Выбрать главу

— Танчыш? Грукочаш? А я тут з голаду памiраю. Пазачыняюць прыбiральнi, дошкамi пазабiваюць, хлёркаю пазасыпаюць... А што Прыбiральнiк без харчоў застанецца, нiкога i не турбуе. Што закалацiўся, як авечы хвост? Чалавечыну не ўжываю, толькi гной i сiкуны. Вось памачыся ў келiх, а то смага замучыла. Зiрнi ў дзiрку... Суха i чыста. Усе запасы выйшлi.

Дагледжаная рука з сiнiмi пазногцямi працягнула адпачыннiку трэснуты слоiк. З перапуду той ледзь пацэлiў струменем у келiх Прыбiральнiка. Ад страху адпачыннiк не адчуў доўгачаканай палёгкi. Ён вярнуў слоiк гаспадару, якi ўвобмiльг заглынуў бурштынавую вадкасць.

— А што ў нас на другое? Га? Булёнчык люблю, але i ад другога не адмоўлюся, — смярдзюча загаварыў змяiнагаловы Прыбiральнiк i строс з рэдкай барады кроплi сiкуноў.

— Па вялiкаму... Я па... Па вялiкаму хадзiў... Схадзiў ранiцаю... Даруй... Даруйце...

— Да-арую! — Прыбiральнiк выцягнуў з вядра вялiкi шмат газеты з зялёнай кляксаю i як сурвэткаю абцёр вусны i прамакнуў бараду.

Не зводзячы вачэй з Прыбiральнiка, адпачыннiк завёў руку за спiну, адкiнуў кручок i адступiў на яркi ад красавiцкага сонца двор. Пасля цемры ўсё навокал здалося яму асляпляльна-сiнiм. Не спыняючыся, адпачыннiк прабег кiламетры са тры i толькi тады спынiўся, каб схаваць мужчынскую адзнаку i зашпiлiць нагавiцы.

LII. АДПАЧЫННІК

Адпачыннiку зрабiлася млосна ў гэтым свеце. І ён узяў квiток на самалёт i прыляцеў на Поўдзень, да Чорнага мора.

Пачатак красавiка. Айва ў квеценi.

Адпачыннiк сядзеў у кавярнi за белым сталом, на якiм у празрыстай шклянцы стаялi брудныя сурвэткi. Ён глядзеў у фантан, у тонкiя струменi i думаў, што яны занадта бiялагiчныя, чалавечыя, i яму зноў стала нудна i млосна.

Кава хутка астывала на скразняку. Адпачыннiк не любiў пiць каву з таўстасценных парцэлянавых кубкаў, тым больш, калi ў посудзе неставала вушка. Але напой быў выдатны — моцны з густым шумам. Мутарна — падумаў Адпачыннiк. Яму захацелася пайсцi ў парк i знайсцi там лаўку са спiнкаю, каб можна было адкiнуцца i выцягнуць ногi, але ён не ўстаў i застаўся ў кавярнi разглядаць жанчын. Яны пiлi белае вiно за суседнiм столiкам. У адной з iх пад непрыгожым тварам ляжаў на стале вялiзны, абцягнуты тонкiм швэдрам бюст. Другая, драбнейшая, з тонкiмi цёмна-сiнiмi вуснамi iмгненна заўважыла зацiкаўлены позiрк Адпачыннiка. Той адвярнуўся i зноў стаў глядзець у фантан. Фантан тым часам ачах, нiбыта ў яго раптоўна скончылася жаданне струменiць i забаўляць прысутных. Адпачыннiк з сумам спынiў вочы на галiне айвы, што расла каля самага ўвахода ў кавярню. Ён шэптам лiчыў ружовыя кветкi. Яму пагоршала. Давялося пакласцi локаць на стол, каб падтрымлiваць ацяжэлую галаву. У яго над страўнiкам круцiўся клубок гарачынi, такое бывае, калi нашча глынуць неразбаўленага спiрту. Нечакана свет паяснеў. Адпачыннiк зрабiў вялiкi глыток прахалоднай i таму кiславатай кавы. Жанчына з блакiтным тварам i сiнiмi вуснамi падсела да Адпачыннiка.

— Табе блага? — пытанне нязмушана зляцела з яе экзатычных вуснаў.

— Не магу ўстаць...

— Трэба крышку выпiць, i ўсё пройдзе, — у жанчыны быў голас выхаванай медсястры.

Пра тое, што спiртное дапамагае ад усiх хваробаў, акрамя алкагалiзму, Адпачыннiк ведаў i без сiнягубай жанчыны, але iсцi да стойкi не хацелася. Ён дастаў грошы i паклаў на стол: