— Часопiс? — сяброўка здзiвiлася.
— Памятаеш вокладку: я аголеная трымаю ў руках кавалак паўпразрыстага шкла? Твару не вiдаць. А ўсё астатняе... Каму якая справа? Гэта ж мая праца, слушна? Чаму ўсiм зайздросна, што ў мяне прыгожае цела? І таму яго трэба хаваць у саўкоўскiх анучах?..
— Дый не павiнна ты хаваць сваё цела, — пераканана сказала непрыгожая сяброўка.
— А, можа, Мiколенька думае, што я была б супраць, каб i яму прапанавалi сфатаграфавацца на вокладку? Ды нi ў якiм разе, фатаграфуйся, колькi заўгодна... Толькi нiхто не прапануе. На твары ж не напiсана, што дзед пакiнуў паўмiльёна ў спадчыну? А Мiколенька ўпэўнены, што ўсё гэта вiдавочна, што, маючы грошы, можна здзекавацца з каго заўгодна. Ён упэўнены, што мне падабаецца займацца сексам у ягонай смярдзючай машыне. Ну, я разумею, была б сапраўдная машына, дзе можна было б легчы. А ў гэтай, калi ўвесь час пяткi каля вушэй, рукi невядома дзе, а рухацца зусiм немагчыма, бо цi што-небудзь разаб'еш, цi то сам падзярэшся аб якi-небудзь незакручаны вiнт. У Мiколенькi кватэра i дом за горадам... Але ж гэта для iншых, а для мяне — машына... Ты ведаеш, пра што я падумала?
— Не, — сказала сяброўка.
— Напэўна, у Мiколенькi ўсе астатнiя палюбоўнiцы такiя тоўстыя, што з iмi нельга займацца сексам у машыне. А са мной можна, я ж такая гнуткая, што можна злавiць кайф нават у машыне. Але гэтага больш не будзе. Хай ён задавiцца сваiмi грашыма разам са сваiмi сытымi каханкамi. Абнаглеў, казёл. Я прыходжу, а ён мне часопiс паказвае i крычыць: "Ты — прастытутка!" І б'е мяне часопiсам па твары... Казёл! Не дарую. Нiколi не дарую...
Манекеншчыца заплакала.
Сяброўка спачувальна захiтала галавою:
— Ён не варты тваiх слёз. Не плач...
Садоўнiк жыве на беразе мора, у вёсцы. Уяго маленькi дамок i палiсаднiк.
Шторанiцы Садоўнiк iдзе ўздоўж берага на працу. І можна ўбачыць на золку, як шырокiм крокам абпалены сонцам i ветрам малады чалавек iдзе i нясе на плечыках белую накрухмаленую кашулю. На Садоўнiку чорныя нагавiцы i чорныя паўчаравiкi, нiякай iншай вопраткi ён не прызнае. А белую накрухмаленую кашулю ён ускладае толькi ўвечары. А пакуль ён кiруецца да шматпавярховага гатэля, пры якiм адказвае за невялiчкi батанiчны сад.
Чаго толькi няма ў тым садзе. Даўгапёрыя грывы пампаснай травы паселi ўздоўж цэнтральнай алеi. А з другога боку прысады, зараснiкi гонкага шапаткога бамбуку, якi адгароджвае сад ад пляжа i марскога ветру. А ў самым цёмным кутку саду, каля сметнiка, сядзiць алейна-зялёны куст — Юдава дрэва, дый навявае нядобрыя думкi. Але тое цёмны кут, а ў самым светлым — ружы, iх шмат, яны розныя: i барвовыя, i крэмавыя, i колеру сырадою. Разы два цi тры на тыдзень Садоўнiк складае з тых ружаў букет, але пра букет крышачку пазней. Над разарыем узвышаюцца магутналiстыя фiнiкавыя пальмы. Калi Садоўнiк акуратна падразае магутныя лiсты, дык пальмавы ствол робiцца падобны да вялiкага ананаса. Можна бясконца захапляцца напалову рукатворным шэдэўрам Садоўнiка, але... Але надыходзiць час, i на сад апускаецца ноч. Садоўнiк iдзе да мора. Ён агаляецца i доўга плавае — змывае стому. Потым ён вяртаецца ў свой дашчаны садовы будан, дзе ўскладае хрумсткую ад крухмалу кашулю, бярэ букет ружаў i крадком падыходзiць да гатэля. Садоўнiк грукае ў шыбу медпункта. Акно адчыняецца, i Садоўнiк падае букет медсястры. На падаконне ён уздымаецца зусiм нячутна. Медсястра зачыняе акно i апускае жалюзi, а толькi тады запальвае святло. Яна ладная ў белым халаце. У яе такiя цёмныя смочкi, што нават праз халат i станiк свецяцца дзве павабныя плямiнкi. Медсястра кладзе букет на стол. Садоўнiк здымае з сябе кашулю i кiдае на падлогу, i ў гэтым руху ўся ягоная страсць. Ён жа для гэтага руху i прасуе кашулю i носiць яе на плечыках аж два кiламетры. Медсястра скiдае халат i здымае станiк. Чорныя смочкi клiчуць Садоўнiка. Ён ужо распрануўся i дапамагае жанчыне выслiзнуць з вузкай спаднiцы. Аголеную медсястру Садоўнiк кладзе на белую вузкую канапу. Жаночыя ногi ўздымаюцца высока ўгору, калi мужчына накрывае грудзьмi тугiя смочкi. Садоўнiк не любiць ноч, таму ў медпункце гарыць святло. Жаночыя рукi кладуцца на клубы Садоўнiка. Непастаўленыя ў ваду ружы напаўняюць пакой садовым водарам. Медсястра ўстае з канапы i ўскладае станiк. Як i большасць жанчын, яна ўскладае спачатку станiк, а потым майткi. Як i ў большасцi жанчын, у яе ёсць муж i дзецi, але толькi ў яе адной ёсць Садоўнiк, якi ўжо апрануўся i трымае пад пахаю пакамечаную кашулю. Медсястра гасiць святло. Садоўнiк нiколi не забывае забраць букет. Сцежкаю, што абсаджана вастраiклаю апунцыяй, ён iдзе да Юдавага дрэва, паўз яго на сметнiк, дзе выкiдае букет. Садоўнiк не любiць ноч, бо ягоны любiмы сад запоўнены адпачывальнiкамi, што ў цукерачным водары алеандры п'юць са слоiкаў кiслае вiно i кiдаюць цыгарэтныя недапалкi у разарый. Яны абрываюць лаўравiшню, абломваюць галiнкi найстаражытнага дрэўца гiнка, набiваюць пакеты эўкалiптавым лiсцем, а ў паштовыя канверты запiхваюць ружова-жоўтыя пэндзлiкi-мяцёлачкi альбiцыi — яны нiшчаць сад. І ўсё робiцца ўначы, калi Садоўнiк iдзе дадому, трымаючы пад пахаю пакамечаную кашулю i дзеравяныя плечыкi.