Выбрать главу

Я мусіў напружыць усю сілу волі, каб сабрацца ў дарогу.

Пачало цямнець. Я засунуў пісталеты ў кішэню, паклаў туды ж запасныя магазіны, развітаўся з цёткай і пакрочыў у адпрасаваным і вычышчаным адзенні на ўмоўленыя кватэры.

Дзесьці ў лясах мерзлі партызаны. На франтах лілася кроў. З голаду, холаду і ад хвароб гінулі тысячы людзей у нямецкіх турмах. Як прысмак грызлі сырую бульбу і варылі суп з рамянёў нашы ваеннапа-лонныя за калючымі дратамі канцлагераў. У смяртэльнай трывозе чакалі свайго канца даведзеныя да вар'яцтва дзесяткі тысяч яўрэяў гета. Недзе не зляжалася яшчэ зямля, не прамерзла на свежай магіле ў Парубанку. А тут, на віленскай вуліцы, спакойна цякло сабе мірнае жыццё.

Усюды гарэлі электрычныя лямпачкі. Здаецца, нават гарэла цяпер іх больш, чым да вайны, на вуліцах відна — як днём.

Працокаў кованымі капытамі конь вазніцы, правёз у даваенным фаэтоне пышную немку ў футры.

Пранёсся нямецкі матацыкліст з акулярамі на ўвесь лоб, ён нагадаў стварэнне не з гэтага свету — драпежнае, злое.

Праехала грузавая машына з крытым верхам і эмблемай бубновага туза на кабіне. Звычайна ў немцаў ваенныя машыны мелі на кабінах галовы зубраў, аленяў, куніц, зайцаў. Такі знак бачыў я ўпершыню. Ці ўпершыню?.. З Данусяй глядзелі амерыканскі фільм, дзе паказвалі разгром мечаносцаў пад Грунвальдам. Тады рыцары фон Ульбрыхта мелі такія ж знакі на сваіх шчытах...

Нібы з зялёнымі тэрмасамі, з прымацаванымі да боку проціва-газамі прайшоў узвод салдат. Разгадаваныя і здаволеныя фашысты ў дапасаваных шынялях і начышчаных да бляску ботах маршыравалі зладжана, раўненне трымалі лёгка. Ад іх павеяла чужой і ненавіснай сілай.

Я адчуў у сабе насцярожаную ўзбуджанасць і трывогу — стан, калі ў табе напружана кожная клетка і нерв. Каб не выдаў мяне бязладны крок партызана — прымусіў сябе ногі ставіць цвёрда і ўпэўнена.

Прайшла група літоўскіх «нацыянальных» войск, прывіталася са мной.

— Вялікая перамога фюрэра! — раптам пракрычаў па-польску хлопчык гадоў адзінаццаці, прабягаючы ля мяне з сумкай газет.— Купляйце «Пройсішэ нахрыхтэн»! Нямецкія войскі планава пакінулі Вялікія Лукі! Новая перамога фюрэра!

Малы рассмяшыў мяне і падбадзёрыў. Я намерыўся купіць газету, ды спахапіўся: я ж не павінен разумець польскай мовы!..

На скразняку стаяла чарга. Сцюдзёны вецер сек жанчын дробным снегам. Апошняй у чарзе была дзяўчына гадоў трынаццаці. Яна наставіла тонкі каўнерык кароценькага асенняга паліто, мяшок звіла муфтай, засадзіла туды рукі і падскаквала то на адной, то на другой назе.

Жанчыны нечага спрачаліся ўсё на той жа помесі польска-беларуска-рускай моваў. Убачылі мяне і раптам сціхлі.

— Ладны нямчыска! — пачуў я выразна.

— Афіцэр!

— А што яму?

— У калейцы стаяць не трэба, як нам з табой за мёрзлай бульбай, чаму не быць ладным!

— Аграбіў паўсвету... На людской крыві і ладны!

— Ты што балбочаш, хочаш у Панары?! Пасля гэтых слоў я пасмялеў яшчэ больш і ўвайшоў у ролю. Пасля добрага адпачынку я адчуў, што прамянею здароўем і бадзёрасцю.

Спаткаўшыся з патрулём, я зрабіў напышлівы выраз твару, надаў сваёй хадзе непаспешлівую важнасць і незалежнасць. Патрулі падцягнулі на плячах аўтаматы, паправілі рамяні і з прускай выпраўкай ды з тылавым шыкам павіталіся. Я адказаў нядбайна, на-ват не глянуўшы на іх: пакуль пайшоў у партызаны, на немцаў наглядзеўся.

На цэнтральнай вуліцы натрапіў на натоўп зявак.

Па бруку брылі сотні чалавечых істот з жоўтымі шасцікутнымі зоркамі на плячах. Мне, высокаму, было ўсё відаць праз галовы натоўпу, што адбываецца на слізкай брусчатцы.

Людзі з апошніх сіл валаклі свае пажыткі — пярыны, падушкі, клункі. Нейкая жанчына перавярнула стол, прывязала да ножкі вяроўку і цягнула яго нібы сані. Сярод трантаў і каструль, ушчаперыўшыся за ножку стала і напалохана азіраючыся, сядзеў уху-таны хусткай з застылымі слязінкамі на вачах хлопчык. Жанчына спатыкнулася і ўпала. У натоўпе зарагаталі. Яна наўмысна нязграбна ўзнімалася, каб пасмяяліся яшчэ: бедная маці хацела гэтак злагодзіць ворагаў.

— Ю-ды, да бу-ды! Ю-ды, да бу-ды! — скандавалі гарадскія хуліганы, а іхнія твары аж расплываліся ад задавальнення.

I жылі ж такія паміж намі!..

Пачыналася ўсё з «нявінных» надпісаў на платах: «Не купляй нічога ў жыда!» З бунтаў ва універсітэце под лозунгам: «Не будзем сядзець за аднымі партамі з жыдамі!» А скончылася вось чым... Ну, перастраляеце гэтых дахадзяг, Гітлер возьмецца за вас!