Выбрать главу

— Даша, — прамовіў ён глуха і чамусьці змоўк, нібы не мог знайсці больш ніводнага слова.

Дзяўчына спынілася, апусціла вочы і таксама не ведала, што сказаць. Нейкі спалох, разгубленасць нібы скавалі яе: цяжка стала паварушыцца, падняць павекі, вымавіць слова.

— Добры дзень, — ледзь не шэптам сказаў Валодзя і працягнуў да дзяўчыны абедзве рукі.

Даша моўчкі зняла рукавічку i таксама падала руку. Валодзя паціснуў дрыжачыя пальцы і ўзняў на дзяўчыну вочы.

Ці здолеў бы хто выказаць, што было ў гэтых вачах? Даша заўважыла ў іх вялікае гора, сорам, крыўду, адчай, здзіўленне і… радасна падумаць: здалося дзяўчыне, што сярод гэтых і многіх іншых адчуванняў яна заўважыла каханне — шчырае, гарачае, толькі такое, якое можа быць у аднаго Валодзі. Сэрца яе затрапяталася ад шчасця. На вуснах было нейкае слова, зусім-зусім незвычайнае, мабыць падобнае на тое, што з’яўлялася і жыватворна гучала ў час самых светлых сноў, што прыходзіла на памяць i асвяжала душу ў час дзявочых роздумаў, мар і летуценняў… Але не зыйшло з вуснаў гэтае слова, яно некуды згінула ў такі патрэбны, у такі рашучы момант.

Валодзя ўсё ж такі паймеўся нешта сказаць, але ў гэтую хвіліну падышла да яго заплаканая і зняможаная маці, якую вялі пад рукі родзічы. Аксіння цяжка глянула на дзяўчыну і ўзяла сына за руку.

Так мінулася кароткая хвіліна спаткання. Даша ішла дадому, ледзь не ўсім целам павісаючы на руцэ Андрэіхі. Цяпер тое слова, якраз тое самае, што трэба было сказаць Валодзі, гучала ў вушах, хвалявала, апальвала нутро. Але не дагоніш ім Валодзю, не вернеш ужо таго, што прайшло, мінулася.

«Чаму ён адразу нічога не сказаў? — мучыла дзяўчыну пытанне. — Ён жа быў заўсёды смелы, гаваркі. Няўжо крыўду носіць у душы, няўжо хоць на адну ёту верыць гэтаму чалавеку?»

Андрэіха нібы чула пакутлівыя думкі сваёй маладой сяброўкі, усім сэрцам спачувала дзяўчыне i выказвала гэта пакуль што толькі тым, што ўсё мацней i мацней прыціскала да сябе яе руку.

— Цяжка табе? — спытала жанчына, калі яны падыходзілі ўжо да сваіх двароў.

— Цяжка, цётачка…

I жанчыне зноў уявілася тое, аб чым яна думала ўжо не раз пасля сустрэч з Дашай або пасля доўгіх і шчырых размоў. От, каб была ў Дашы маці, прышла б цяпер дзяўчына дадому, кінулася б мацеры на грудзі, выплакалася, i адлягло б у яе ад сэрца. А то — як ні гавары, хоць і вельмі здатная на ўсё дзяўчына i сама прыгажуня, але ж сірата. Бацька ёсць, дык бацька ўсё-такі — не тое.

— Ты прыходзь, Даша, пасля вячэры да мяне, — шчыра папрасіла Андрэіха. — Пасядзім, пагаворым.

— Добра, цётачка.

15

Што Андрэіха ні рабіла, як ні старалася супакоіць, уцешыць Дашу ў сваёй хаце, усёроўна дзяўчына мучылася, не знаходзіла сабе месца.

— А вы неяк казалі, што трэба маўчаць, саступаць усім з дарогі, — ходзячы з кута ў кут, роспачна гаварыла Даша. — Бачыце цяпер, што выходзіць? Тут i не маўчыш, i не сядзіш, склаўшы рукі, і то вось забойцам могуць зрабіць, душу вырваць, блізкіх людзей адабраць. Бачыце, што выходзіць?

Дзяўчына ступіла да акна, пачала ўглядацца ў мяккі зімовы паўзмрок. Яе цягнула сачыць за вуліцай, за сваім дваром, наколькі ён адсюль быў відзён. Даша не верыла, што Валодзя не прыдзе, не пастараецца знайсці яе.

— Бачу я цяпер, — азвалася цётка Настуля, седзячы на палку ля печы, — усё бачу. Некалі Андрэй мой гэтае самае казаў, што ты цяпер кажаш.

На вуліцы пачуліся далёкія галасы, i Даша ледзь не прыліпла да аконнай шыбы. Галасы паступова набліжаліся, і неўзабаве не толькі Дашы, a і гаспадыні стала чутно, што гэта Заткла з млынаром спяваюць. Яшчэ праз некалькі хвілін дзяўчына і ўбачыла ix. Мужчыны ў абдымку шнуравалі ўкосікі па вуліцы, час-ад-часу паварочвалі адзін да аднаго п’яныя, відаць, страшэнна задаволеныя твары і цягнулі голасам усё, што толькі прыходзіла на памяць і на язык. Адзін пачынаў, другі падцягваў. Заткла, раз-по-разу зрываючыся на пеўня, намагаўся нават узяць ноту, блізкую да нейкага псалма, але млынар пры гэтых яго спробах заліваўся дзікім смехам i падцягваць не браўся.

— Гэта яны з памінак ідуць, — цяжка ўстаючы з месца, сказала Андрэіха. — Ім усё роўна, дзе набрацца. На пахаванні не былі, а на памінкі дапялі.

Даша чула, што гаварыла цётка Настуля, падзяляла ў душы яе абурэнне, але не магла адагнаць ад сябе i тую думку, што калі гэтыя лайдакі ўжо тут, то, значыцца, памінкі скончыліся, i цяпер Валодзю зручней будзе вырвацца з дому.