З прывакзальнай плошчы адкрылася мне незнаёмая панарама дамоў з прыязным бляскам новенькіх шыбаў. Над жылымі блокамі дзесьці ў раёне Пагулянкі неба падпіралі тонкія ажурныя мачты, і ўжо яны, а не цэрквы і касцёлы, стваралі сілуэт горада. Кінуліся ў вочы густое перапляценне правадоў і незвычайныя для Вільнюса тралейбусы. Але мне хацелася прайсціся па горадзе пешшу. Для цікавасці я спытаўся ў нейкага хлопчыка:
— Слухай, братка, і на Антаколь яны таксама ходзяць?
Малы ад здзіўлення паціснуў плячамі, як зрабіў бы некалі я, калі б у мяне спыталі, ці кожны дзень цячэ Вілія.
Я ніяк не мог прызвычаіцца да новага горада.
Проста з вакзала накіраваўся на старую кватэру, да прачкі. У двары пад плотам — той самы лопух. Той самы дом. Тая самая бардовая шалёўка прыкрывала спарахнелыя сцены. Толькі цяпер жылі тут ужо незнаёмыя людзі. I я накіраваўся да генералавага дома.
Па развешанай на вяроўках бялізне на панадворку зразумеў, што ў доме цяпер жывуць некалькі сем'яў і прытым не надта багатых.
Брамкі не было.
Я мінуў перакошаныя і парысаваныя бартамі грузавых машын бетонныя слупы і пастукаў у парадныя дзверы. Выйшла маладая жанчына, на хаду захінаючы квяцісты халат,— відаць, толькі што карміла дзіця. Яна квітнела маладосцю і здароўем.
— Янкоўскіх? — здзівілася.— Такіх тут няма.
— Яны тут жылі!
— Не-е, не жылі ніколі!
Убачыўшы маё расчараванне, жанчына захацела дапамагчы:
— Быць можа, не тут? А які нумар дома вы шукаеце?
— Нумар гэты. I дом напэўна гэты. Я-то ведаю!..
— Усе трынаццаць год мы жывём тут, я тут і вырасла, замуж выйшла, а такога прозвішча не чула...
Я хвіліну пастаяў. Добразычлівасць у вачах маладзіцы паступова змянілася разгубленасцю:
— То, можа, у дом зойдзеце...
Жанчына, відаць, думала, што на яе ветлівасць я адкажу таксама ветлівасцю і пайду сабе туды, адкуль прыйшоў. Але я злавіў яе на слове і пераступіў парог.
Разгубленая да рэшты, маладзіца павяла мяне, не ведаючы куды і нашто.
У калідоры, які некалі быў прасторны і блішчаў лакам, цяпер тырчалі звычайныя скрыні, клункі, веласіпеды, жалезныя карыты: гэта быў калідор рабочых людзей.
Каб крыху супакоіць жанчыну, я вымавіў:
— Калісьці тут я...
— Ах, дык вы тут, няйначай, самі жылі!
— Амаль...
—- Так бы і сказалі адразу! — падхапіла яна з палёгкай.— Калі ласка, праходзьце сюды... Толькі ў мяне яшчэ не прыбрана...
— Нічога, я трошкі...
Увайшоў у былую генеральскую гасціную, дзе я страляў у Станеўскага і Данусю. Малое дзіця з соскай спала ў калысцы пад адчыненым акном.
— О-го, чалавек, нічога не скажаш! — палесціў я жанчыне.
— Тры месяцы ўжо!
Маладзіца была шчаслівая і добрая, як усе маладыя маці. Я адчуў яе прыхільнасць, і мне зрабілася так па-свойску хораша, нібы зайшоў я ў хату да родных або даўно знаёмых людзей.
На дубовым паркеце ў ёлачку яшчэ віднеліся чорныя ямкі, выбітыя кулямі. Маладзіца, убачыўшы, што я нагнуўся і ўважліва прыглядаюся да іх, асуджальна заявіла:
— У вайну тут, кажуць, нямецкія салдаты жылі, дровы калолі ў пакоі, ленаваліся вынесці на двор нават...
— От бадзягі!..
Навошта засмучаць яе светлую, нібы сонца, душу цяжкімі ўспамінамі? Я развітаўся і пайшоў.
2
Ідучы па Вільнюсе ад генералавага дома, падумаў сабе: і да чаго ж усё на свеце не вечнае! Здаецца, толькі ўчора тут лазіў, нечага хацеў, кудысьці імкнуўся, змагаўся, а як гэта было ўжо даўно?!
На вежы Гедыміна ветрык гуляў вялізным чырвоным палотнішчам. Сцяг гэты нібы лунаў над горадам.
На Зарэчн, ля моста – помнік. Той самы, польскаму хлопчыку Мечыславу Додзіку, які ўтануў, ратуючы яўрэйскага – Хацкеля Харцмеца. Зімой 1943 года каля яго праходзіў і не заўважыў. Мабыць, мне засланілі ўсё падзеі, а помнік і тады сабе стаяў, як сімвал неўміручай Чалавечнасці ды пераможна глядзеў на выхадкі фашыстаў.
Як цяпер выглядае ўсё ясней, выразней!..
Вуліцы запоўнены моладдзю — рослымі хлопцамі і дзяўчатамі. Калісьці законныя гаспадары — літоўцы — былі тут яшчэ ў большым загоне, чым беларусы. Затое цяпер гучыць усюды літоўская мова.
I ва ўсіх гэтых пераменах прымаў удзел і я.
Памятаю, некалі зайздросціў я балгарам за іхняга Дзімітрава, а датчанам за Андэрсена і перажываў за беларускую беднасць. А цяпер і я магу ганарыцца.
У вайну фашысты з беларусаў не маглі стварыць ні адной вайсковай часці, затое ў нашых лясах было чатырыста тысяч партызан! Нідзе іх столькі не было!.