Мужчына, як толькi ачомаўся, адразу заявiў у пастарунак, але злачынцу колькi нi шукалi, а так i не знайшлi. Так што рапараваўся "опель" за кошт гаспадара.
Больш той машыны нiхто не чапаў, таму можна сказаць, што спраўдзiлiся словы знаёмца, якi сказаў: "А Дваравiк катаецца толькi на новых, дагледжаных, блiскучых, што тыя лялькi, машынах..."
У Спявачкi быў слабы голас. Яна мела фiласофскую адукацыю i густ. Выкшталцонасць дапамагала выбiраць тэксты песень, а густ маскаваў слабiну вакальных даных. Таму Спявачка даволi паспяхова запiсвала кампазiцыi на радыё. Музыку яна прыдумвала сама, а вось iграць запрашала музыкаў з рок-гуртоў i кансерваторыi.
Музыкаў прыходзiла шмат — хто пайграць, хто паслухаць, а хто i папiць гарбаты. На адной з рэпетыцый адбылася сварка. Спявачка не пагадзiлася з партыяй, што прапаноўвала вiяланчэлiстка. А тая, не — каб саступiць, пачала ўпiрацца i настойваць на сваiм варыянце. На бок вiяланчэлiсткi стала яшчэ i скрыпачка. Тады Спявачка папрасiла iх пайсцi з кватэры. Калi вiяланчэлiстка са скрыпачкай сыходзiлi, дык нагадалi ўсiм, што ў Спявачкi слабы голас. І яшчэ запэўнiлi, што больш рэпецiраваць i запiсвацца на радыё ў такой падвязцы яны не будуць. Спявачка таксама нагаварыла шмат рознага на музыкантак, пакуль тыя чакалi лiфта.
Музычны крытык, якi тым часам пiў гарбату, вырашыў суцешыць пакрыўджаную. Ён дастаў з валiзкi дый паставiў на стол бутэльку вiна. Спявачка i крытык выпiлi партвейн. Яна супакоiлася, а ён узбудзiўся, бо захацеў перайсцi ад тэарэтычнага суцяшэння да практычнага. Крытык пагладзiў сваё зарослае рыжай шчэццю падбароддзе i сказаў:
— У цябе выдатны густ.
— У мяне слабы i не пастаўлены голас, — сумна вымавiла Спявачка.
— У цябе выбiтная пастава i доўгiя ногi, ты цудоўна выглядаеш на сцэне.
— А ў жыццi я выглядаю блага? — iранiчна пацiкавiлася яна.
— Калi ты побач, дык ногi мне падабаюцца ўдвая больш, чым на сцэне...
— А што табе падабаецца ў маiх нагах? — Спявачка пасунула спаднiцу i агалiла каленi.
Крытык укленчыў каля спяваччынага крэсла i зашаптаў:
— Мне падабаецца ўсё, што вышэй калень.
— Табе падабаюцца сцёгны? — удакладнiла жанчына.
— Сцёгны i... — крытык пацалаваў спяваччына сцягно каля самага краю ўзнятае спаднiцы.
— Якi ты колкi! Чаму ты не пагалiўся?
Крытыкавы вушы пачырванелi, i ён пачаў апраўдвацца:
— У iнтэрнаце другi дзень няма гарачай вады.
Раптам застракатаў дзвярны званок. Спявачка абсунула спаднiцу i пабегла адчыняць. Крытык падняўся з калень i сеў за стол. Ягоны няголены твар азмрочвала расчараванне. У кватэру ўляцела запыханая круглавокая жанчына — менеджэр Спявачкi.
— Ты прагнала скрыпачку i вiяланчэлiстку?! Яны патэлефанавалi i заявiлi, што не будуць выступаць з табой. Я месяц шукала iх, а ты парэпецiравала тыдзень i прагнала. Нават са мной не параiлася. Дзе я новых знайду? — прагаварыла менеджэр на адным дыханнi.
— Яны ўпартыя, тупыя i няздатныя да iмправiзацыi, — упэўнена баранiлася Спявачка.
— У цябе ўсе тупыя i няздатныя нi на што. Але я табе дарую...
— Што ты даруеш? Хiба я нешта кепскае зрабiла?
— Праз тыдзень запiс, дзе мы возьмем музыкаў?
— Ты прынесла выпiць? — уклiнiўся ў спрэчку музычны крытык.
— Як ты здагадаўся? — здзiвiлася менеджэр.
— Убачыў у тваiх круглых вачах, — крытык падышоў да менеджэра, запусцiў руку ў яе валiзку i дастаў пляшку гарэлкi, не раўнуючы, як чараўнiк дастае труса з цылiндра.
— Рыльца тырчала, — Спявачка сапсавала фокус.
Менеджэр, крытык i Спявачка пiлi да дзвюх гадзiн ночы. Бо як скончылася пiтво, дык крытык схадзiў на таксовы прыпынак i прынёс яшчэ. Нарэшце Спявачка сказала, што хоча пайсцi легчы. Музычны крытык шырока пазяхнуў i таксама выказаў жаданне паспаць. Менеджэр нiчога не казала, адно хiтнула галавою ў знак згоды. Леглi на канапе ўтраiх — менеджэр каля сцяны, крытык пасярэдзiне, а Спявачка ўладкавалася з краю.
— Не люблю мужчын, — гучна прашаптала менеджэр.
— І я не люблю, — азвалася Спявачка.
Музычны крытык хацеў быў сказаць, што i ён не любiць мужчын, але змаўчаў.
Спявачка выцягнула з-пад коўдры руку i пачала пяшчотна лашчыць валасы менеджэра. Крытык ляжаў нерухома i не ведаў, што казаць i што рабiць. Тым часам менеджэр прытулiлася да яго ўсiм целам, але толькi дзеля таго, каб зручней было лашчыць Спявачку.
— Можна палашчыць твой нос? — спыталася Спявачка ў менеджэра.
— Вядома. Табе падабаецца мой нос?
— І нос, i вочы, i спiна, i грудзi... Але я не магу дацягнуцца з-за гэтага крытыкана.
Музычны крытык скiнуў з сябе жаночыя рукi i злез з канапы.