— Значыцца, мы сёння імяніннікі, — зноў загаварыў Мокрут. — Цябе з кандыдатаў i мяне з кандыдатаў. Здорава! Толькі цябе ў члены, а мяне… Колькі год мне давялося пахадзіць у кандыдатах! I вось… Ну i злавалася ты на мяне сёння, праўда? Усе злаваліся, нібы я ўсім ворагам стаў. Асабліва дырэктару.
— Ніхто не злаваўся. — спакойна заўважыла Даша — Гаварылі тое, што думалі.
— Усё прыпомнілі, — незласліва сказаў Мокрут і зноў глыбока ўтуліўся ў каўнер, змоўк.
Дзяўчыне здалося, што ён пайшоў крыху жвавей, і яна адчула нейкую палёгку ад гэтага. Хутчэй бы дайсці, а там ён няхай, як хоча. Захоча выгаварыцца, дык знойдзе ахвотнікаў паслухаць, а пацягне яго на адзінокае маўчанне, дык трапіцца месца i для гэтага. Глянула ў бок Дабрасельцаў i быццам бы зарадавалася, што скрозь рэдкі не халодны туманчык убачыла святло электрычнага ліхтара, які зноў гарэў каля вёскі. Значыцца, ужо недалёка засталося ісці. Але выйшла так, што і Мокрут, бадай, у гэты ж самы час глянуў на ліхтар i не прыбавіў яшчэ кроку, чаго якраз чакала Даша, а прыкметна збавіў. Яго, відаць, не цягнулі Дабрасельцы. Дзяўчына сама пайшла хутчэй, аднак старшыня не рушыў за ёй, а, хрыпла кашлянуўшы, сказаў:
— Не спяшайся так, Даша. Яшчэ ж не позна.
I параўняўшыся з ёю, стаў прасіць, каб яна пагаварыла з ім, забыўшыся аб усім, што адбылося i што выявілася за апошнія часы, пагаварыла так, як яны ўсё ж такі не адзін раз гаварылі ў мінулыя гады.
— Мне можа i трэба было б крыўдаваць на цябе, злавацца, — гаварыў ён прыцішана-дрыготкім голасам. — Але сёння я не магу. Не ведаю, што будзе далей, а пакуль што няма ў мяне крыўды не толькі на цябе, а i на іншых. Вось сядзеў пад млыном, усё ўспомніў, перадумаў. Многа праўды было сказана на сходзе. Жыццё ў мяне ішло адным бокам, i вочы мае глядзелі больш усё ў адзін бок, у свой. Былі людзі вакол мяне, харошыя людзі, а я іх не заўважаў i не ведаў. Я i цябе не ведаў. Ты для мяне была толькі прыгожай дзяўчынай, гэтак жа, як Васіль Печка толькі паслухмяным хлопцам. Заўважаў я іншы раз толькі тых людзей, якія падчас, хочучы гэтага ці не хочучы, станавіліся на маёй дарозе. Iх я лёгка спіхаў з дарогі. Кажу, лёгка, бо гэта мне сапраўды ўдавалася.
— Да пары збан… — хацела ўставіць Даша, але Мокрут не даў ёй дагаварыць.
— От жа некалі мая маці так гаварыла, — падхапіў ён. — Я тады яшчэ хлопцам быў. «Чаму ты ўсё сам ды сам? Гэтак век не пражывеш». А я толькі і ганарыўся тым, што «сам». У мацеры быў я адзін, бацькі ў мяне, ты ж ведаеш, даўно няма, памёр. Я неяк мала i памятаю свайго бацьку. Матку ж, вядома, не слухаў, а цяпер мне вось ужо каторы раз успамінаюцца яе колішнія словы. Якое шчасце было б убачыць яе цяпер жывую!.. Кінуўся б, здаецца, перад старою на калені, выплакаў бы свой боль… Апошні раз бачыў я сваю матулю ў канцы сорак трэцяга года. Прышоў ноччу дадому з партызанскага атрада. Вось гэтая кожанка была на мне, тады яшчэ зусім новая, добрыя хромавыя боты, шапка з чырвонай стужкай. Сеў ля стала і нечакана задрамаў. Маці пры газоўцы расшпіліла мне каўнер ды як заплача. Я аж спужаўся, прачнуўшыся. Ажно ж гэта кашуля мая пад кожанкай і гімнасцёркай была да таго заношанай i бруднай, што маці вытрымаць гэтага не магла. Яна кінулася ў куфар, каб дастаць мне чыстую кашулю, а ў гэты час з вуліцы пачуўся нейкі тупат. Я шмыгануў у сенцы і ўжо больш не вяртаўся ў хату, неўзабаве прабраўся ў лес. А назаўтра маці, ты ўжо, мабыць, ведаеш пра гэта, завязала ў клуначак бялізну, яшчэ там сёе-тое і познім вечарам пайшла ў лес шукаць каго-небудзь з нашых, каб перадаць усё гэта мне. Натыкнулася на засаду, кінулася бегчы i вось… Я ледзьве перажыў гэта, як даведаўся. Бо чаго мне было ісці дадому? I цяпер гэты цяжар у мяне на душы, асабліва сёння. Толькі адной табе скажу, што і заходзіў я тады не так для таго, каб праведаць сваю матулю, дапамагчы ёй чым-небудзь, адзінокай, як для таго, каб паказаць, які я стаў бравы. Цяпер дараваць сабе гэтага не магу…
Мокрут перапыніўся пасля гэтых слоў, цяжка, усхвалявана засоп, але хоць i выйшла ў гэты момант зручная паўза, Даша не выкарыстала яе, каб сказаць што-небудзь. Яна адчувала, што Мокрут гаварыў шчыра, але яе так здзіўляла гэтая гаворка, што яна не ведала, як на яе можна адказваць. Здавалася, ніколі раней яна не чула ад Лявона такіх слоў, а можа i чула, ды не зважала, не верыла.
Зноў загаварыў Мокрут ужо каля самых Дабрасельцаў.
— Перад табою я таксама адчуваю віну. Гора я табе ўчыніў вось гэтай няпраўдай наконт Печкі. Я, канешне, ведаў, што ты не вінавата. Мне проста хацелася не паддацца табе. Хочаш, я напішу аб усім Валодзю. Праўду напішу.
— Не трэба, — ціха адказала Даша, — без цябе напішуць.