I выхаленай рукой ён паказаў на мяне:
— Вось вам жывы прыклад!
Лёгка сабе ўявіць, як пасля такіх слоў я адносіўся да таго «прафесара» і яго навукі.
Яшчэ настаўнікі «паўшэхнай» школы былі мае заклятыя ворагі, і ўсё тое, чаму яны вучылі, было мне чужое. Такое перакананне я перанёс з хаты ў школу, і год ад году яно ў мяне паглыблялася. Таму выхадка Залескага не была нечаканасцю.
Мая адукацыя адбывалася недзе паміж урокамі — на вуліцы, дома. З сямігадовай школы я не вынес ні замілавання да вучобы, ні навыкаў. Наадварот! У маім уяўленні кожны той, хто атрымліваў пяцёркі за іхнія навукі, быў панскі падліза, халуй. Паехаў я ў Вільню, бо туды адпраўляліся многія пакаленні нашай моладзі, каб убачыць свет і вярнуцца дахаты мо і без дыплома, але прызнаным чалавекам.
У Вільні я рыхтаваў урокі без здавальнення і энтузіязму і толькі тады, калі ведаў, што мяне абавязкова выклікаюць да дошкі.
Уся мая душа была ўзрушапа падзеямі, якія разгортваліся ў горадзе і на свеце. Вось хоць бы сенсацыя аднаго дня.
— Чулі? У Лукішскай турме небывалы шлюб сёння адбудзецца! — пачалі перадаваць з вуснаў у вусны людзі.— Раман стагоддзя, такога яшчэ не было!
Студэнтка універсітэта імя Стэфана Баторыя выходзіла замуж. Яна таксама сядзела ў Лукішках і са сваім будучым жаніхом пазнаё-мілася праз краты. Яе выпусцілі раней, дзяўчына пачала з ім перапіс-вацца, насіць перадачы, а праз год яны дамовіліся пажаніцца. Урад ім дазволіў браць шлюб у турэмнай камеры.
Газеты паведамілі, што сёння ў шлюбнай сукенцы і з капеланам яна накіроўваецца ў Лукішкі. Хіба мог і я не прыйсці пад турму? У натоўпе такіх, як сам, я хваляваўся, нешта выкрыкваў, а грудзі распірала гордасць.
«Людзі, паверце, і мы здольны на такое!» — быў падтэкст нашых выкрыкаў.
Тады было чым узрушацца.
Газеты стракацелі здымкамі новых замежных бамбардзіроўшчы-каў і бамбасховішчаў у Лондане і Парыжы.
На вуліцах Вільні з кіямі стаялі эндэцкія[5] пікеты. Яны пе пускалі кліентаў у яўрэйскія крамы.
Яўрэйскія хлопцы амаль на кожным скрыжаванні вуліц прада-валі карыкатуры на Гітлера, а паліцыя іх за гэта лавіла ды адпраўляла ў турмы ці канцлагер Картуз-Бярозу.
У цырку я бачыў, як барцы выйшлі на манеж, узнялі да публікі правыя рукі і прывіталіся: — Гайль Гітлер!
Усім было вядома, што гэта агенты гітлераўскай пятай калоны, але яны свабодна ездзілі па Польшчы і рабілі сваю чорную справу. Па-пы нібы і лаялі Гітлера, але яўна яму сімпатызавалі, нават пераймалі.
Рыбентроп дамагаўся для Германіі калоній, гэтага патрабаваў у Лізе нацый і польскі міністр замежных спраў Бэк. У Германіі пабудавалі канцлагер, адразу паны зрабілі тое ж самае і ў сябе, ды яшчэ запрасілі Гімлера ў госці: паўзірайся, дружа, такі самы?!. Мо не ўлічылі што пры арганізацыі, то падкажы!..
Усе людзі былі ўзрушаны падзеямі, у тым ліку і я.
Невядомая сіла ўзнімала мяне з цвёрдага матраца і прымушала раніцай бегчы на Замкавую вуліцу. Там у вітрыне свайго будынка рэдакцыя вывешвала свежую газету. Хоць гэта было «Слова» вілен-скага манархіста Цата-Мацкевіча — усё ж такі газета, і бесплатная. Праз галовы такіх, як сам, прагна ўзіраўся я ў свежыя старонкі. I калі вычытваў, што албанцы зноў разбілі італьянскую дывізію або што восьмая кітайская армія паперла японцаў, я вяртаўся дадому шчаслівым чалавекам. Не, такой гордай радасці я не зазнаў бы, каб атрымаў адразу дзесяць пяцёрак або каб усе віленскія паненкі звярнулі на мяне ўвагу.
У вёсцы не паспелі прыняць мяне ў падпольны камсамол, але сярод камсамольцаў я лічыўся сваім чалавекам. Набліжалася бура. Яе рыхтавалі вярхі. Я цьмяна адчуваў, што ў падзеях рашучую ролю будуць адыгрываць і такія, як я. Нават я запасся наганам і часта браў яго з сабой у горад. Халоднае жалеза адцягвала мае штаны, але праз хвіліну наган награваўся і нібы зліваўся з целам: от дужым тады здаваўся я сам сабе!
Таямніца ўзнімала мяне ва ўласных вачах, усяляла ўпэўненасць і пачуццё перамогі над шэрымі мужчынамі, якія некуды беглі, заклапо-чана мітусіліся. Душа прагнула, каб нарэшце акунуцца ў віхор падзей. У такія хвіліны мой рост, прыгажосць і фанабэрыя дачкі генерала ўжо здаваліся дробяззю, глупствам.
I ўсё ж такі я не мог забыць яе спеву. Тады ў зале чамусьці здавалася, што яе разумею толькі адзін я і такое ўражанне робіць яна толькі на мяне аднаго. Нават здавалася, што ў памяшканні былі мы толькі ўдваіх.
4
Але мае паводзіны не будуць зразумелыя, калі я не прызнаюся яшчэ і ў некаторых грахах.