— Піхайце сшыткі мне ў чамадан і айда!
Нібы чародка шпакоў, дзяўчаты ўзняліся з каменя, і ўраз іх не стала.
У гэтай бяздумнай бадзёрасці сучаснай моладзі і светлым аптымізме было нешта новае, народжанае эпохай. Калісьці хлопцы і дзяўчаты былі больш замкнутыя, насцярожаныя.
I ў той жа час у іхніх паводзінах я знайшоў нешта такое, што радніла іх са мной і Данутай.
Я падумаў аб дзяўчатах: «I маеце да каго заляцацца! Гэта ж яшчэ мамін сынок...» Як на злосць, ніводная з іх на мяне і вокам не павяла, нібы мяне тут і не было!..
Я ўздыхнуў. Зрабілася сумна. Нічога не зробіш, маё юнацтва прайшло. А ўсё ж такі цікава пабудавана жыццё! Яго, нібы бясконцую эстафету, перадаюць з пакалення ў пакаленне. Што ж, мы сваю эстафету не так ужо і дрэнна неслі...
Калі на камені нікога не стала, я накіраваўся ў горад. Адчуваў цяпер сябе няёмка — будні дзень, а я блукаю тут, як валацуга, падглядваю за маладымі, быццам сам не быў такі.
Вельмі не люблю хадзіць па магазінах. Стася наказвала нешта купіць. Заглянуў у адзін, другі: ля прылаўкаў тоўпіліся людзі. Не штурхацца ж і мне тут?!. Быццам у нашым Гродне не тое самае?.. А чаго маім хлопцам не хапае? Жанчын толькі слухай!..
I я накіраваўся на ўскраіну, дзе некалі жыла цётка Антося.
4
Па дарозе да былой служанкі я ўбачыў бабульку. Яна пасвіла коз. Бабулька сядзела на сонечным баку гары і высушанымі, як курыныя лапы, рукамі перабірала чорныя гарошыны ружанца. Старая каза з падвязаным вымем спакойна пасвілася ля тратуара, а маладая — паставіла пярэднія ногі на дрэўца ды зграбна, як гэта могуць рабіць толькі козы, аб'ядала лісточкі.
— А ну, артыстка, пайшла! — шпурнуў я ў яе каменьчыкам.
Бабулька вінавата падхапілася і з залішне клапатлівай старэчай паспешнасцю пагналася за шкодніцай, нібы рабіць расправу.
Божа мілы!
Толькі цяпер я пазнаў у гэтай дачасна пастарэлай кабеціне цётку Антосю!
— Ідзіце да майго дома, зараз туды прыйду і я! — калі мы павіталіся, сказала старая, трымаючыся як мага далей, каб я не разгледзеў яе трантаў.
Нельга было паверыць, што гэтая сухая бабуля ў падраным і нейкім іржавым, нібы кальчуга з музея Луцэвіча, світэры — разважлівая і некалі цвёрдая характарам цётка Антося. Сэрца маё сціснулася ад жалю.
Давялося вярнуцца ў магазін за падарункамі.
Праз гадзіну я знайшоў панадворак цёткі. Крапіва, старая салома, іржавае жалеззе — ногі можна паламаць!
Старая ўжо мітусілася дома. У хаце поўна катоў. Чорныя і шэрыя, малыя і вялікія, чыстыя і брудныя, гладкія і струпастыя — яны ўсюды лазілі, горда задраўшы хвасты, пацягваліся, выпускаючы кіпцюры, пазяхалі ружовеыькімі роцікамі або ў незалежных позах афрыканскіх львоў ляжалі на зашмальцаваных падушках, на падлозе, табурэтках, нават на стале і ложку. Паветра было цяжкае.
— Што гэта ў вас, цётка Антося?! — асцярожна, каб не наступіць на каторага звера, здзівіўся я, прабіраючыся ў пакой.
— Мае дзеткі...— сарамліва і вінавата адказала старая, не паднімаючы вачэй.
— Навошта ж яны вам?
— Падабрала, бедных, на вуліцы... Калі ж адной так жыць вельмі сумна!
— Дык лепш узялі б сабе дзіця з дзетдома на выхаванне, а не гэтую дрэнь!
— Чалавек сам дасць сабе рады, а беднаму зверу і пан Езус загадаў дапамагаць...
Старая здзяцінела.
— Ну, раскажыце, як жывяце!
— Вось так і жыву,— адказала жанчына на той мешанай, але мілай майму вуху польскай і беларускай мове, на якой размаўлялі да вайны віленскія служанкі, гандляркі рынкаў, вазніцы.— Нікому, дзенькі богу, не вінавата, і сама сабе гаспадыня!
5
Узяўшы ад мяне пакункі, цётка Антося ўпусціла іх на стол і ўспляснула рукамі:
Матко боско! Езус Хрыстус!.. Я ж вам галоўнага — перадачы ад нашай Дануські — не дала! Чаго ж я, старая, маўчу!.. Псік, не лезьце пад ногі, пачакайце! — старая кінулася да шуфляды ў чорнай і паточанай шашалем шафе.
Мяне працяло балючае прадчуванне нечага новага і надзвычай важнага.
— Езус Хрыстус! Пан Ян не быў аж пятнаццаць гадоў у нас. Божа свенты!
Прыціскаючы да грудзей добра вядомую мне скрыначку са сла-новай косці, у якой Дануся трымала свае стужкі і шпількі, жанчына не ведала, што рабіць. Яна баялася, каб вестка мяне не забіла.
— Ну, не цягніце, цётка Антося! — узмаліўся я. У часы нямецкай акупацыі ў Вільні сярод палякаў развіўся падпольны рух. Кіравала ім нацыяналістычная арганізацыя Арміі Краёвай. Дануся служыла ў камендатуры і была звязана з гэтай арганізацыяй.
Пасля забойства Станеўскага Данута яшчэ служыла амаль паўтара года ў камендатуры і ратавала людзей, якія пападалі немцам у лапы. Затым яна наладзіла сувязь з савецкімі дэсантнікамі і нават пабывала ў іх.