Аднаго разу, шпацыруючы каля iнфекцыйнай бальнiцы разам з крытыкам, лiтаратар спытаўся:
— Бачыш дамок з пакручастым дахам?
— Звычайны мадэрн, — вiславусы крытык знiзаў сутулаватымi плячыма.
— Болей таго, — узбудзiўся вiхрасты лiтаратар, — правiнцыйны югендстыль... Але мне падабаецца... Гэта ж не дашчаная шпакоўня на лецiшчы i не раскiрэка будан экс-партыйца цi ньюкамерсанта... Гэта твор... Два асобныя ўваходы, вокны арачныя, канёк з флюгерам, падмурак высокi каменны, дзверы фiлянговыя, ганкi з каляровых цэментаў — чорны, чырвоны, блакiтны, i асноўнае — белыя накрухмаленыя фiранкi. Усё-ўсё разумею, i бальнiчны каларыт у iх, i элемент галечы прысутнiчае, i халадок эфiрны, лёгенькая пройма, скразнячок, ветрык, свежасць... стэрыльнасць мяне заўсёды вабiла...
— А мне ад такiх халерных баракаў тхне фармалiнам. Не разумею, нашто табе морг? Цi ты вырашыў займацца некрафiлiяй?
— Якi морг? Вунь дом, жоўты... — лiтаратар асекся. — А я нiколi не думаў, што адбываецца ўсярэдзiне. Стаiць i стаiць. Дах, сцены, вокны...
— Сутарэннi, — утроп дадаў крытык. — Другi ўваход вядзе ў сутарэннi, дзе ў холадзе на лёдзе захоўвалi нябожчыкаў, а ў верхнiм памяшканнi iх анатамiравалi. Толькi давай пагаворым пра iншае...
І крытык распавёў лiтаратару пра тое, як у дзяцiнстве яго паклалi на сорак дзён у гэтую iнфекцыйную бальнiцу. Мацi крытыка, а тады трэцякляснiка, працавала ў пiянерлагернай бiблiятэцы. З-за гнiлаватай перамёрзлай бульбы, якой кухар спрабаваў кармiць дзяцей, яна перасварылася не толькi з кухарам i лыжкамыйнiкамi, а i з загадчыцай медыцынскага пункта. У спрэчцы бiблiятэкарка, вядома, атрымала перамогу, i ў лагер прывезлi два кодабы добрае бульбы. Адпрацаваўшы чэрвень i лiпень, яна з’ехала на цэлы жнiвень адпачываць на Каўказ у Гагру, пакiнуўшы сына ў тым жа лагеры. І ўсё было б добра, каб не дурнiцы, што выспелi на калялагерным балотцы. Хлопец наеўся лясных ягад так, што страўнiк узбунтаваўся, i давялося бегчы ў медпункт i прасiць лекi, каб спынiць панос. Вельмi лагодная загадчыца ўгаварыла трэцякласнiка пераначаваць у iзалятары. А той, не бачачы пасткi, згадзiўся. Яна ж выклiкала з Мiнска "хуткую дапамогу", сказаўшы, што ёсць падазрэннi на дызентэрыю. Спрачацца, бунтаваць хлопцу не выпадала, i яго соннага i вялага перавезлi ўночы з лагернага iзалятара ў рэспублiканскую iнфекцыйную бальнiцу. Дызентэрыйнай палачкi аналiзы не выявiлi, i "стул" быў нярэдкi. Толькi памяркоўныя дактары вырашылi не рызыкаваць. І, праляжаўшы з хворымi дзецьмi тры днi, будучы крытык быў як i ўсе — з рэдзенькiм "стулам", тэмператураю i наяўнасцю палачкi. Хлопцу давялося праляжаць у мадэрновым дамку ажно ўсе сорак дзён. Праз закратаваныя вокны ён бачыў засаджаны бэзам двор, старую драўляную паветку i высозны паркан, над якiм зрэдчас праплывалi сiнiя тралейбусныя дахi. Сум i аднастайнасць зняволення крышку ўпрыгожвала дзяўчынка аднагодка. Яна дазваляла будучаму крытыку прыходзiць да яе ў ложак i засоўваць пальцы ў пругкую мiжножную цяплынь...
— Пасля выпiскi я нi разу яе не сустрэў, — са шкадобаю ў голасе скончыў свой аповед крытык.
Лiтаральна на другi дзень позна ўвечары лiтаратар вяртаўся дамоў i праходзiў каля бальнiцы. У завулку нi душы. Святло высачэнных лiхтарняў цьмянае i мярцвянае. Нават у будынку вартаўнiка вокны чорныя, як смала. Мёртва. А рэха крокаў такое гулкае i страшнае, нiбыта iдзеш па дарозе ў пекла. І ў той момант, калi лiтаратар наблiзiўся да морга, лiхтарнi ўспыхнулi ярчэй, яны, нiбыта маланка, асвяцiлi нерухомы краявiд i згаслi. Але не канчаткова. Над чорнымi шатамi клёнаў, у нябеснай сiнечы, вiселi крывава-гнiлаватыя лямпачкi. Яны нагадвалi кавалкi яшчэ жывой, яшчэ гарачай плоцi. Лiтаратар пабег па завулку пад ледзь жывымi лямпачкамi.
З таго часу ён iмкнуўся не трапляць уначы на той завулак, дзе стаяў морг.
Але такая перасцярога не ўратавала лiтаратара ад здарэння.
Ідучы ўраннi па хлеб, ён краем вока зiрнуў на фiлянговыя дзверы некалi любiмага дамка. Яны былi прачыненыя. З-за iх i пачулася меладычнае запрашэнне:
— Калi ласка, заходзьце... Яны стамiлiся чакаючы... Заходзьце, калi ласка...
Лiтаратар укамянеў. Яго ахапiў транс. Дробненькiмi крокамi ён прайшоў паўз вартаўнiковы буданчык, у механiзаваную браму i накiраваўся да морга. Цяжкiя дзверы расхiнулiся лёгка, нiбыта фiранкi. У кутку беласценнага пакоя ўзвышалася шкляная шафа з хiрургiчнымi iнструментамi. Побач стаялi беланогiя стол i крэсла. Пасярэдзiне пакоя на двух шырокiх сталах ляжалi iстоты: стары чорнабароды Дамавiк у скураным плашчы i вастраносых ботах i белагаловая Русалачка ў белых гольфах з шаўковымi кутасiкамi. Вочы абедзвюх iстот былi заплюшчаныя, рукi складзеныя на грудзях, але ўсё казала, што i стары i дзiця жывыя.