Толькі цяпер мы ўбачылі, што віленцы плачуць ад шчасця.
Мы са Стасяй разгубіліся.
— Для вас усё цяжкае ўжо мінула! — супакоіла яна.— Тут вам будзе добра! Вашы ўжо лагер сямейны будуюць!.. Вядзі людзей у зямлянку, грэй! Там і камбрыг! А я збегаю да сувораўцаў па акумулятары, будзем зводку з Масквы слухаць! Чуў, як нашыя на Да-ну ціснуць фашыстаў?
— Вартаўнікі крыху расказвалі...
— Ціснуць!.. Толькі аддай мой пісталет. Я ўвесь час рабіла выг-ляд, што ён у мяне, панапіхвала ў кабуру індывідуальных пакетаў...
— Трэба яго пачысціць.
— Ты з яго страляў?!. Ага, спатрэбіўся! — паскардзілася яна яўрэям: — А ён усё «не вазьму-у», «наво-ошта»! — дражніла яна мяне з лагодным папрокам.
Пакідаючы Дануту з мёртвым Станеўскім, я выбег на двор з пачуццём нейкай няўпэўненасці. Быць можа, Станеўскі зайшоў выпадкова?.. Пытаннё вісела нада мной як змора. I толькі шчаслівы бляск вачэй радысткі яго развеяў. Правільна я паступіў — так ёй і трэба, паліцаевай падсцілцы.
1
Летам нечаканы выпадак зноў напомніў мне пра генералаву дачку.
Немцы павыскрэбвалі ўсе тылавыя рэзервы, нават скарацілі гарнізоны ў партызанскіх зонах да мінімуму і кінулі ўсё на Курскую дугу. Мы ўздыхнулі на поўныя грудзі. Вестка аб разгроме нямецкіх ар-мій патроіла нашы сілы, і мы пачалі дзейнічаць яшчэ больш дзёрзка.
Жнівеньскім днём выйшлі мы ўзводам на Беласток-Ваўкавыскую аўтастраду і стаіліся ў засадзе. Першым паказаўся вайсковы немец на веласіпедзе.
— Прапусціць! — загадаў я хлопцам.— З-за салдаціка не будзем пэцкацца!
I немец праехаў.
Праз мінут пяць выскачыла легкавая машына. Яе мы захапілі і разам з пасажырамі — двума афіцэрамі і салдатам-шафёрам — прыгналі ў лагер. Пры допыце палонных выявілася, што прапусцілі генерала, якому прыйшла ў галаву фантазія праехацца па чыстым паветры на веласіпедзе. Нічога не зробіш, давялося мірыцца. Легкавая машына з афіцэрамі таксама не абы-што.
Вечарам партызаны ўцяклі ад машкары да вогнішча, там чысцілі сваю зброю, зашывалі вопратку. Кухар памешваў у катлах, а яго Лёнік забаўляўся з нямецкімі медалямі.
— Салам! — зухавата прывітаў я кампанію, з'явіўшыся з цемры.
— А, герой? Салют!
— Выспаўся? — азваліся галасы з прыкметнай сімпатыяй.
— Набраў мінут шэсцьсот, хлопцы яшчэ дабіраюць... На, Лёнік, табе яшчэ цацак! — падсыпаў я хлопчыку жменю нямецкіх медалёў.— Васіль, вячэру пакінуў?
Кухар наліў у кацялок гарохавага супу.
— Чаму мяса так мала паклаў, скнара!
Я быў у тым узбуджаным стане самаўлюбёнага ап'янення, якое бывае пасля ўдала выкананага задання, калі ўсё табе дазволена і ты разам з сябрамі цешышся сваімі новымі якасцямі. Сёння мяне разбірала ненатуральная весялосць.
— Каму беражэш яго, жмінда! — палез я з лыжкай у кацёл.
— Куды! — замахнуўся кухар апалонікам.
— А ну вас! — залямантаваў партызан: яму вар з апалоніка капнуў на шыю.— Не люблю мужчын-какетак! Ты яшчэ генерала не злавіў, а шуму — на цэлы лес!
Я ўлавіў у сабе трывогу.
На самай справе, чаго так разбрыкаўся? Гэта не к дабру, нешта здарыцца. Я нібы прачнуўся, пастараўся перавесці ўсё ў жарт:
— А гарох у цябе, Васіль, зусім сыры! З'ясі такога, і ў жываце будзе бразгаць: немцы за кіламетр пачуюць!
Жарты да мяне не ішлі, і ніхто че рассмяяўся. Выручыла Стася. Яна пазвала з цемры:
— Янка, калі ласка, пакруціце дынамку!
— Мо я пакруціў бы?
— А нельга мне?
— О-ей-я, колькі ахвотнікаў! Хутчэй, Барташэвіч, якраз буду дакладваць пра вашае геройства, няўжо дазволіце, каб круціў хто іншы...
— Я-асна!
— Ясна, што справа цёмная!
— А вы чаго плачаце, героі? — збівала ўвагу радыстка.
— Вядома, не ад радасці за твайго Барташэвіча!
— I не ад зайздрасці. Усяго ад камароў і дыму!
— О-ей, бедненькія!..— пашкадавала дзяўчына і знікла.
Разгневаны на яе, што мяне скампраметавала перад сябрамі, я не ведаў, што рабіць. Пайсці адразу? Скажуць — во, пабег, адно паманіла!..
Маю разгубленасць выкарыстаў Трухан і перахапіў увагу слухачоў:
— Дарэчы аб камарах. Нядаўна ў групу Сокалава прыходзіла паненка з Вільні. Камары яе пакусалі, дык апухла так, быццам на яе напалі пчолы! Слова гонару. Дзе толькі такая гадавалася!
— З Вільні? — перапытаў я.
— А-а, тая! — ускрыкнуў партызан ля вогнішча.— Шыкарная! Бачыў, як дэсантнікі яе вялі!
— Між іншым, слухай, Барташэвіч, мне іхні ездавы, Волесь Сляпуха, гаварыў, што яна пра цябе пыталася.
Мне раптам захацелася прысесці. У Трухана твар быў шчыры.