Выбрать главу

Голас у яго таксама быў што трэба.

- Якія мужчыны!.. - прастагнала за маёй спінаю адна з тэлевізійных дам.

Светачка і гэтага прастагнаць не магла. У яе трэсліся рукі, дрыжала

падбароддзе і імкліва набрыньвалі вільгаццю вочы.

«А ты што млееш? - падумаў я. - Даўно пара ісці замуж за якога- небудзь тэхніка або асвятляльніка».

Акцёры выпілі каву за барнай стойкаю і пайшлі ў студыю.

А я паехаў у Дом літаратара запісваць творчы вечар пісьменніка Алеся Рыбака.

- Пісьменнік, канечне, не першага рада, - сказаў Валянцін Цімафеевіч, мой галоўны рэдактар, - але пазванілі з ЦК. Да нядаўняга часу працаваў у Крамлі, перакладаў на беларускую мову ўказы і пастановы.

- Навошта? - спытаўся я.

- Што «навошта»?

- Каму беларуская мова ў Крамлі патрэбна?

- Не твайго розуму справа! - зрабіўся барвовы Валянцін Цімафеевіч.

Ён яшчэ не забыўся пра вымову, якую яму ўляпілі з-за мяне.

Я сядзеў у рэдакцыі, калі зазваніў адзін з тэлефонаў. Я падняў трубку.

- Хто там? - рыкнула трубка.

- А там хто? - пацікавіўся я.

Канечне, я пазнаў голас намесніка старшыні Дзяржтэлерадыё. Трубка зайшлася гнеўнымі кароткімі гудкамі.

Ва ўсёй гэтай гісторыі мяне здзівіла, што вымову аб’явілі не мне, а галоўнаму рэдактару. Відаць, выносіць пакаранне зброду накшталт мяне для начальства было ніжэй ягонай годнасці.

- Затое ў іх заробак нашмат большы, - сказаў я, калі мы абмяркоўвалі гэты факт у курылцы.

- А цябе ў наступны раз выганяць, - сказаў Васіль Шымко.

Ён быў сваяк Валянціна Цімафеевіча. Я на Васіля не пакрыўдзіўся.

Дык вось, мне было даручана запісаць творчы вечар Алеся Рыбака, і я безадгаворачна падпарадкаваўся.

- Рыбак не твой сваяк? - на ўсякі выпадак спытаўся я Васіля, з якім сутыкнуўся на выхадзе са студыі.

- Пайшоў ты! - зазлаваў той.

Да сямі гадзін вечара зала Дома літаратара практычна запоўнілася. Напрыканцы семідзясятых пісьменнікі карысталіся павагаю. Ды і ў кожнага з іх было поўна сваякоў і знаёмых. Я сядзеў у першым радзе. Гэта была адна з нямногіх прывілеяў прафесіі тэлевізійнага рэдактара - быць на вачах.

Алесь Рыбак выйшаў на сцэну. Быў ён невысокі, але вельмі паважны. Узяўшыся рукой за падбароддзе, пісьменнік некалькі разоў прайшоўся з аднаго боку сцэны ў другі. Увесь ягоны выгляд паказваў, наколькі пачэсная, цяжкая і адказная пісьменніцкая ноша. Нарэшце ён спыніўся перад мікрафонам.

- Вельмі доўгі час, - пачаў Рыбак, - я жыў далёка ад радзімы. Я працаваў у Крамлі.

Зала выбухнула апладысментамі.

- Лепш за пісьменнікаў гавораць толькі генералы, - сказаў рэжысёр Слава, калі я ў перапынку падышоў ды яго. - Даўно я не плакаў ад рогату.

- Я таксама пісьменнік, - чамусьці пакрыўдзіўся я.

- Але не з Крамля. Пішы, дарагі, раптам атрымаецца.

На жаль, нічога падобнага ў мяне не атрымалася.

НА ДАЧУ ДА КАРАТКЕВІЧА

Так сталася, што Уладзіміра Караткевіча, аўтара «Дзікага палявання караля Стаха», «Чорнага замка Альшанскага» і «Зямлі пад белымі крыламі» пры жыцці лепш ведалі ў Берліне, Варшаве і Празе, чым у Маскве. Я на свае вочы бачыў у «Литературной газете» артыкул пра вядомага польскага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.

На Беларусі ён часцей за ўсё друкаваўся ў часопісе «Маладосць», у якім я ў канцы сямідзясятых працаваў у аддзеле нарыса і публіцыстыкі.

Аднойчы Уладзімір Сямёнавіч прыйшоў да нас з новым нарысам. Мы тут жа наладзілі застолле. Нягледзячы на тое, што рэдакцыя часопіса знаходзілася ў будынку ЦК камсамола, мы дазвалялі сабе выпіць чарку-другую з аўтарамі, тым больш такімі, як Караткевіч. Інструктары-цэкамольцы нас люта за гэта ненавідзелі, але зрабіць нічога не маглі. Творцам многае дазвалялася нават пры Сталіне.

Махнула крылом адна бутэлька, за ёй другая. Нечакана ў наш пакой увайшоў галоўны рэдактар часопіса Генадзь Бураўкін. Звычайна галоўныя пазбягалі застолляў з радавымі супрацоўнікамі, але тут усё-ткі Караткевіч.

- А да мяне завітаў пісьменнік з Літвы, - сказаў Генадзь Мікалаевіч.

- Галоўны рэдактар часопіса «Яўніма гратас».

- І яму нальем, - дастаў я з партфеля трэцюю бутэльку.

Літоўскі пісьменнік, такі ж самавіты, як і Бураўкін, ніколькі не ганарыўся. Наадварот, ён сказаў доўгую і напышлівую прамову пра тое, што лічыць за шчасце чокнуцца са славутым пісьменнікам Караткевічам. Бураўкін расчуліўся, схадзіў у свой кабінет і дастаў з сейфа штоф «Белавежскай».

- А паехалі да мяне на дачу! - падняўся ва ўвесь свой немалы рост Караткевіч. - Нядаўна тры літры старадарожскай самагонкі прывезлі. Закусім мядзведжай лапаю.