- Ну, мо, не ўся, - таксама ўздыхнуў Лявон. - Пісакам з «Вячоркі» зусім блізка.
- Нядаўна з Міхасём Стральцовым выпівалі, - сказаў Юзік. - Вы тут прыбярыцеся, а я пайшоў у краму.
- Навошта? - зноў здзівіўся я.
- Куплю шклянку, - паглядзеў на мяне, як на немаўля, Скурко. - Сяброў без шклянкі не пакідаюць.
Ён знік у хмызах.
Мы з Лявонам сабралі друзачкі шкла і загарнулі ў газету.
- Пайшлі да Купалы, - прапанаваў я.
- Ідзі, - сказаў Лявон, - я тут пасяджу.
Як я цяпер разумею, ён пасаромеўся ісці да Купалы пасля таго, як пабыў у Паўлюка. Розныя постаці, розныя помнікі над іхнімі магіламі. Паўлюк Трус для Лявона з Юзікам быў сваім хлопцам. А на помнік Купалу шклянку не паставіш.
Юзік вярнуўся дзесьці праз гадзіну.
- Ледзь знайшоў, - сказаў ён, дастаючы з кішэні бутэльку.
- Гарэлку? - спытаў я.
- Шклянку, - дастаў з другое кішэні гранёную шклянку Юзік. - Гарэлку дзе хочаш купіш, а шклянку толькі ў спецыяльным магазіне. Ды і то не ў кожным.
- Малянкоўскіх шклянак скора зусім не будзе, - сказаў Лявон.
Ён як у ваду глядзеў. З развалам СССР гранёныя шклянкі з паяском бясследна зніклі.
Але тады, у сярэдзіне сямідзясятых, усё было зроблена як мае быць: у краме купілі бутэльку, а на помнік Паўлюку паставілі шклянку.
ГЕНЕРАЛ БЯЛЕВІЧ
Паэта Антона Бялевіча добра ведалі ў Беларусі: удзельнік партызансказа руху, аўтар шматлікіх паэтычных кніжак. У яго, дарэчы, ёсць верш пра тое, як разам з Піліпам Пестракам паэт пабываў у вёсцы Канапелькі. Ён заканчваўся словамі: «Я - паэму напішу, ён - раман напіша!» Напісалі.
Як кожны сапраўдны паэт, Антон Пятровіч любіў застоллі з маладымі паэтамі, калі можна і сябе паказаць, і іншых павучыць. Гарэлка хутка выпівалася, у кішэнях, як той казаў, як вымецена, і Бялевіч гучна аб’яўляў:
- Гайда да генералаў!
- Навошта? - здзіўлялася моладзь.
- Пазычым на бутэльку.
Ён браў за праважатага каго-небудзь з маладых паэтаў і накіроўваўся ў штаб.
- Генерал Бялевіч! - кідаў ён на хаду паставому - Гэты са мной.
Іншы раз фокус удаваўся, і Бялевіч пазычаў у знаёмага генерала траяк, а то і дзясятку.
- Як ён сюды трапіў? - прабіраў паставога генерал.
- Падобны... - апраўдваўся той.
Аднойчы «генерал Бялевіч» напярэдадні Новага года прыйшоў чытаць вершы на тэлебачанне. Эфір быў «жывы». У тыя часы гэта практыкавалася: паэта саджалі за стол, уключалі камеру, і ён барабаніў вершы па паперцы. Адзін рубель восем капеек за радок - аўчына была вартая вырабу.
Антон Пятровіч усеўся за сталом, на камеры запаліўся агеньчык, і ён пачаў: «Мы прыйшлі ў палескі край з Пестраком Піліпам...»
Памочніца рэжысёра, у абавязкі якой уваходзіла змена заставак на трынозе, з палёгкай уздыхнула і пайшла курыць. У яе было вольных пятнаццаць хвілін. Каб дым не ішоў у студыю, яна асцярожна прачыніла цяжкія двайныя дзверы. Па студыі праляцеў парыў скразняку, і ўсе паперкі, што ляжалі перад паэтам, здзьмула са стала, у ягоных руках застаўся толькі адзін лісток.
Верш скончыўся. У студыі запанавала цішыня. Бялевіч няўцямна паглядзеў на пусты стол. На памяць ён не ведаў ні сваіх вершаў, ні чужых. Тэлеаператар затросся ад бязгучнага рогату. Гукарэжысёру зрабілася кепска. Паэт уздыхнуў і палез пад стол. У кадры зрэдзь з’яўляліся то галава, то плячо, то рука с лістком паперы. Стос паперчын на стале паціху рос.
- Пераходзьце на нейтральную застаўку! - стагнаў рэжысёр.
Але памрэжка курыла, і памяняць застаўку не было каму.
Нарэшце ў кадр марудна запоўз паэт. Ягоны твар быў чырвоны, валасы дыбарам, на кончыку носа трымцела кропелька поту. Дрыгатлівай рукою ён узяў ліст паперы і прачытаў: «Пад акном адна ты не сядзі і да мяне, харошая, прыйдзі...»
Паэт змоўк. У такой крытычнай сітуацыі яму не даводзілася бываць нават у партызанскім атрадзе.
- Зблытаўся, - збянтэжана паглядзеў ён у камеру. - Пайду дахаты.
- Ой, мамачкі... - прашаптала памрэжка, якая ўжо вярнулася на сваё месца, абаперлася рукой на трыногу, і тая з грукатам абрынулася на падлогу.
Гукарэжысёр адключыла гук у студыі.
Гэта была апошняя «жывая» перадача Беларускага тэлебачання.
УБАЧЫЦЬ ПАРЫЖ - І ПАМЕРЦІ
Мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў, і я пачаў захаджваць у новы Дом літаратара ў Мінску. Мне падабаліся прасторныя холы, сакратарскія кабінеты і асабліва буфет, у якім каньяк, гарэлка і бутэрброды прадаваліся без рэстараннай нацэнкі.
У бары я часцей за ўсё выпіваў з супрацоўнікам Літфонду Сталяровым. Ён не быў пісьменнікам, але добра разбіраўся ў літаратуры.