— Колькі жыву, не бачыла, каб чалавек гэтак баяўся камароў! — дзівілася кухарка.
— Гутарыць не даводзілася?
— Ой, не! Колькі людзей да дэсантнікаў прыходзіла, я ні разу ні з кім не гаварыла. Не мела права. Нельга мне і вам пра гэта расказваць, але ўжо ладна, свайму чалавеку...
— Значыць, не гутарылі з ёй,— уздыхнуў я.
— У яе з Сокалавым былі ўсё нейкія сакрэты, абмяркоўвалі нешта доўга, дзяўчына амаль не паказвалася з зямлянкі...
Б'ольш я нічога не даведаўся. Адыходзячы ад старой, цешыў сябе: Сокалаў сказаў бы, каб мной хто цікавіўся...
1
Я ўжо даўно жанаты на былой радыстцы Станіславе Эдвардаўне Дварэцкай. Жывём мы ў Гродне.
Настаў зусім іншы час. Я — чалавек, пра якога людзі гавораць, што ён шчаслівы. Мяне цэняць на рабоце. Зарабляю нямала грошай. Маю выгодную кватэру. Наладзіў добрую сям'ю. У мяне два сыны. Але не толькі таму я спакойны. Я не з тых людзей, для якіх добрая зарплата, выгодная кватэра і ўдалая жаніцьба — мэта ўсяго жыцця. Гэта прыйшло неяк само сабой!
Галоўнае — мая ідэя дасягнула мэты.
Я заўважаю, што пасталеў. Ужо не так хутка скачу да неба ад радасці і не выходжу з раўнавагі з-за кожнага глупства.
Цяпер мне не ўсё роўна, спаць на правым баку ці на левым, ісці па лесвіцы ўверх ці ўніз, не бегаю ўжо я цераз тры ступенькі, і калі ў полі напаткаю плот, то не стану яго пералазіць, а лепш абыду. Але ўвогуле, мабыць, я застаўся такі самы.
Я ўпэўнены — выдарыся якое-небудзь няшчасце, скажам, вайна, хоць і з болем у сэрцы, але без разважанняў пакіну і свой дастатак, і сям'ю, каб зноў пайсці змагацца за справу, якая з дзяцінства стала маім сумленнем, законам жыцця, нормай паводзін.
Адным словам, я — адзін з мільёнаў таго пакалення, якому давялося гартавацца ў гарніле гістарычных падзей.
Ёсць у мяне і асабістыя слабасці. Адна з іх — генералава дачка.
Прайшло столькі часу, а Дануту я не забыў. Ці можа забыць інвалід адрэзаную нагу? Яна яму сніцца, «свярбіць» і «баліць». Што ж, праўду кажуць, першае каханне — разьба па камені.
Я жартаваў сам з сабой не раз: не адкрый Паўлаў тэорыі ўмоўных рэфлексаў, адкрыў бы яе я. Трэба толькі каму-небудзь прамовіць «Данута», як я ўвесь і ўстрапянуся. А на нашай Гродзеншчыне гэтае імя вельмі распаўсюджанае.
Да апошняга часу я стараўся сябе не выдаць. Сяджу, напрыклад, з жонкай у пакоі, і раптам у мяне вырываецца гэтае імя, тады я хуценька выпальваю сказ на нямецкай мове, каб гэтае слова патанула ў патоку замежных, і прыкідваюся:
— Глядзі ты, ужо забыўся, як правільна вымаўляецца простая фраза!
— Але,— спачувае мая Станіслава Эдвардаўна.— Замежная мова, калі не практыкавацца, забываецца хутка!
— Трэ было б узяцца за яе, успомніць, мо яшчэ прыдасца!
— Не лянуйся, хто табе перашкаджае?
Асабліва ўспамінаю Данусю, калі пасваруся з жонкай.
Насуперак фактам і логіцы вобраз Данкі вырас у маім уяўленні ў ідэал дасканаласці і прыгажосці. Гэта стала ў мяне нават нейкай хранічнай хваробай. Я ўжо не раз думаў, ці не схадзіць да псіхіятра, ды баяўся, каб людзі не даведаліся пра таямніцу.
Праўда, усё гэта не перашкаджае мне па-свойму любіць жонку. З ёю жывём мы душа ў душу. Калі не лічыць генералавай дачкі, я не маю сакрэтаў ад яе. Ці гэта сапраўднае каханне, ці мая любоў прыстасавалася, як можа прыстасавацца чалавек хадзіць на адной назе, не ведаю.
Сустрэча з князем у аўтобусе мяне растрывожыла. «Няўжо Дануту расстралялі з-за мяне?» — пытаўся я ў сябе тысячу разоў і не знаходзіў месца.
2
Днямі — я забыўся сказаць, што працую інспектарам абласнога аддзела народнай асветы,— паехаў я ў раён правяраць, як рыхтуюцца школы да новага навучальнага года. Набліжаўся час летніх экзаменаў, і бедным дырэктарам было не да мяне. За некалькі дзён я аб'ездзіў усе школы, менш-больш усё высветліў і мог вяртацца ў Гродна.
Пабыў я ў раённага начальства, паабедаў у сталовай перад дарогай і накіраваўся на вакзал.
Стаяў канец мая, навокал была такая прыгажосць, што, здавалася, не нагледзішся і не надыхаешся ўволю. Пабыўшы некалькі дзён на свежым паветры, я адчуў сябе дужым і бадзёрым, а ў сэрцы было столькі дабраты, што хоць ты раздавай яе ўсім прыгаршчамі. Я быў увесь нібы добра настроены раяль, здаецца — крані мяне толькі — і зайграю!
— Эй, начальнік, пачакай! - раптам паклікаў мяне хтосьці ззаду.
Здзіўлены, я азірнуўся. Мяне даганяў Віктар Кучэрын.
Не той Кучэрын — з залатымі пагонамі, у бляску славы. Гэты здаваўся меншы ростам, а па яго выгляду можна было зразумець — ён толькі што прачнуўся пасля п'янкі. Валасы ўзлахмачаныя, твар — стомлены і шэры, зашмальцаваны пінжак з пустым рукавом вісіць нібы на чучале.