— Піша, што вось-вось прыедзе дадому, — ахвотна паведаміла Даша. — Толькі невядома, у адпачынак ці ў камандзіроўку ў наш раён.
— Ні ў адпачынак, ні ў камандзіроўку, — сур'ёзна сказаў Ілья Савіч. — Я таксама атрымаў ад яго пісьмо. Мы ўсё-такі з ім даўнія сябры. Будзе працаваць тут Міхась.
— Як гэта? — здзівілася Даша. — Тут, у нашым калгасе?
— Думаю, што ў вашым, — пацвердзіў дырэктар. — I ў райкоме партыі гэтак жа думаюць. Мы разам з сакратаром райкома і пісалі Міхасю.
«Вось чаму бацька з Платонам так узрадаваліся ўчора, — падумала Даша. — Няўжо яны ведалі што-небудзь пра гэта? А можа проста адчуванне ў старых такое своеасаблівае».
Для самой жа Дашы гэтая навіна была пакуль што нечаканай, хоць яна даўно ведала, што брат, як аграном, не задаволены сваёй работай у міністэрстве, што яго ўвесь час вабяць прасторы палёў i сенажацяў. З другога ж боку, яна бачыла i не адзін раз гаварыла на сходах, што Шулаў — ніякі не старшыня, хоць i чалавек ён спакойны, памяркоўны, што яго даўно трэба выправадзіць туды, адкуль ён прыехаў, інакш гаспадарка сядзе макам. Але ніколі яна не думала, каб Міхась згадзіўся стаць у Дабрасельцах старшынёй. Невядома, чаго тут бацька ўзрадаваўся. Канешне, радасна было б, каб з’явіўся нарэшце добры старшыня калгаса ды памог людзям па-сапраўднаму стаць на ногі. Яшчэ больш уцешна было б для бацькі, каб гэтым чалавекам аказаўся яго сын. Прыемна гэта i для сястры, але ўсё-такі там міністэрства, горад, а тут калгас і толькі Дабрасельцы.
— Можа, у МТС яго прысылаюць? — нерашуча спытала Даша. — Туды, я чула, трэба аграном.
Ёй няёмка было выказаць свае думкі ўслых, бо ў душы яна разумела негрунтоўнасць свайго здзіўлення i ведала, што яно хутка пройдзе. Бацька тут лепш адчуў, як яна.
— Ён сам згадзіўся прыехаць у свой калгас, — нібы зразумеўшы Дашыны думкі, сказаў Ілья Савіч. — Паверце, што ніхто на яго, як кажуць, не націскаў і ніхто не выжываў з міністэрства. Зямля — яго стыхія, усё роўна, як мая — школа. Тут я яго вельмі добра разумею. Не здзіўляйцеся, Даша, — будзе Міхась у Дабрасельцах старшынёй. Ведаю, што вам нязручна, дык я сам пагавару з калгаснікамі, мяркую, што яны не адмовяцца ад свайго земляка. I яшчэ раз — не здзіўляйцеся…
Тут Ілья Савіч перапыніўся і нейкі час ішоў моўчкі, нібы абдумваючы, з якога слова пачаць, як зрабіць размову найбольш пераканаўчай. Даша чакала, стрымліваючы глыбокае хваляванне.
— Вы, пэўна, заўважылі нават з сённяшняга сходу, — ціха загаварыў дырэктар, — што вас камуністы паважаюць, падтрымалі вас у гэтай нялёгкай справе і вось у члены партыі прынялі. Прычым — аднагалосна. Я радуюся гэтаму разам з вамі i яшчэ раз ад душы віншую вас.
— Шчыра дзякую, — ледзь вымавіла ад хвалявання Даша.
— Паважаюць вас за работу, вядома, за прынцыповасць. I вось, не ведаю, як усе дэпутаты, а мы, камуністы, параіўшыся між сабою, рашылі прапанаваць сесіі вашу кандыдатуру на старшыню сельсавета.
— Што вы, Ілья Савіч! — ледзь не крыкнула Даша. — Што вы гаворыце! Я не спраўлюся, ды i не выберуць мяне. Аб гэтым i думаць няма чаго. Я сама дам сабе адвод, або нават i на сесію не прыду!
— Я таму і прызнаўся вам у нашых намерах, — працягваў свае довады Ілья Савіч, — каб вы мел i магчымасць усё гэта добра абдумаць i падрыхтавацца да гэтага. А калі ўдумаецеся, то самі ўбачыце, што гэта самы лепшы варыянт. I адмаўляцца вам няма чаго.
— Нават i не думаючы многа, можна сказаць, — не адступала Даша, — што гэта зусім не для мяне. Па-першае, глядзіце, што выходзіць: Міхась — старшыня калгаса, а я — старшыня сельсавета. У адной хаце два старшыні. Як гэта можа быць? А потым яшчэ вось што: увесь час я выступала супраць Мокрута, крытыкавала яго, а цяпер людзі скажуць, што я яго месца дамагалася. Не, Ілья Савіч! Мне вельмі радасна, што вы так хораша думаеце пра мяне; сёння сапраўды такі дзень для мяне, што ніколі не забудзеш: i гора столькі было, і радасці. Але прапановы такой не ўносьце. Яшчэ глядзіце, што i Мокрут застанецца. У яго ёсць падтрымка ў раёне.
— Паспрабую адказаць па пунктах, — стрымана ўсміхнуўшыся, прамовіў дырэктар. — У Чырвонамакаўскім сельсавеце не адзін Дабрасельскі калгас, а цэлых чатыры. Затым у сельсавеце, як вядома, ёсць яшчэ школа, кааператыў, медпункт. Так што брат i сястра не будуць заўсёды хадзіць па адной i той жа сцежцы. Што ж датычыць залішняга шчасця ў адной сям’і, то няхай былы бядняк і франтавік грамадзянскай вайны Мітрафан мае i двух старшынь у сваёй хаце. Нічога кепскага ў гэтым няма. Абы толькі людзям была ад гэтага карысць.
Не магу я прыняць вашу думку i наконт Мокрутавага крэсла. Разумныя людзі ніколі не скажуць, што вы крытыкавалі Мокрута для таго, каб заняць яго месца. Яны хутчэй скажуць, што вы змагаліся не супраць Мокрута, як чалавека, а супраць яго недахопаў, значыць, па сутнасці, змагаліся за Мокрута. Ён чалавек яшчэ малады, жыццё яго яшчэ наперадзе. Заўважылі, што ўжо нават сёння ён не вельмі лез на ражон? А старшынёй яго пакідаць нельга. Аб гэтым ведаюць усе дэпутаты, і ў раёне цяпер глядзяць на гэта іначай. Вунь Павел Паўлавіч, да чаго ўжо спакойны чалавек, i то ўзняўся, нават мяне падганяе.