- Ведаеш, якая самая вялікая загана ў тутэйшых пісьменнікаў? - спытаў ён, кульнуўшы чарку.
- Не, - пахітаў я галавой.
- П’юць ды не закусваюць!
Мы з ім закусвалі.
- А я на гістарычную радзіму сабраўся, - уздыхнуў Сталяроў.
- Куды? - здзівіўся я.
- У Ізраіль.
- Ты ж Сталяроў, - яшчэ больш здзівіўся я.
- Сталяровым я зрабіўся нядаўна, усяго сто гадоў таму. Дзеда перад Першай сусветнай прызвалі ў царскую армію. «Прозвішча?» - пытаецца пісар. - «Хаім Лейба Модаль», - адказвае дзед. - «Чым займаешся?» - чухае патыліцу пісар. - «Сталярнічаю». - «Сталяроў», - піша пісар. Тады з гэтым было проста.
- Ды і зараз нічога складанага, - згадзіўся я. - Сёння Габерман, заўтра Алексін.
- Не блытай божы дар з яечняю! - строга паківаў пальцам у мяне перад носам Сталяроў. - А лепш закусвай.
Аднойчы я зазірнуў у прыёмную першага сакратара праўлення. Сакратаркі на месцы не было.
- Заходзь! - паказаўся ў дзвярах гаспадар кабінета. - От ты мне якраз і патрэбны.
Я паціснуў плячыма і зайшоў у кабінет. Там быў наведвальнік.
- Вось, знаёмся, - прадставіў яму мяне першы сакратар. - Новы член нашага Саюза. Прабач, мне з ім трэба пагаварыць.
Наведвальнік крадком зірнуў на мяне, але з месца не скрануўся. Гаспадар узяў са стала нейкую паперу і пачаў углядацца ў яе. Мне зрабілася ніякавата.
- Ну, дык што, Іван? - нарэшце загаварыў наведвальнік. - Дасі кватэру ці не дасі?
- Макар! - плаксівым голасам сказаў гаспадар. - Я ж табе ў мінулым годзе чатырохпакаёвую даваў!
- Тады мы з дачкой з’язджаліся. А цяпер я разводжуся. Няхай падавіцца. Я згодны на двухпакаёвую.
- А што мне пісьменнікі скажуць? У іх таксама дочкі. І разводзяцца праз аднаго. У яго вунь зусім кватэры няма, - паказаў на мяне сакратар.
- Не магу ж я даваць усім адразу. Пачакай трохі.
- Ды я на гэтую ведзьму глядзець не магу! - плюнуў на палас наведвальнік. - Я табе так скажу, Іван, не дасі кватэру - пайду на самы верх.
- Не палохай, я і ёсць самы верх. Будзе магчымасць - выдзелім. Заяву ў жыллёвую камісію напісаў?
- Недзе тут. - пачаў корпацца ў кішэнях пісьменнік.
- Вось напішы заяву і занясі.
Наведвальнік устаў і паволі выйшаў з кабінета.
- Распляваліся! - зацёр нагой плявок на дыване сакратар. - Ідуць і ідуць - то кватэру, то машыну, то дачка замуж пайшла. Я што - з кішэні дастаю гэтыя кватэры?
Я далікатна змоўчаў. Першы сакратар нашага Саюза быў старшынёй Вярхоўнага Савета рэспублікі і мог дастаць з кішэні што заўгодна. Зазваніў адзін з пяці тэлефонных апаратаў на стале.
- Масква! - беспамылкова вызначыў гаспадар і падняў трубку. - Я. Дэлегацыя ў Парыж у канцы года? Праз тыдзень? Не, не паеду, у Парыжы я нядаўна быў. Ды не, ніхто з нашых не паедзе. Ага, тэлефануй, калі што.
Ён паклаў трубку.
- Дык што ў цябе? - паглядзеў ён на мяне.
- Вы хацелі пра нешта пагаварыць са мной.
- Пагаварыць? Ну, так. Пішы, хлопец, апавяданні. І аповесці пішы.
Пасталееш - сядзеш за раман. Я вось адразу з рамана пачаў, сямсот старонак! У Парыж трэба ехаць - а не магу, пішу новы раман. Так што ідзі працуй. А Парыж - цьху! Выедзенага яйка не варты.
І я з ім пагадзіўся. Ніякі Парыж мне тады не быў патрэбны. Зрэшты, як і цяпер.
А кватэру я праз паўгода атрымаў. Застойны час.
ДАЛЁКА АТ РАДЗІМЫ
У літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання я працаваў у другой палове семідзясятых. Гэта, канечне, быў застойны час, аднак і тады адбывалася сёе-тое цікавае. Аднойчы ў буфет Дзяржтэлерадыё, які быў запоўнены натоўпам памочнікаў рэжысёра, адміністратараў, гукарэжысёраў і розных рэдактараў, увайшлі акцёры Вахтангаўскага тэатра. У тыя дні ён гастраляваў у Мінску. Усе яны былі ў адметных гарнітурах і гальштуках. Першым ішоў, натуральна, Міхаіл Ульянаў. За ім шпацыравалі Мікалай Грыцэнка, Вячаслаў Шалевіч, Васілій Ланавой. Завяршаў шэсце, што таксама было зусім натуральна, Юрый Якаўлеў. У буфеце зрабілася ціха.
- Мамачкі! - піскнула памрэжка Светачка, што сядзела побач са мной, і ўпусціла з рук нож, а за ім і відэлец.
Я пару тыдняў назад усю ноч распісваў «пульку» з таганскімі хлопцамі Высоцкім, Залатухіным і Смехавым, і таму зрабіў выгляд, што вахтангаўцаў не заўважаю. А тыя, у свой чарод, не заўважылі чаргу і прайшлі адразу да барменшы Людмілы, якая падцягнула жывот і крыху адтапырыла азадак, трэба сказаць, немаленькі. У чарзе ніхто не абазваўся ні гукам.
- Гляньце, а тут наліваюць! - сказаў Якаўлеў голасам Івана Васільевіча, які мяняе прафесію, і прагучала гэта зусім па-царску.
- Адставіць! - не павярнуўшы галавы, сказаў Ульянаў. - Па кубку кавы і бутэрбродзе. Увечары, між іншым, спектакль.