Выбух уратуе свет! Выбух, гэта дакладна. І хай сабе гэта будзе выбух пачуццяў.
Вось я i жыву цяпер разам з Лабаранткаю i працую ўдвая-ўтрая больш, чым раней. А ўночы я з ёй катаюся на тралейбусах. Вы нас, пэўна, бачылi. Я ў доўгiм шынялi, ботах i шапцы-вушанцы, адным словам — анархiст. А Лабарантка мая заўсёды букет у руцэ трымае — цi то лiсця, цi то кветак, цi сухiх галiнак. Ну, вядома, бачылi вы нас у тралейбусе, ноччу, з букетам. Вось, слушна, гэта ў мяне пад левым вокам намаляваная чырвоная пяцiканцовая зорка.
Частка чацвёртая
Абiтурыент i абiтурыентка здалi перадапошнi iспыт дый вырашылi адзначыць падзею. Прыдбалi пляшку празрыстай настойкi "Беларуская арыгiнальная" i паехалi на электрычцы за горад. У лесе абiтурыенты расклалi вогнiшча. Яны пiлi горкую настойку, салодка цалавалiся i не заўважылi, як прайшоў час. Каб хутчэй дабрацца да станцыi, абiтурыенты пайшлi не па дарозе, а пашыбавалi праз жытнёвае поле — напрасткi. Пасярод поля абiтурыенту да смерцi захацелася зведаць жанчыну. Ён нiколi не меў жанчыны, таму засаромеўся самога сябе, але выпiтая "Беларуская арыгiнальная" i ўспамiн пра пацалункi ля вогнiшча падштурхнулi да наступу. Ён нязграбна блытаўся ў трох словах, пакуль прапанаваў спынiцца i адпачыць. Абiтурыентка не адказала, але, калi той на зямлi разаслаў сваю марынарку, яна пакорлiва апусцiлася на каленi. Хлопец i дзяўчына пажадалi зрабiць тое, што iм хацелася ўтварыць у лесе. Абiтурыентка занервавала, бо сяброўкi папярэджвалi: як толькi мужчына ўвойдзе ў цела — з'явiцца боль, i ўсё адно ёй страшэнна жадалася, каб менавiта тут, на полi, зараз, неадкладна тое i здарылася. Дзяўчыну здзiвiлi памеры чэлеса ў эрэкцыi, яна раптам забаялася, што не зможа прыняць яго ў сябе, што ёй будзе страшна балюча. І разам з гэтым яна хацела падабацца хлопцу, якi гэтаксама баяўся за сваю няўклюднасць i недасведчанасць у iнтымных справах. Абiтурыент з абiтурыенткаю валтузiлiся ў жыце, яны спрабавалi хутчэй здзейснiць наканаванае, але нiчога ладнага не атрымлiвалася. Яны не ўмелi мiлавацца. Нi яго, нi яе нiхто не навучыў мастацтву цялеснае любовi. Яны адно ведалi, што павiнна адбыцца надзвычайная падзея, таму працягвалi валтузню на пакамечанай марынарцы. Нарэшце хлопец здагадаўся дапамагчы свайму чэлесу рукою i зрабiў рызыкоўны рэзкi рух дый пачуў, як правалiўся ў апякальную глыбiню. Жанчына выгнулася насустрач мужчынскай сiле. Мужчына адхiнуўся ад жанчыны. Ад выгляду крывавых рагаў на жаночых сцёгнах i клубах яму зрабiлася зiмна.
— З мяне выцеча ўся кроў, — упэўнена прамовiла абiтурыентка i пачала абцiрацца хусткаю.
— Як ты пойдзеш? — пераадольваючы млосць, выцiснуў з сябе абiтурыент.
— Уздзену нагавiцы i пайду...
Яна ўжо зашпiляла гузiк на джынсах, калi зусiм побач зашамацела жыта i пачуўся гучны пранiзлiвы свiст. Абiтурыенты павярнулiся на гук i пабачылi мужчыну ў белым шаўковым строi, зялёнай кашулi ды жоўтым саламяным канацье. Ён высока ўзняў тонкi драўляны кiй, так дырыжор узнiмае палачку за iмгненне да ўверцюры, i сказаў:
— Вы, як бачым, ладны лапiк жыта выкачалi. І трэба вас пакараць. Але ўлiчваючы ўмовы, — пакаранне будзе няцяжкае. Каля вашых ног ляжыць камень. Вазьмiце яго i вынесiце з поля дый кiньце каля дарогi. Я — Палявiк i страшэнна не люблю камянёў, што ляжаць на палях.
Па гэтых словах Палявiк упаў у жыта дагары тварам, i па полi разышлiся хвалi, такiя кругi iдуць па цiхай вадзе, калi кiнеш камень.
Абiтурыент узяў на рукi цяжкi, як падняць, валун i, пахiстваючыся, рушыў да дарогi. Абiтурыентка iшла следам i несла перапэцканую марынарку.
Апошнi iспыт абiтурыент здаў на "выдатна", а вось абiтурыентцы не пашанцавала — паставiлi "двойку". Радасць i гора яны адзначылi паасобку: яна глядзела штучную эротыку ў вiдэасалоне, а ён з сябрамi пiў горкую настойку "Беларускую арыгiнальную".
Ад самае ранiцы сыпаў дождж. Пастух, хлопчык, iшоў за статкам i раз-пораз папраўляў велiкаватую, бо дзедава, кепку. Ватоўка набрыняла вiльгаццю i зрабiлася цяжкаю. Дождж церусiў на люстраную гравiйку, на пярэсты статак кароў, на груды, на прыдарожныя хмызы, на ўвесь Божы свет... Хлопчыка пакiнулi на дарозе, каб якая з кароў не высунулася на гравiйку i яе, крый Бог, не збiў самазвал.