Выбрать главу

— А я i не ведала, што ты ў дзяцiнстве быў такi паганец, — падсумавала яна.

А мне падумалася, што яшчэ паглядзiм, хто здасць бутэлькi пасля вашай смерцi.

ХХ. ГАЗАВІК

У кватэру зайшоў Газавiк са стажорам.

Напярэдаднi яны паставiлi ў гэтай кватэры новую польскую плiту, але ў гаспадынi не знайшлося тады патрэбных грошай, каб разлiчыцца. Яна папрасiла зайсцi праз тыдзень i паабяцала акрамя грошай бутэльку вiна.

Газавiку было гадоў пад сорак, але, як i ўсе людзi сантэхнiчнага занятку, ён меў такi выгляд, што адразу сказаць, колькi яму — 25 цi 50, — было немагчыма. Высокi, але крыху сутулаваты, хударлявы, з цёмным ад алкаголю тварам, ён i ўзiмку i ўлетку насiў цёмна-сiнюю балонневую куртку. У правай руцэ ён трымаў парэпаную, але важкую валiзку з рыштункам. У адрозненне ад кучаравага стажора, Газавiк менш за ўсё паходзiў на Дон Жуана.

Гаспадыня заўсмiхалася i, замест таго каб схадзiць па грошы i вiно, запрасiла Газавiка прайсцi ў пакой. Той скiнуў боты i ў тоўстых ваўняных шкарпэтках пайшоў за жанчынаю. Дзверы за сабой Газавiк не зачынiў.

Стажор пачуў настойлiвы шэпт, потым смех. Калi наступiла цiшыня, ён крадком наблiзiўся да дзвярэй, але ўбачыў толькi пустую частку пакоя. Зазiрнуць ён не наважыўся, затое пачуў шапаценне сукенкi i шорах балонневай курткi. Пра тое, што дзеецца ў нябачнай частцы пакоя, стажор, вядома, здагадаўся. Ён раптам адчуў, як налiваецца гарачынёю твар.

Газавiк выйшаў з пакоя ўвесь чырвоны. Куртку ён зашпiляў на хаду. Дзверы засталiся шырока адчыненыя. Стажор убачыў жанчыну, што ляжала на стале, шырока раскiнуўшы ногi. Яна глядзела на хлопца i ўсмiхалася. Той сумеўся i не адразу ўцямiў, што жанчына знарок засталася ў такой недвухсэнсоўнай позе.

— Э-эй, — жанчына ўзмахнула рукою. — А ты хiба не хочаш атрымаць свой заробак?

Стажор зрабiў крок, але ўспомнiў, што не зняў чаравiкi, i спынiўся.

— А можа, ты iмпатэнт? — кватэру запоўнiў смех. — Цi ты не хочаш? — жанчына села на стале. — А я вось, была б толькi магчымасць, з ранiцы да самага вечара займалася б толькi сексам!

Стажор, не зняўшы чаравiкi, падышоў да стала i, стоячы, зрабiў тое, чым так хацела займацца жанчына з самай ранiцы i ажно да вечара.

Калi Газавiк са стажорам выйшаў з кватэры, дык закурыў папяросу i сказаў:

— Адразу вiдаць, што ў хаце няма гаспадара.

— Лепш бы мы грошы i вiно ўзялi, — у тон працягнуў стажор.

— Слiмак! — сказаў Газавiк i ўдарыў стажора кулаком у патылiцу.

Частка трэцяя

XXІ. НАТУРШЧЫЦА

Два жывапiсцы, калматы i рудабароды, накiроўвалiся да мансарды ў майстэрню з бутэлькай кубiнскага рому "Havana Club", калi сустрэлi Натуршчыцу.

— Вы куды? — спыталася яна.

Мастакi паказалi "Havana Club".

— Я з вамi, — узрадавалася Натуршчыца.

Калi рому ў бутэльцы паменшала недзе напалову, жанчына ўстала i заявiла:

— Хачу танчыць!

Калматы i рудабароды прамаўчалi.

— Буду танчыць аголеная, а вы будзеце мяне жывапiсаць...

Мужчыны нiчога не адказалi.

Натуршчыца зайшла за шырму, дзе распранулася цалкам. Потым выйшла на сярэдзiну пакоя i пачала скакаць. Вялiкае белае цела хвiлiн пяць лётала па майстэрнi, ажно пакуль не заскавытаў дзвярны замок. Жанчына войкнула i заляцела за шырму. Рудабароды адчынiў дзверы. На парозе стаяла суседка:

— Што тут у вас творыцца? Вы што, каня сюды прывалаклi? У мяне жырандоля ледзь-ледзь не абарвалася. А як абарвецца — то ўжо будзеце плацiць. А вы хоць ведаеце, колькi яна каштуе?

Рудабароды сцепануў плячыма.

— Вось-вось, не ведаеце, таму i скачаце. 1200 рублёў яна каштуе! І калi толькi што — давядзецца заплацiць...

— Скакаць больш не будзем, — рудабароды спынiў суседку.

— Я папярэдзiла, каб потым не казалi, што не ведалi. 1200 рублёў!

— Заплацiм! — мастак зачынiў дзверы.

Натуршчыца выйшла з-за шырмы i запрапанавала выпiць. Калматы разлiў па шклянках ром. Натуршчыца выпiла стоячы, паставiла шклянку на стол i села на каленi да рудабародага. Той высока ўзняў поўную шклянку i ўсклiкнуў:

— Карцiна Рэмбранта "Аўтапартрэт з Саскiяй"!

— На Саскiю яна не цягне, як i ты на Рэмбранта, — з'едлiва зазначыў калматы мастак, было вiдаць, што ён пакрыўдзiўся на жанчыну, бо тая села на каленi не да яго.

— Затое ў пана Рэмбранта Харменса ван Рэйна не было... — рудабароды са смакам выпiў свой ром.

— А ў мяне лепшая фiгура, чым у тваёй Саскii. Ты толькi ўспомнi тую карову: жывот вiсiць, грудзi вiсяць i яшчэ складкi тлушчу на спiне.

— Не было ў Саскii нiякiхскладак сала. Ты пераблытала Рэмбранта з Рубенсам, — баранiўся калматы.