Выбрать главу

— Вычварэнкi, мачалкi, лесбiянкi, iдыёткi... — мармытаў ён.

— Пайшоў прэч! — надзiва цвяроза крыкнула Спявачка.

Крытык запалiў святло i пачаў апранацца. Жанчыны селi на канапе. Спяваччына рука ляжала памiж сцёгнаў менеджэра.

— Можа, i яго дарма выганяю? — пацiкавiлася Спявачка ў сваёй партнёркi.

— Ты ўсё правiльна робiш, i я цябе люблю.

Музычны крытык гучна ляснуў дзвярыма.

Ён крочыў па пустых вулiцах i абдумваў зласлiвы артыкул пра Спявачку. Крытык меў музычную адукацыю i абсалютны слых. Таму ён быў перакананы, што мае права напiсаць пра слабы вакал. А ў падтэксце ён вырашыў адзначыць лесбiянскiя схiльнасцi так званай зоркi сучаснай сцэны. Крытыку давялося доўга грукаць у замкнёныя iнтэрнацкiя дзверы, якiя так i не адчынiлiся. Тады ён намерыўся залезцi ў свой пакой на пятым паверсе па балконах. Ён лез, як лазiў шмат разоў з балкона на балкон, i думаў пра артыкул.

Калi б ён сарваўся i ўпаў на асфальт, дык апошнiя словы былi б такiя: "У Спявачкi слабы голас!"

Бо менавiта так пачынаўся ягоны зласлiвы артыкул: у Спявачкi...

XXXVІІІ. ЭКСКУРСАНТКА

Гiд правёў групу ў двор Мiрскага замка. Экскурсанты вышнуравалiся паўколам. Гiд пачаў дундзiць завучаны тэкст пра каштоўнасць старажытнага помнiка дойлiдства. Нават iнтанацыйная амплiтуда i акцэнтацыi ў гiдавым дундзеннi былi завучаныя. Адна з экскурсантак адышла ад групы i праз незачыненыя дзверы апынулася ў велiзарнай залi. Экскурсантка азiрнулася, а потым хуценька пашыбавала праз усю залю да цёмнага прагалу ў сцяне.

Замак стаяў на рэстаўрацыi, якая цягнулася больш за дзесяцiгоддзе, i па стану помнiка было вiдаць, што да заканчэння яшчэ далёка.

Праз прагал Экскурсантка трапiла ў невялiкi пакой без вокнаў, з яго — у доўгi калiдор, на якi выходзiла шмат дзвярэй. Тут яна спынiлася, нiбыта выбiрала, у якi бок лепш пайсцi. Выбар спынiўся на сходах у самым канцы калiдора. Засыпаныя друзам сходы вывелi на другi паверх, у прасторную залю з растрыбушаным камiнам. Па залi гулялi скразнякi — Экскурсантка знiзала плячыма, яе пачала бiць дрыготка. Раптам яна схапiлася за жывот i скурчылася, нiбыта лялька, зламаная напалам. Трымаючыся сцяны, Экскурсантка прасунулася з камiннае залi ў невялiчкi светлы пакой, дзе спешкам зрабiла тое, што называюць малой i вялiкай патрэбамi. Замест гiгiенiчных сурвэтак яна скарыстала навюткую насоўку. Экскурсантка таропка ўсцягнула майткi i калготкi, аправiла спаднiцу, зiрнула на зробленае, уздыхнула з палёгкаю i пакiнула светлы пакой. З кожным крокам да Экскурсанткi вяртаўся яе заўсёды ўпэўнены i разам з тым крышачку меланхалiчны выгляд.

Калi яна вярнулася да групы, гiд якраз скончыў дундзенне i нехта з прысутных наважыўся вымавiць нясцiплае пытанне:

— А дзе прыбiральня?

Гiд бадзёра паведамiў, што Мiрскi замак не адрапараваны i ў прыбiральню ўсе пойдуць на аўтастанцыi праз якiх паўгадзiны, бо экскурсiя працягваецца.

— Няўжо нельга патрываць? — спыталася Экскурсантка адразу ва ўсёй групы i фанабэрыста ўскiнула галаву.

XXXІX. ЧОРНАЯ ДАМА

Вяселле было сцiплае, бо жанiх гуляў сваё вяселле другi раз. Ладзiлi банкет у цеснай двухпакаёўцы, што мясцiлася ў дзевяцiпавярховiку на ўскрайку горада. Мужчын за сталом назбiралася ледзь не ўдвая больш, чымся жанчын. Таму самаму маладому хлопцу з кампанii давялося пазавiхацца перад тым, як ён апынуўся на вулiцы з сястрою нявесты. Яна была значна старэйшая за хлопца, але яе прыгажосць проста ўражвала. Чорная сукня пасавала да вялiкiх персiянскiх вачэй. Прыгажосць была д'ябальская. І таму канкрэтна сказаць, хто каго выбiраў на банкеце, цi ён яе, цi яна яго, немагчыма. Сам для сябе хлопец назваў жанчыну Чорная дама i не памылiўся, бо здарылася неспадзяванае...

Чорная дама прыняла запрашэнне "пакiнуць банкет" з радасцю, чым i здзiвiла хлопца. А калi ён пачаў цалаваць яе ў лiфце, дык адказала юрлiвай непасрэднасцю. На вулiцы хлопец сказаў, што ведае выдатнае месца, i павёў Чорную даму за сабою. Па дарозе ён расказаў паданне пра Барбару Радзiвiл, якую ў Нясвiжы называюць Чорная дама.

Паданне пра Чорную даму, якое расказаў малады чалавек:

Князёўна Барбара з Радзiвiлаў рана выйшла замуж, але рана i заўдавела, муж загiнуў на вайне. Маладая ўдава-князёўна засталася жыць у Вiльнi ў палацы нябожчыка-мужа. На той час у Вiльнi жыў княжыч Жыгiмонт, пляменнiк вялiкага князя. Ён убачыў Барбару i закахаўся. Разумная князёўна не была супраць таго, каб зрабiцца жонкаю будучага караля. Пачалiся патаемныя спатканнi.

Пра такiя сустрэчы шмат напiсалi Бакачыо i Наварская.

Аднойчы месячнай ноччу княжыч пералез праз высокую сцяну ў сад да сваёй любай i натрапiў на варту. Узняўся вэрхал. Усхапiлася чэлядзь...