Мяне пякла рэўнасць, што ён лётчык, што ў яго сіні камбінезон і планшэт авіятара са стракатай картай за цэлулоідам. Кучэрын не спускаў са Стасі вачэй...
Узвінчаны, я ўстаў і падаўся ў лагер.
Па дарозе глянуў на тое, што трымаў у руцэ. Выструганы з кары караблік з мачтамі і якарам на баку — нібы ў параходзікаў, якія плавалі некалі па Віліі.
— Чорт! — шчыра здзівіўся.
Аглянуўся, куды кінуць цацку, і пашкадаваў. Вырашыў падарыць яе Лёніку.
Ля ядлоўца раслі фіялетавыя званочкі, я збочыў з дарогі.
...Каля зямлянкі радысткі ні душы. Замест дзвярэй ад камароў вісела сетка з марлі. Яна нечым напамінала родную, мілую Стасю. Я адчуў сардэчную ўдзячнасць за яе ўпартую дабрату, і мне захацелася зрабіць для яе штосьці добрае.
Асцярожна расхіліўшы марлю, я нырнуў у зямлянку, паставіў на рацыю караблік і паклаў званочкі.
6
Ад зямлянкі я накіраваўся на кухню. У шалашы — вясёлая кампанія. Я ведаў, хлопцы з паходу прынеслі чайнік самагонкі і цяпер, відаць, «запраўляліся» перад абедам. Кучэрын, чуваць, быў у цэнтры ўвагі.
— Стася, за тваё здароўе, дзетачка! — крычаў Віктар.
— Усё роўна атрымаеце толькі адну місу! — смяялася яна, падаючы праз галовы ежу.
— Згодзен, толькі з тваіх рук! I налівай ужо такую, з якой пояць коней!
— Пашукаю!
— Палундра, начальства з'явілася!
— Што мне яно? Мы заданне выканалі і зараз самі сабе начальства!
— Янка, падсаджвайся, нацэдзім і табе!
— Паспрабуй чайку!
— Лепш грашамі маю порцыю выдайце!
— Рублямі, маркамі?
— Усё роўна, Стася. Прывітанне!
Ажыўленая, яна толькі бліснула ў адказ шчасліва вачамі і лёгка панеслася да катла, ані крыху не саромеючыся свайго не зусім складнага выгляду: на ёй была шаўковая сукенка і кірзавыя боты. Сёння яе быццам падмянілі. Смелая і ўпэўненая, дзяўчына аж ззяла. Я насцярожыўся і з зайздрасцю зыркнуў на залатыя пагоны капітана пад новенькім камбінезонам.
Кубак быў адзін, і хадзіў ён па кругу, напаўняў яго Кучэрын:
— Хочацца і яму, але начальству трэба захоўваць фасон, паказваць прыклад. Эх, доля камандзірская!.. Не хацеў бы я тае славы, абы толькі... Стася, тваё, дзетачка!..
Здалося, што яго нападкі на мяне дзяўчыне не спадабаліся.
— Штосьці вы надта часта п'еце за маё здароўе,— упікнула яна ад катла.— Так і сваё можна прапіць!
Яе вочы свяціліся ціхай радасцю, і яна была пад уражаннем толькі ёй вядомага прыемнага сакрэту. Значыць, гэта не з-за Кучэрына! — адлягло ў мяне на душы.
— От дае!..— захапіўся лётчык. Хлопцы няўпэўнена засмяяліся.
Ох, як я ненавіджу гэтае выражэнне!..
— Мяне ты, урэшце, накорміш? — спытаўся я.
Перахапіўшы мой позірк, Стася быццам заглянула ў душу. I мне здалося, што ўсё навакольнае знікла, у шалашы мы толькі двое. Знікла мая самотнасць.
Падаючы міску, яна ўбачыла ў ёй сасновую шышачку і вінавата ўскрыкнула:
— Ой, я налью другую!
— Нічога, будзе смачней! — хапіў я за край посуд.
Стася рассмяялася.
— Праўда, праўда, смачней,— не ведаеш? А сама ўжо абедала?
— Не...
— То давай разам. Бяры лыжку!
— Я зараз!
Радыстка вярнулася, падсела і ціха прашаптала:
— А я ведаю адну таямніцу!
— Ну-у? — Я адчуў, як ад яе шчаслівага позірку і мяне агортвае хваля радасці.
— Пайшла сёння паласкаць гімнасцёрку на возера, а мяне ўсё цягне вярнуцца дамоў. Уляцела я ў зямлянку і са свету нічога не бачу ў паўзмроку. Толькі па інтуіцыі зразумела, што тут былі вы.
— Дакуль будзеш выкаць?!
— Быў ты... Гляджу — на рацыі...
— Здаволеная?
— Вельмі!
— I добра!
—- А мне ў апошні час так цяжка было на сэрцы, што вырашыла прасіць штаб перавесці ў другое злучэнне...
Я ўявіў сабе жыццё без Стасі і аж страпянуўся.
— У другое?
— Аг...— Горла яе перахапіла спазма, а вочы напоўніліся слязьмі.
— Даруй, Стась...
Я адчуў, як мяне распірае ад шчасця, і так мне стала хораша, як бывала толькі некалі ў Вільні.
7
Па нейкім часе я адправіўся да дэсантнікаў з намерам распытаць у Сокалава пра Дануту. Але знайшоў толькі пустыя зямлянкі: група накіравалася ў Прусію.
Засталася толькі Іхняя кухарка. У сямейным лагеры цяпер! — падказалі суседзі.
Я знайшоў гэтую цётку.
Сапраўды, дэсантнікі прыводзілі з Вільні нейкую паненку. Яна размаўляла на мяшанай рускай і польскай мове, а ў лагеры пабыла толькі з раніцы да вечара.
Жанчына добра запамятала незнаёмую, бо яе так пакусалі камары, што ў дзяўчыны паднялася тэмпература і медсястра мусіла даць ёй уколы.