Выбрать главу

— Жанчыны пашалелi, — сказаў супрацоўнiк.

— Пашалелi. Ты пра што? — калега ўзняў галаву.

— Падыходзяць i прапануюць сябе.

— За грошы цi так, з-за кахання?

— Так, без кахання i грошай.

— Ты адмовiўся?

— Не. Але ведаеш, у гэтым нешта не тое.

— Жанчына просiць, трэба iсцi, — калега схiлiўся над сталом.

Супрацоўнiк затэлефанаваў да сакратаркi з метро.

— Гэта я, — сказаў ён, — праз паўгадзiны буду.

— Чакаю, — сказала яна.

Калi ён здымаў куртку, яна пацалавала яго i прашаптала:

— Не палохайся, тут у мяне госцi, але яны хутка сыдуць.

Госцi сядзелi на канапе i глядзелi тэлевiзар. Іх было двое. Ён — худы, з акулярамi "ровар" на гарбаносым твары. Яна — зграбная славянка з папяловай фрызурай i ласкавай паставаю.

Транслявалi футбол.

— Хутка скончыцца, i мы пойдзем, — госць глядзеў на экран.

— Мы з табой былi ў кiно, глядзелi "Кiнг-Конг", — сказала госця да гаспадынi.

— Пра што фiльм? — спыталася тая.

— Пра каханне малпы i жанчыны.

У тэлевiзары зафуркаў свiсток арбiтра, i матч скончыўся. Госць падышоў да акна i сказаў:

— Дождж пачаўся. Можа, перачакаем?

— Трэба iсцi. Калi б мы выйшлi пасля сеанса, мы б не чакалi, а iшлi б, нават беглi б.

Супрацоўнiк падумаў, што ён з большым задавальненнем пераспаў бы з госцяй, чым з гаспадыняю, але гэта цалкам нерэальна.

Госцi зашпiлiлiся i сышлi ў вечаровы дождж.

Сакратарка села на каленi супрацоўнiку. Ён досыць пяшчотна пагладзiў яе па спiне. Пацалункi былi даволi прыстойныя.

— Так светла яшчэ... Не ведаю, што рабiць? — сказала сакратарка.

— А мне ўсё адно, светла цi цёмна.

— Тады я зараз прыйду.

Яна вярнулася ў кароткай кашулi, што ледзь-ледзь прыкрывала клубы.

— Я люблю на падлозе, — жанчына дастала з шафы крухмальную прасцiну i раскiнула яе на кiлiме.

Супрацоўнiк раптам падумаў, што ў яго можа нiчога не атрымацца, i спытаўся:

— Ты любiш спаць на падлозе, каб нельга было сказаць, што мы ўсе спiм у адным ложку?

— Распранайся. Цi давай я цябе распрану. Мне будзе прыемна.

Яна распранула яго асцярожна i нетаропка. Ён падумаў, што яна распранае яго, як нябожчыка. Яна скiнула праз галаву кароткую кашулю i легла на спiну. Ён думаў, што хадзiць у публiчны дом значна горш, чым рабiць тое, што ён робiць цяпер. Акт атрымаўся рацыянальны, з наборам стандартных паставаў, разрэкламаваных айчынным тэле-кiнематографам.

На працы супрацоўнiк i сакратарка рабiлi выгляд, што нiчога не здарылася, i мелi рацыю, бо рацыянальны акт — гэта гiгiена, i толькi.

Частка другая

ХI. ДАМАВІК-4

Мужчына прывёў дадому каханку. Яны пiлi вiно i займалiся эратычнымi гульнямi да знямогi.

Раптам дзверы ў кватэру адчынiлiся.

Мужчына ўскочыў з ложка i памкнуўся да дзвярэй, але на паўдарозе спынiўся i закрычаў:

— Хто тут? Што трэба?

У пад'ездзе адгукнулася рэха. Мужчына выглянуў з кватэры. На пляцоўцы нiкога не было.

— Напэўна, забыўся замок зачынiць. Вось скразняк i расхiнуў дзверы.

— Якi скразняк, калi ўсе вокны зачыненыя? — засумнявалася каханка.

— Тады я не разумею, што адбылося, — сказаў ён, калi надзяваў нагавiцы.

— А можа, нам падалося, што дзверы адчынiлiся, а на самай справе яны i не адчынялiся зусiм? — разважала яна, калi стаяла на адной назе i нацягвала калготкi.

Мужчына запалiў цыгарэту.

— А можа, гэта быў Дамавiк? — спытала каханка.

— Сапраўды, Да-ма-вiк, — мужчына выпусцiў струмень дыму ў столь.

— А чаму ён не зайшоў? — усмiхнулася каханка.

— Ты яму не спадабалася.

Каханка пакрыўдзiлася, сабралася i сышла.

Мужчына зачынiў замок ды засаўку.

XII. ЧАРАЎНІК

На местачковай вулiцы хлопцы здзекавалiся з неразумнага Антака.

— Антак, Антак, бяжы за намi! — крычалi яны i рабiлi выгляд, што бягуць.

Той спрабаваў бегчы, але скалечаныя хваробаю ногi чаплялiся за зямлю, i ён падаў у пыл. Хлопцы рагаталi, падымалi нябогу i крычалi:

— Антак, Антак, бяжы! Давай вучыся. Глядзi, як мы робiм.

Неразумны спачатку iшоў. Галаву ён прытрымлiваў рукою, бо тая не трымалася на шыi, падала на плячо. Потым Антак, раптоўна ўцямiўшы, што ад яго патрабуюць, адпускаў галаву, размахваў рукамi i, высока ўскiдваючы ногi, бег. Прабягаў Антак тры-чатыры крокi i нiбыта развальваўся на кавалкi — галава адкiдвалася на спiну, рукi разляталiся, ногi падкурчвалiся... Хлопец спынiўся i закрычаў:

— Хлопцы! Не трэба! Спынiцеся! Ён жа заб'ецца!

Хлопец крычаў, Антак з астатнiмi рагатаў. І ў гэты момант выскачыла на вулiцу Антакава мацi.

— Што ж вы робiце? Цi ж вы людзi, цi не?