Выбрать главу

На другі тыдзень схапіла мяне яшчэ і ліхаманка. Аслабеў зусім: думаў — капут! Хоць бы на партызан патрапіць!.. I вось нехта мяне штурхае руляй вінтоўкі пад бок. Прачнуўся і доўга не магу дайсці да ладу. Ляжу зусім блізка ля шашы, між свежых сажняў дроў. Як сюды забраўся, не магу ўспомніць. Бачу над сабой двух з вінтоўкамі. Партызаны!.. Прашу: «Вады!» — «А ну, хопіць вылежвацца! — злуюцца і зноў поруць вінтоўкамі:— Уставай!» I тут бачу — леснікі!

Аднаго з іх я палажыў адразу. Другі стрэліў у мяне, перабіў косць правай рукі і скочыў, падлюга, за дрэва. Пачалася дуэль. Ён — з вінтоўкі, я — з пісталета. Абодва гарачымся. Я з левай не магу пацэ-ліць. Ён, гад, прастрэліў яшчэ мне грудзі.

Нарэшце выйшлі ў мяне патроны. Але скончыліся яны і ў лесніка. Ён схапіў вінтоўку і пабег. Я не знайшоў сілы перазарадзіць пісталет, самлеў.

Калі вярнулася прытомнасць, гляджу — я ў вясковай хаце. Нада мной схіліўся доктар і робіць уліванне крыві. Я ж трасуся, спатнеў увесь. Правай рукі — няма! Пальцы, далонь, локаць адчуваю, а самой рукі няма, от фокус!.. Ну... А праз месяц праходзіла ваша група, і мяне падабралі хлопцы. Віктар зноў прагна зацягнуўся.

— Ну, а далей? — падагнаў я лётчыка.

Віктар тыцнуў акурак у талерку:

— Ачуняўшы, пацікавіўся, як жа я апынуўся ў дзядзькі. I людзі мне расказалі. На шашы ляснік спыніў нямецкую машыну і пачаў тлумачыць, што ў лесе ляжыць савецкі дэсантнік. З немцам ехала перакладчыца. Яна пераклала, быццам у лесе сасной прыдушыла рабочага і патрэбна медыцынская дапамога.

Лясьнік, вядома, нічога не зразумеў. Немец пасадзіў яго ў машыну, і яны паехалі. А праз гадзіну дзяўчына вярнулася ў лес з доктарам-палякам. Дзе падзеўся ляснік — таямніца. Мяне прывезлі ў вёску, адрэзалі руку, перавязалі грудзі...

— А перакладчыца якая з сябе? — замёр я.

— Не бачыў. Быў непрытомны, калі прыязджала. Доктар не-калькі разоў наведваўся. Ён сказаў, што дзяўчына — дачка польскага афіцэра і што я павінен усё жыццё за яе маліцца. Я спытаўся, як зваць. «Канспірацыя!» — засмяяўся ён. Дзядзька гаварыў, прыго-жая...

— Не дачка генерала?

— Магчыма.

— А калі гэта здарылася?

— У красавіку сорак трэцяга.

— Ты добра памятаеш? — не пытаўся я, а прасіў з іскрай надзеі, хоць добра ведаў і сам, што Кучэрын прыйшоў да нас праз паўгода пасля таго, як я страляў у Дануту.

— Такія рэчы не забываюцца, будзь спакойны!

— У якой вёсцы жыве дзядзька, дзе ты хаваўся?

— Пад Вільняй. Ездзіў я да яго пасля вайны, але ўжо не застаў. У Польшчу выехаў з сям'ёй.

— Не можа быць!

— Чаму цябе ўсё гэта так цікавіць? Ты што-небудзь ведаеш?

4

Вярнуўся я з камандзіроўкі.

Падала жонка абед, сеў я есці, і нічога не лезе ў горла. Уключыў тэлевізар. Ішоў новы фільм з Таццянай Самойлавай, а ў мяне перад вачамі другое. Выключыў тэлевізар. Прычапіліся з нейкім пытаннем дзеці, і іх прагнаў. Жонка купіла новую пласцінку «Авэ Марыя» Баха (калісьці не любіў класічнай музыкі, не любіў з-за ўзросту), паклаў пласцінку, запусціў, але і класічная музыка не супакоіла, апарат выключыў.

— Што з табой, Янка, нездаровы ты? — устрывожылася Стася.— Мо на рабоце што здарылася?

— Выдумай!

— Дык чаму ж ты такі?!

Я пераказаў ёй усё, што чуў ад Кучэрына. Стася прамаўчала. Толькі потым неяк занадта падазрона паведаміла:

— Цяпер у мяне тры ўрокі ў восьмым і дзевятым класах. Іду ў школу. А сёмай спаткаеш мяне перад магазінам «Колас» і дапаможаш несці сёе-тое...

— Добра, спаткаю...

Вечарам са Стасяй выходзілі мы з магазіна. Я нёс пакункі, кулёчкі і чакаў буры за сваё прызнанне.

— Калі ласка, праходзьце! — у дзвярах прапусціў я нейкую жанчыну, высцерагаючыся, каб яна чаго-небудзь не выбіла ў мяне.

Я не памыліўся ў прадчуванні, бура хутка пачалася. На вуліцы жонка пацягнула мяне за пінжак:

— Ты куды гэтак спяшаешся?

— За мной не так будуць цябе штурхаць, Стась!

— Вельмі ты ўжо стаў аба мне клапаціцца, што і казаць! — з хваравітым раздражненнем заўважыла яна.— Чакай, чакай яго пад магазінам, тырчы ва ўсіх на віду...

— Дык не ты ж мяне, а я цябе чакаў, Стася! Ты ж прыйшла ў палове восьмай, спазнілася на цэлыя паўгадзіны!

— А-га, ты мяне чакаў таму, што я цябе мелася чакаць, якая розніца!