Раптам некалькі тыпаў кінуліся між радоў. Яны распаролі нажамі пярыны, і ў адзін момант вецер падхапіў хмару пуху і пагнаў на народ. Разявакі пачалі выплёўваць пер'е і лаяць яўрэяў, быццам вінаваты яны.
Побач са мной стаяў фельдфебель з чырвона-бела-чорнай істужкай жалезнага крыжа ў пятліцы шыняля. Ён смяяўся, што яўрэі яшчэ не здагадваюцца, куды іх вядуць. На станцыі іх прымусяць пакідаць рэчы, а саміх пазапіхваюць у вагон і — у Трэблінку, і капут! Ён павярнуўся, са здавальненнем пацёр рукі, нібы скончыў справу, якая даставіла яму вялікую радасць, і, быццам мы з ім даўно знаёмыя, з пераканан-нем дадаў:
— Na, ist Wilna jetzt Judenfrei, nich wahr? [28]
Выходзячы з завулка ля колішніх атлантаў, я наткнуўся на вароты з калючага дроту. Там два немцы абмацвалі яўрэяў. У аднаго вартаўнік знайшоў бутэльку алею. Разгневаны фашыст біў бедака куды папала і загадаў:
— Trinke zugleich![29]
За гэтымі варотамі — гета.
...Вільня ў параўнанні з даваенным часам не змянілася, і я лёгка знайшоў на Антаколі патрэбную кватэру. Там жыў беларускі мастак, наш сувязны.
Мастак мяне чакаў ужо некалькі дзён. Ён адразу вызначыў мне спатканне з яўрэйскімі хлопцамі і дзяўчатамі. Яны меліся выбрацца па каналізацыйных трубах, схавацца ў кустах на татарскіх могілках і чакаць да поўначы, калі па іх прыйдуць. У мяне заставалася гадзіны чатыры, каб зайсці да Дануты.
6
Да генералавага дома я падышоў а гадзіне восьмай, што ў ваенны час лічылася даволі позна. Страху я ніякага не адчуваў: цёмна, дастаткова стаць за дрэва, і ніхто цябе не ўбачыць. Я толькі ўвесь калаціўся ад узбуджэння...
Вось і панадворак Янкоўскіх. Знаёмыя сілуэты. Нават вецер гэтак жа сама, як і раней, гудзіць у голых кронах яблынь.
Званок у парадных дзвярах не дзейнічаў. Дзверы не паддаваліся. Я звярнуў увагу, што снег пад нагамі не крануты: сюдой ніхто не ходзіць. Панадворкам, поўным ламачча, я абышоў дом ад вуліцы і накіраваўся на кухню.
Дзверы адчыніла стрыманая і акуратная, як і некалі, генеральша. Яна зусім не змянілася. Хіба стала толькі менш важная ды на губе, зморшчанай складкамі, больш, чым раней, кідаліся ў вочы рэдкія, сівыя і жорсткія вусікі.
Такія госці ў гэтым доме частыя — яна не здзівілася і адразу па-нямецку запрасіла:
— Калі ласка, заходзьце! Вы да Данкі?
Збіваючыся ад недарэчнай разгубленасці, я стаў тлумачыць адразу па-польску і па-нямецку.
— З якіх курсаў? — Дама старалася мяне ўспомніць.— Мы з заграніцы вярнуліся паўтара года таму назад,— нічога так і не прыпомніўшы, паведаміла яна.— Але ж праходзьце, прашу, туды да яе. Там як-раз і таварыш сядзіць!.. Праходзьце, гэр лейтэнант, будзе кампанія!.. Калі ласка, здыміце шынель, я павешу!
— Распрануся там...— нерашуча таптаўся я на месцы: мяне агарнула трывога і страх.
Як не сваімі нагамі прайшоў я праз калідор у залу і спыніўся як укапаны.
7
Першым кінуўся ў вочы Станеўскі. Узмужнелы, падстрыжаны, як стрыгліся нямецкія вайсковыя — пад высокую польку, з бліскучымі ад брыльянціну валасамі, з ваяўніча скрыжаванымі на грудзях рамя-нямі. На рукаве зялёнага фрэнча бялела павязка з чорным штампам і ненавіснымі гатычнымі літарамі: «Hilfopolizei».
З ім была Данута — чужая і незнаёмая.
Яна ўся аж квітнела ад прыгожасці. Цёмная сукенка з вялікім дэкальтэ ўвыдатняла акругласць грудзей, шыі і плеч, вочы яе пазіралі з гуллівым какецтвам і ўсведамленнем сваёй чароўнасці. Перада мной была раскошная красуня з прычоскай французскай кінаактрысы.
Яны сядзелі за столікам з веерамі новенькіх карт. Данута трымала іх з грацыяй і думала, з якой пахадзіць: на яе вуснах застыла какетлівая ўсмешка. Генрых другой рукой узяўся пад бок і спадылба дапытліва глядзеў на партнёршу. Калі я адчыніў дзверы, яны нават не павярнулі галоў.
У крытычных выпадках чалавек часта думае не словамі, а вобразамі. Ох, і шмат чаго можна ўспомніць у такую мінуту!
Хутка авалодаўшы сабой, я паглядзеў на гэтых людзей як на чужых. Асталася толькі крыўда за няшчасных, расстраляных на Парубанку, за жанчыну з дзецьмі ў незнаёмай вёсцы, за хлопцаў, якім з-за генералавай дачкі не дапамог вярнуцца ў лагер... Стася, даведаўшыся, што іду ў Вільню, прымусіла мяне ўзяць і яе пісталет. А Зіна Кварцёнак... Мне так захацелася да сваіх, як часамі малому ў чужой хаце раптам захочацца дадому. Трэба выблытвацца з гісторыі.
Нарэшце зрабілі ласку мяне заўважыць. Наступіла цішыня, на кухні пачуўся стук вядра.
— Я-анэк, ты-ы?— шэптам спыталася Данута пасля разгубле-нага здзіўлення.
Яна выпусціла з рук карты і прыўзнялася. У вачах Данусі з'явілася светлая, трывожная і няўпэўненая радасць. Але не гэта мяне кранула. Штосьці назаўсёды адышло ад яе, і мне стала тужліва шкада.