Выбрать главу

У ватоўцы ляжаў пачак "Прымы" i запалкi. Пастуху закарцела папалiць, але ён саромеўся старых цётак, якiя абавязкова скажуць ягонай бабе, калi ён толькi запалiць. Хлопчык быў якраз у тым узросце, калi пачынаюць пацiху палiць у зацяг, але калi яшчэ год цi два саромеюцца рабiць гэта на вачах старэйшых.

Каровы скублi чэзлую траву на адхонах. Дождж патроху ацiх. Халаднаваты вецер пагнаў па небе спачатку цёмныя, а потым святлейшыя i зусiм белыя аблачынкi. У высокiм блакiце паўстала сляпучае, да зялёнага, сонца. Пастухi пагналi кароў на поплаў. Хлопчыка паставiлi запыняць ад рэчкi. Ён скiнуў ватоўку i зняў кепку, бо высокае сонца ўжо добра прыпякала. Захацелася пiць, але вада ў рэчцы плыла высокая i рудая пасля дажджу. Пастух пабег да старой, што пiльнавала кароў збоку поля, каб не стапталi грэчкi. У старой знайшлася бутэлька малака, заткнутая газетным коркам. Хлопчык выпiў палову, падзякаваў i пайшоў было да рэчкi. Але праз колькi крокаў спынiўся, каб яшчэ раз сказаць "дзякуй за малако".

Старая кабета стаяла на ўскрайку чырвонага поля грэчкi, тварам да хлопчыка. З-пад доўгае чорнае спаднiцы, памiж расстаўленых босых ног, на нiзкую траву з шалёсткiм шумам падаў iскрысты струмень. Хлопчык пачырванеў, як зачараваны, ён не мог адвесцi вачэй ад зiхоткага струменя, што ляцеў на зямлю i рассыпаўся на дыяментавыя драбочкi.

— Чаго стаў? Ідзi. Старая ўжо я, — загаварыла кабета. — Цi ж ты сам так не робiш?

— Раблю, — адказаў Пастух i павярнуўся да яе спiнаю.

Увечары зноў сабралася на дождж. І калi прыгналi статак у вёску, дык Пастух адразу пабег на балота да хлапцоў, што клалi вогнiшча, каб паспець да дажджу расказаць пра тое, як старая рабiла стоячы i нават спаднiцу не задзiрала. Пачаў накрапваць дождж. Пастух дабег да вогнiшча. Але так нiкому i не распавёў — пасаромеўся.

XXXІІІ. КАРЭСПАНДЭНТКА

Прывiтанне!

Адразу папрашу: абавязкова i неадкладна прачытайце мой лiст на тэлевiзii. Ён шмат каго папярэдзiць i прымусiць задумацца над уласнымi паводзiнамi.

Справа ў тым, што я пастаянна займаюся мастурбацыяй — сексам сам-насам.

Першы раз я задаволiла сябе ў чатырнаццаць гадоў. Мяне заўсёды вабiла ўласнае цела. Я любiла стаяць перад люстэркам i разглядаць свой твар. Уключала музыку, рухалася i назiрала за адбiткам. Прыдумала: распранацца i танчыць аголенай. Само па сабе атрымалася i гэта. Я нават спярша не зразумела, што адбываецца. Рукi самi песцiлi грудзi, пальцы знаходзiлi прыемныя зоны — пагладжвалi жывот i сцёгны, пакуль не трапiлi ў патаемнае месца. Было невыказна добра.

Танцы перад люстэркам занялi ўсе думкi, усе мары, засланiлi ўсе жаданнi... Я танчыла — танчыла штодня.

Мне — шаснаццаць гадоў. Я даволi прывабная дзяўчына, i шмат хлопцаў выказваюць мне сiмпатыi... У мяне больш чым дастаткова знаёмых мужчын, але, у адрозненне ад iншых дзяўчат, застаюся цнатлiваю, калi толькi можна так гаварыць пра чалавека, якi штодня з замiлаваннем глядзiць у люстэрка... Здаралася безлiч выпадкаў, калi я магла згубiць цноту, але... Цi патрэбна? Я задавальняю сябе цалкам. Больш таго, нiхто са знаёмых не вабiць мяне як уласна мужчына. Даволi дзiўна, праўда? Але пачуццё гiдлiвасцi выклiкаюць i дзяўчаты, асаблiва тыя, што самазадавальняюцца з дапамогаю фотакартак з тварамi вядомых тэлевiзiйных актораў. Зусiм незразумелае вычварэнне! Да думкi, што мне не падабаюцца нi жанчыны, нi мужчыны, я прыйшла нядаўна — мне зрабiлася страшна. Мне жахлiва, што нiколi не нараджу дзiця, нiкому не стану мацеркаю... Пужаюся, так-так, менавiта пужаюся сексу з мужчынамi. Нават не столькi страшна, колькi гiдка ад уяўлення сексу з мужчынамi. Ад адной думкi, што побач i ўва мне мужчына, — апаноўвае жудасць.

Можа, я ненармальная, i трэба лекавацца?

Але я не ведаю, да каго звярнуцца, бо мой любiмы адбiтак у люстэрку толькi задае пытаннi. Дзе ж адказ?

Зрэшты, не трэба чытаць мой лiст па тэлевiзii, бо ведаю: секс сам-насам найпрыемнейшы ў свеце занятак. А калi хто супраць, дык толькi таму, што нiчога не разумее ў асалодзе.

Бог з вамi.

Бывайце.

ХХХIV. ДАМАВІК-5

Дамавiк назiраў за жанчынаю з цёмнага кута. Тая сядзела за пiсьмовым сталом i складала лiст у рэдакцыю папулярнага часопiса. Настольная лямпа ярка асвятляла аркушы, вырваныя са школьнага сшытка. Дамавiк чытаў:

"Прывiтанне, часопiс "АВС"!

Маё iмя — Анжэлiка. Мне дваццаць два гады. Працую сакратаркаю. Але асноўны занятак — прастытуцыя".