Выбрать главу

Так, гаворачы i злёгку спрачаючыся, яны i не заўважылі, як выйшлі на добрасельскую дарогу i нават гоняў двое прайшлі па гэтай дарозе. Ілья Савіч прыпыніўся і працягнуў Дашы руку.

— Мне вельмі няёмка, — просячы прабачэння, загаварыў ён, — што пакідаю вас адну, трэба было б прайсці з вамі i да самых Дабрасельцаў. Але я пастаю тут, пакуль вы хоць да млыноў дойдзеце, а там ужо недалёка.

Па голасу i па крыху разгубленых жэстах можна было заўважыць, што дырэктар сапраўды перажываў.

— Я дабягу адна, — з усёй сваёй шчырасцю запэўняла Даша. — Хіба гэта першы раз? I так вы ўжо далёка са мною прайшлі. Дзякую вам, шчыра дзякую. У вас i без мяне многа ўсякіх спраў.

— Ды справы там не якія, — гаварыў далей Ілья Савіч, — але сёння мне яшчэ абавязкова трэба напісаць аднаму свайму вучню пісьмо. Былому, праўда. Заўтра авіяпоштай пашлю.

Дырэктар глядзеў на Дашу з уцешнай усмешкай, а яна замаргала спачатку нездагадліва i разгублена, а потым, зразумеўшы, аб чым ідзе гаворка, заіскрыла радаснымі вачамі і ўхапілася за дырэктараву руку.

— Як я вам удзячна, Ілья Савіч, каб вы толькі ведалі!

Ідучы далей адна, дзяўчына не магла сабрацца са сваімі думкамі, уражаннямі. A іх было так многа, і такія яны былі ўсе важныя: і радасныя, i трывожныя. Хоць ногі міжвольна і збіваліся на бег, але не было жадання хутчэй убачыць Дабрасельцы. Хоць трохі i страшнавата было адной, але думалася аб тым, каб дарога працягнулася як мага больш, каб даўжэй заставацца ў самоце. Вось чаму, калі Даша ўбачыла, што з-пад бяскрылых млыноў ёй напярэймы выходзіць нейкі чалавек, то перш, чым падумаць аб іншым, у яе мільгнула шкадаванне расстацца са сваімі марамі. Чалавек выйшаў на дарогу і стаў. Дзяўчына таксама прыпынілася, стараючыся разглядзець у цемры, што гэта за чалавек.

— Не бойся, Даша, падыходзь, — пачула яна голас i пазнала Мокрута. — Я проста чакаў цябе тут, каб ісці разам дадому.

У дзяўчыны трохі скаланулася сэрца, але яна не паказала спалоху, пайшла. Успомнілася, як паглядваў на яе Мокрут у час партыйнага сходу. Вочы былі мутныя, нібы застыглыя, i цяжка было зразумець, што яны выяўлялі. Можна было падумаць, што гэты чалавек жадаў дзяўчыне самага горшага на свеце, нават смерці, i можна было падумаць, што нічога дрэннага не жадаў.

Падышоўшы, i цяпер Даша глянула Мокруту ў вочы, i спалох яе апаў. Не так убачыла яна, як адчула, што ў вачах старшыні цяпер толькі сум, пакута, а ніякай злосці няма. Сам ён быў ссутулены, уцягнуты ў каўнер кожанкі і рукі трымаў сціснутымі адна пры адной у рукавах. Відно было, што акрамя перажыванняў, магчыма нават некаторага раскаяння, ён яшчэ i добра прамёрз, седзячы пад млынамі, бо са сходу ён пайшоў даўнавата.

Пайшлі далей, не сказаўшы адно аднаму больш ні слова. Даша адной машыннай каляінай, а Мокрут другой. Ён толькі выняў рукі з рукавоў, памахаў імі трохі і апусціў у глыбокія, але, відаць, прахалоджаныя кішэні.

— Замёрз ты? — праз некаторы час спытала Даша. Ёй ужо цяжка было не падаць ніякага голасу.

Мокрут павёў плячамі, крыху падвыпрастаўся, але не сказаў нічога, нібы спагада такая была не для яго.

— I трэба было табе сядзець пад гэтымі млынамі, — больш з дакорам, чым з насмешкай сказала Даша. — Ішоў бы дадому, у цяпло.

— Няма мне цяпер куды ісці, — глыбока ўздыхнуўшы, нібы прамовіў, нібы прастагнаў Мокрут.

Крокі яго сталі няроўнымі і цяжкімі, быццам падэшвы ботаў пачалі прыставаць да каляіны. Ён ішоў моўчкі яшчэ некалькі хвілін, а потым крыху адхіліў з Дашынага боку свой каўнер і загаварыў ужо не так глуха i невыразна, але суму ў голасе было яшчэ больш, думкі выходзілі няпоўнымі, нібы ўрэзанымі.

— Мая хата і раней не была мне асабліва мілай, а цяпер дык… Каб не так холадна, то і начаваў бы пад млынамі. Добра было некалі ў партызанах: залезеш у будан, укрыешся…

Даша маўчала, бо ні спрачацца з Мокрутам, ні спачуваць яму ў яе не было асаблівага жадання. Яна толькі ўсё думала, чаму ён чакаў яе: намерваўся чалавек пагаварыць, выкласці душу, а можа i якая лаянка ў яго ў галаве, магчыма, нават помста. Страху аднак не было, нешта не з'яўлялася такая думка, што Лявон можа ўчыніць ёй што-небудзь дрэннае.