Ён паглядзеў на стол, за якiм звычайна сядзела Джэз. Яе там не было. Потым ён убачыў, як яна выйшла з тэлефоннай кабiны i накiравалася да стала Грына, трымаючы ў руках некалькi капiрак. Нешта сказала Грыну. Той кiўнуў некалькi разоў i запiсаў штосьцi ў блакноце. Потым глянуў на Джэз i ўсмiхнуўся. Макгiр сваiмi вачыма ўбачыў, як Грын памахаў ёй рукой, што азначала яго афiцыйнае "Дабранач".
Яна падышла да свайго стала, узяла ручнiк i сумачку з верхняй шуфляды i пачала прабiрацца сярод сталоў да дамскай прыбiральнi.
...Узяць хоць бы Джэз... Яна была галоўная альбо адной з прычын таго, што жыццё праходзiла мiма. Ён быў эгаiстычны з Джэз, i праз некаторы час яна проста вылажыла яму сваю незадаволенасць. Усё было скончана. "Нам абаiм ужо даўно пара падумаць пра шлюб", - сказала яна. "Неабавязкова памiж намi, але з гэтага часу шукай сабе другую дзяўчыну цi займiся мiс Элiзабет". Нiякай асаблiвай прычыны на тое, каб ён не жанiўся з Джэз, не было. Ён нежанаты, пытанне наконт фiнансаў не паўставала, бо дзяцей у Джэз не магло быць i ёй не прыйшлося б кiдаць работу, а ў яго яшчэ было восем тысяч даляраў, што засталiся ад мацi. Яго здзiвiла, што Джэз прыняла гэта так блiзка да сэрца, што яе адносiны да яго так i не сталi цяплейшыя. Яна называла яго Мак, але адмаўлялася выпiць з iм, пайсцi разам на Катарыну Корнел цi ўзяць у яго цыгарэту. Ён павiнен быў прызвычаiцца да гэтага i доўгi час думаў, што гэта яму ўдалося. Пасля быў дзень нараджэння, а тут яшчэ Джэз з яе халоднасцю, i ён зразумеў, што жыццё праходзiць мiма.
Але зноў жа, справа была не ў нечым адным, а ва ўсiм разам. Ён кiдаў работу ў рэдакцыi не з-за Джэз цi таму, што апiсваў жыццё горада i штата, не прымаючы ў iм удзелу, альбо з прычыны таго, што ўчора ў капiтолii, у кафетэрыi сената, памёр ад сардэчнага прыступу сенатар Сэм Фокс. Усё гэта было не больш важкай прычынай, чым толькi што ўсвядомленая варожасць да сцяны капiтолiя, не больш значная, чым нават недарэчная цiкавасць да другога боку капiтолiя. Але ўсё ж другi бок капiтолiя хутчэй за ўсё можна было б назваць галоўнай прычынай. I тут ён зразумеў, на гэты раз раптоўна i з пачуццём жаху, што ён не збiраецца кiдаць газету нi ў той вечар, нi наогул. Ён ведаў, што такое ўладкаванасць. Ён разумеў, што гэта такое, калi справы iдуць добра. Ён застанецца з газетай, i газета возьме яго пад сваю апеку.
Ён адвярнуўся ад капiтолiя i паплёўся да стала. Джэз ужо была каля свайго стала, апранала палiто. Iдучы да выхаду, яна прыпынiлася, каб памахаць Грыну. Той кiўнуў галавой i нешта прадуднiў.
"Дабранач", - сказаў Макгiр, калi яна праходзiла каля яго стала.
"Дабранач", - сказала Джэз. "Так, так, добрай ночы", - паўтарыла Джэз, звяртаючыся да нечага ў сваiх думках.