Выбрать главу

— Спытай Волеся, калі не верыш! Хацеў табе адразу сказаць, але не выпадала спаткацца, цябе ўсё носіць...

— Куды ж ён падзене цяпер радыстку?

Было не да жартаў. Я ўстрывожыўся. Выглядала так, быццам я нашкодзіў, гэта хаваў нават ад сябе і вось — прыходзіць расплата.

Сляпуху месяцы два таму назад з нашай брыгады перавялі да дэсантнікаў. Ён у іх стаў за фурмана, але па старой памяці часта заходзіў у нашу брыгаду і апавядаў, што ў іх рабілася.

Няўжо тут была Данута?

Сябры не заўважылі маёй разгубленасці,— можа, таму, што ў гэты момант далёка пачуліся выбухі.

— Ён і дзвюм дасць рады...

— Ціха!..

Усе насцярожыліся. У напрамку, адкуль даносіліся выбухі, замільгала цьмянае зарыва ракет. Фронт быў ад нас яшчэ за сотні кіламетраў, але насуперак логіцы ўсім хацелася пачуць у гэтых выбухах грукат нашай артылерыі.

— Чапаеўцы, відаць, поезд узарвалі ля Галынкі! Раніцай ішлі на чыгунку, калі мы вярталіся з задання.

— Мусіць...— з расчараваннем праказаў другі партызан.

— Выбухі былі. Ракеты пускаюць. Мабыць — пашанцавала: поезд пусцілі! От недзе пад абломкамі вагонаў фашысцікі ўспамінаюць свайго фюрэра добрым словам!..

I зараз жа хлопцы пераключыліся на бадзёры тон.

Тым часам мне першы раз не захацелася ісці да Стасі ў зямлянку. «Што за ліха, якая паненка была ў сокалаўцаў?

А чаму б не быць і Дануце? У немцаў разведка наладжана выдатна, яны добра ведаюць нашы атрады і камандзіраў, месца размяшчэння — толькі не маюць сілы нас знішчыць. Даведацца пра партызан у немцаў і потым уцячы сюды для яе не так ужо і склада-на...

Яна ў партызанах?»

Мне зрабілася страшна ад думкі пра сустрэчу.

2

Разам з намі жыло некалькі груп дэсантнікаў. Кожная выконвала толькі ёй вядомае заданне і сваю работу трымала ў строгім сакрэце.

Дэсантнікі вылучаліся сваёй стрыманасцю, дысцыплінай і большай развагай у параўнанні з расхлябанымі, бесшабашнымі і ліхімі партызанамі. Называліся групы па псеўданімах камандзіраў.

Ад вогнішча я кустамі прабраўся да месца, дзе размясціліся дэсантнікі капітана Сокалава.

Між сосен — тры зямлянкі і будан-кухня. Другі будан — для коней, вазоў, фуражу. Усё спланавана кампактна, зручна — нічога лішняга, дарожкі пасыпаны жоўценькім пясочкам, і ноччу яны здаваліся белыя. Тут адчуваліся ахайнасць і казарменны парадак.

На бярвеннях — два сілуэты: мужчынскі і жаночы. Адзіная жанчына ў групе — радыстка — на мінулым тыдні загінула ў баі. Я насцярожыўся: няўжо Данута?!

— Ваня, ты? — аклікнуў мяне голас лейтэнанта Трашкова.

— Я, Пятро. Прывітанне...—- Голас мой уздрыгануў, а ногі адмовіліся ісці.

Я адчуў, што твар яго звернуты да мяне.

— Сляпуха твой дзе?

— Паехаў яшчэ ўдзень па Мішу!

— А... I капітана вашага няма? — Іхні камандзір мне быў не патрэбен, але нічога лепшага я не прыдумаў.

— Пакуль няма!.. Садзіся на лаўку, пачакай! Я сеў.

Трашкоў адразу ж забыўся пра мяне і загаварыў з дзяўчынай. Я ператварыўся ў слых. Голас лейтэнанта быў надтрэснуты і сіплаваты, але не ад перапою, а проста — ад расы, прастуды і недасыпання. Малады голас яго суседкі звінеў меладычна, міла, але быў незнаёмы, а ў слове «няхай» дзяўчына вымаўляла «я» глыбока, гэтак можа сказаць толькі беларус з-пад Мінска.

На сэрцы адлягло.

На самай справе, чаму не дачакацца Сокалава і не спытацца ў капітана проста і адкрыта?

Я рассеўся на лаўцы надоўга.

Гм, няйнакш іхні чалавек з Вільні. Зусім магчыма, што яна ведае і Дануту. Магчыма, яны сябруюць?.. Не надта стане яна ўдавацца з табой у падрабязнасці сваёй біяграфіі — разведчыца.

Сокалаўцы лічылі мяне сваім чалавекам, таму Пеця гаварыў у поўны голас. Па абрыўках фраз і тону я зразумеў, што абое чакаюць важнай весткі, а яе ўсё няма.

— А вы, Пятро Змітравіч, навучылі мяне так як трэба? — пыталася дзяўчына.

— Падумай жа сама. Пад галаву класці міну нельга, выбухам толькі падкіне падушку — і ўсё. Ты так не клала?

— Не!

— У ложак пад траверс пакласці — сяннік уратуе!

— А я пад пярыну яму сунула...

— Правільна! А перад гэтым дэтанатар засадзіла ў міну?

— Засадзіла. Яшчэ не ўлазіў, то шчоткай пастукала...

— От гэта дарэмна! Дзякуй богу, што не ўзарвалася ў руках. Няважна, калі да канца не ўлазіў. Усё роўна здэтаніраваў бы!.. Такім чынам, дэтанатар шчоткай загнала і дзірачкі сышліся?

— Што-о?

— Калі загнала, дзірачкі ў дэтанатары і міне сышліся?

— Ой, дайце атруты!

Сілуэт дзяўчыны захістаўся ў бакі ад роспачы.

— Марусь!

— Вы мне пра дзірачкі нічога не гаварылі, ой!