавай хуткасці. Відаць, яму ўпершыню давялося вязці чалавека ў апошні шлях.
Перад Дашай ішоў i час-ад-часу ледзь не натыкаўся на людскія спіны, калі машына прыпынялася, Іван Дабрасельскі. Па яго тонкай пачырванелай шыі Даша заўважыла, што ён, мабыць, плача.
— Іван! — ціха пазвала яна.
Хлопец азірнуўся, паспешна выцер пачырванелыя вочы і пачакаў, каб ісці далей поруч. Кроках у двух спераду ішлі без шапак некаторыя з тых хлопцаў, што не так даўно ганяліся за Васілём. Сярод іх крочыў, апусціўшы галаву, і Цімоша.
Калі працэсія ўжо набліжалася да могілак, насустрач ёй праехала такая ж паўтаратонка, толькі з вялікай дашчатай скрыняй са шчылінамі па баках. У адной такой шчыліне тырчаў верхні абадок свінога лыча. У кабіне машыны сядзеў Шулаў. Ён зняў шапку, параўняўшыся з труной, і прыняў набажна-жаллівы выгляд.
«Павёз у горад кормніка, — падумала Даша і коратка пераглянулася з цёткай Настуляю. — Нябось і двух тыдняў не пратрымаў на сваіх харчах пасля таго, як выгналі вепрука з фермы».
Мокрут, які хмура крочыў спераду ўсіх, высунуў з настаўленага каўняра падбародак і з нянавісцю і відавочнай зайздрасцю паглядзеў Шулаву ўслед. Азірнуўся ў гэты момант і Ілья Савіч. Яго, мабыць, здзівіў незвычайны кантраст двух стрэчных машын. Аглянуўся і ўбачыў Дашу з Андрэіхай. Хоць Андрэіху ён і мала ведаў, але ветліва пакланіўся абаім. Сівая галава яго вылучалася потым сярод усіх аж да таго часу, пакуль не пахавалі Васіля i дырэктар не надзеў сваю рыжую стаўбунаватую кубанку.
Разыходзіліся з могілак хто ў які бок: хто ў Чырвоныя Макі, хто ў Дабрасельцы. Ужо каля самай дарогі Ілья Савіч параўняўся з Дашай. Андрэіхі блізка не было, яна засталася каля магілы і ўсё яшчэ наглядала, як Валодзя маўкліва, але з вялікай горыччу ў апошні раз развітваўся са сваім братам.
У гэты час, калі Андрэіха стаяла адна, грознаю хмараю пасунуўся проста на яе Лявон Мокрут. Ён наставіў на жанчыну такі страшны i знішчальны погляд, што ёй трэба было не іначай як на калені ўпасці перад ім. Аднак цётка Настуля сустрэла яго вочы спакойна, цвёрда i нават не паварушылася, каб уступіць старшыні дарогу. Мокрут спыніўся каля Андрэіхі, змерыў яе з ног да галавы і, узяўшы крок улева, пайшоў далей.
— Заўтра ў нас партыйны сход, — сказаў Дашы Ілья Савіч, непрыязна глянуўшы на Мокрута. — Будзем разбірацца ў некаторых справах. Вось i наконт гэтага таварыша пагаворым. Прыходзьце.
— Прыду, Ілья Савіч, — задаволена адказала Даша. — Я нават учора збіралася зайсці да вас, ды не паспела, бо тэрмінова пазвалі ў раён.
— Чаго? — здзівіўся Ілья Савіч, і твар стаў да жалю заклапочаным.
— Мокрут падаў, што праз мяне загінуў Печка.
Яны прайшліся крыху ў напрамку Чырвоных Макаў.
— Вось на што б’е, прайдзісвет! — з абурэннем i хваляваннем у голасе прамовіў Ілья Савіч. Затым, падумаўшы, дадаў: — Вы, значыць, прыходзьце заўтра пад вечар на сход, а я з самага ранку з’езджу да сакратара райкома. Не хвалюйцеся вельмі, не перажывайце. Потым вось што: да справаздачнай сесіі трэба добра падрыхтавацца, пагаварыць з людзьмі. Ніхто не павінен баяцца сказаць праўду. З суседкай сваёй яшчэ пагаварыце. Добра?
— Добра, Ілья Савіч, — згадзілася Даша, i на гэтым яны развіта — ліся.
Цётка Настуля ўжо выходзіла на шлях і няўпэўнена паглядвала ў бок дзяўчыны: чакаць яе ці не чакаць? Даша падала ёй знак i, гледзячы сабе пад ногі (на дарозе былі выбоіны), хутка пакрочыла да яе. Насустрач ішлі людзі. Вельмі многа было людзей на пахаванні Васіля, бо злодзеям яго ніхто не лічыў. Размінаючыся з сустрэчнымі, дзяўчына адчула, як нехта ціха дакрануўся да яе рукі. Яна спынілася: перад ёю стаяў Валодзя. На вачах яго былі яшчэ сляды слёз, густыя чарнявыя бровы то быццам бы зліваліся з мехавай шапкай, то аддзяляліся ад шапкі і журботна павісалі над тварам.