Гальяш прайшоўся туды-сюды, неяк нервова азіраючыся на панылыя краявіды занядбанага радавога гнязда.
- Ну, нездарма ж у гербе была ваўчыная пыса. І ўсе гэтыя мясцовыя паданні... Выпадак у царкве... Калі прадзед выскачыў праз вакно. Багуслава, вядома, усё вытлумачыла галюцынагенамі, якімі паіў графа доктар Боўнар. Але ж і да жаніцьбы старэйшага Каганецкага са злавеснай Антанінай Боўнар з Шымонам не было ўсё гладка... А з яго бацькам, дзедам? Што за пачварная калекцыя? Няўжо яе збіралі толькі ад спалоху перад выпадкам са здраднікам Бекю, ад уражання містычным срэбным зліткам? Не веру... Гэта нейкая душэўная псота...
Я ажно разгубілася. Хлопец, якога я кахала, ніколі не даваў падставы западозрыць яго ў містыцы.
- Нагледзеўся серыялаў пра вампіраў ды іншую нячыстую сілу? Баішся, што ў цябе хвост вырасце?
Гальяш Масевіч, які насамрэч быў Каганецкім, закінуў твар да неба, якое было то безнадзейна шэрым, то з сінімі лапікамі волі.
- Госпадзе, ну як жа я не ўмею весці такія размовы...
Перавёў позірк на мяне.
- Магчыма, мае продкі проста пакутвалі на нейкую псіхічную хваробу, спадчынную манію.
Як жа мне хацелася абняць яго, прытуліцца, пагладзіць ягоны мужны твар, правесці пальцам па абрысе прамых густых броваў...
- Магчыма, у тваіх даўніх продкаў гэта была проста карысная баявая якасць. Хаця б тое самае берсеркерства - шал падчас бойкі, адсюль і легенды пра панішчаных чужынцаў. Пра гэта і ў дзённіку Багуславы гаворыцца.
Гальяш змрочна хмыкнуў.
- У такім выпадку, калі Каганецкія пачалі знявольваць у сабе звера, замест таго, каб ставіць яго на варту краю супраць чужынцаў, змусілі віхляць хвастом і слугаваць ім, звер ператварыўся ў праклён. У хваробу. Пачынаючы са здрадніка Радаслава Каганецкага, які выдаў філарэтаў.
Вецер рыўкамі гнаў па патрэсканым асфальце поліэтыленавы пакет, быццам прывід мядузы. Прывід пагардліва шаргатаў.
- Я кепска пераношу поўню... - Гальяш не ўсміхаўся. - Я гэта не адразу зразумеў. У пэўныя дні - бяссонне, начныя жахі...
- Ну і што? - здзівілася я. - У свеце хапае людзей, як гэта, селеназалежных. Адны балюча рэагуюць на ўспышкі на сонцы, другія - на фазы месяца.
- Я магу быць... жорсткім. Таму стараюся не біцца і не сварыцца.
Я шчыра не разумела, што яго трывожыць. Відаць, бабуля, а пасля тая самая Лера, убілі небараку ў галаву, што калі ён пярэчыць ім ці сярдуе - ён кепскі. Я проста не магла ўявіць яго, такога спакойнага, інтэлігентнага, у гневе.
- Буду ведаць, што ты - Халк, герой амерыканскіх коміксаў. І калі цябе раззлаваць, зробішся зялёны і вялізны.
Ветрык зноў прашамацеў па зарослым быльнягом двары маёнтка, быццам злодзей залез да паноў. Але ўпэўніўся, што красці няма чаго, і хуценька ўцёк. З галінкі сасны раптам сарвалася сарока, пранесла чужыя навіны і знікла ў лесе.
- Табе не страшна знаходзіцца тут, сам-насам са мной? - раптам папытаўся Гальяш. - Вунь на табе нават чырвоны каптурок адпаведна сітуацыі. А раптам ува мне прачнецца воўк?
Біёлаг крануў мой капялюшык колеру зімовай вішні за брыло, пагладзіў па касе - каб я не пафарбавалася, была б яна не рудой, а попельнай. Калі мне і было страшна - дык самой сябе, каб не захлынуцца пачуццямі. Таму што ўпершыню Гальяш дакранаўся да мяне не выпадкова.
- А Лера цябе баіцца?
Біёлаг не ўздрыгнуў, не адвярнуўся.
- Яна бачыць мяне толькі звонку, праз краты. А ты, здаецца, зайшла ў клетку.
- Багуслава не збаялася, і я не збаюся, - вымавілі мае непаслухмяныя вусны.
Патэнцыйны амерыканец зноў кінуў на мяне нейкі дзіўны позірк і рашуча штурхнуў аблезлыя дзверы графскага маёнтка. Яны былі замкнёныя, але чыста сімвалічна. Бо не забранае кратамі, з выбітай рамай акно справа ад дзвярэй сведчыла, што будынак даўно перастаў ад кагосьці абараняцца, як знявечаны жабрак, што ляжыць ля цвінтара і нават не спрабуе адсунуцца ад чужых крокаў.
Калідоры з дашчатай падлогай, стандартныя канторскія пакоі... Рэшткі выцвілых танных шпалераў, некалькі крэслаў з паламанымі ножкамі... Пад нагамі агідна, як косткі, хрумсцела бутэлечнае шкло. Абрыўкі газетаў, пустыя бляшанкі з-пад кансерваў, рыззё, падэшвы ад абутку... Усё назапашвалася гадамі. І характэрны для такіх памяшканняў пах: грамадскай прыбіральні і памыйкі. Цалкам магчыма, што ў гэтай кучы знаходзіліся і рэчы з чужым злом, сурокамі, праклёнамі... Такое ж нязводнае.
На другі паверх падняцца не атрымалася: лесвіца абрушылася, праз дзіравы дах пазірала катарактнымі вачыма неба.
Ходу ў сутарэнне таксама не знайшлі. Затое ў яго лёгка было залезці звонку, праз падвальнае вакно, таксама без кратаў, без шыбаў, з няроўнымі краямі абламанай цэглы. Мусіць, яго выламалі ў сцяне ўжо ў нашым стагоддзі - Багуслава ж не згадвала, што ў сутарэнні ёсць вокны. У Гальяша знайшоўся дыхтоўны ліхтарык, і хаця тут таксама ўсё засмечана, і нават валяліся іржавыя часткі ложкаў яшчэ бальнічнага перыяду маёнтка, готыкі адчувалася больш. Мяне перасмыкнула, калі я падумала, што, магчыма, менавіта тут фашысты трымалі няшчасных дзетак-донараў...