Выбрать главу

Я адчыніў дзверы ў тую хвіліну, калі цётка Антося ўжо канчала раздаваць катам маю каўбасу. Старая была так занятая справай, што, не заўважаючы мяне, прасіла:

— Ешце, прэндзэй, дзеткі, пакуль ён не прыйшоў!

Мне стала ясна, што ёй ужо нічым не дапаможаш.

— Скажыце, а больш ніхто не чытаў гэтых пісем?

Жанчына аж здрыганулася ўся.

— Ах, бо-о... то ці я дала б?

— I ніхто не прыходзіў па гэтыя паперы?

— Былі калісьці паны ў капелюшах... Надта хацелі пачытаць, прапанавалі і грошы, але ж ці я ім дам?.. Не малая, ведаю, каму гэта...

— А каб я да вас не прыйшоў, паперы загінулі б?

— Як гэта? — старая не дапускала нават такой думкі.

— Цётка Антося,— пачаў я далікатна,— едзем да мяне ў Гродна! Будзеце жыць пры нас... Мая жонка — настаўніца, добрая кабета, яе ўсе хваляць...

У вачах старой з'явіўся такі жах, што я адразу змоўк.

Выходзіў я ад Антосі сам не свой. Раптам штосьці падступіла да горла, і толькі прысутнасць людзей на вуліцы стрымлівала, каб не выбухнуў плачам.

8

Праз увесь Вільнюс, не спяшаючыся, накіраваўся я зноў да генералавага дома. Стараўся не ўспамінаць Дануту. Думаў пра горад.

Штосьці чароўнае ёсць у старажытнай суровасці і прастаце гэтага горада. Колькі праз яго пераваліла народу! Муры дамоў, пабудаваныя з запасам на вечную трываласць, гэтак аблашчылі, здаецца, не дажджы і буры на працягу стагоддзяў, а мільёны вачэй шматлікіх пакаленняў. Як тыя людзі жылі? Калі меркаваць па колькасці цэркваў і касцёлаў, жыхары Вільнюса толькі і рабілі, што маліліся, а вядома, што людзі моляцца не ад добрага жыцця...

Або гэтыя тратуары. Колькі тысяч ног мусіла прайсці па іх, каб сваімі падэшвамі аж выслізгаць у каменных плітах жалабкі?!

Я на хвіліну ўявіў тых, хто тут хадзіў, і якія трагедыі бачылі гэтыя муры.

Захутаныя ў зубровыя шкуры, брылі нехлямяжыя воіны Вітаўта.

Цягнуліся з-пад Масквы галодныя і змерзлыя насмерць гвардзейцы Напалеона.

Магчыма, якраз па гэтым месцы вялі Кастуся Каліноўскага з яго братамі-палякамі на Лукішскі пляц да шыбеніц.

Гэтай дарогай правезлі не адну яўрэйскую прыгажуню ў газкамеру пасля таго, як цэлую ноч з ёю забаўляліся «нардыцкія» вылюдкі.

Мо якраз сюдой раўнадушна вёў Дануту ў турму эсэсавец — тупы выканаўца людаедскай ідэі фюрэра.

Я раптам адчуў у сабе такую пашану і любоў да Вільнюса, якую, відаць, адчувае кожны чалавек, хто хоць трохі пажыў тут. Горад мне здаўся дарагім і да дробязей блізкім!

Вось я асцярожна паставіў нагу на тратуар, памятаючы, што тут павінна быць ямка. Але адчуў гарбячок і аж спыніўся, глянуў сабе пад ногі. Ніякага гарбячка. Проста ямку залілі асфальтам, зараўнялі...

Як я ні стараўся адцягваць думкі ад Данусі, каб не балела душа, але вярнуўся да іх ізноў. Цяпер яна ў маіх вачах узнялася да гераіні, усе нашыя спрэчкі, каханне, падзеі ў вайну здаваліся мне не асабіста перажытымі, а недзе вычытанымі.

9

Я зноў падаўся на кватэру, дзе жыла прачка. Сюды заходзіў удзень, гаспадыня мяне ўжо ведала.

— Вельмі спяшаюся, прабачце! — вінавата папрасіла жанчына.— Пазнюся на работу!

— Калі дазволіце, пасяджу на ганку. Да вечара няма куды дзецца.

— Але ж, калі ласка! Прэндзэй ідзіце сюды, у цянёк, пад ясень! I дзеці пры вас пабудуць на панадворку! Міша! — пазвала яна маленькага хлопчыка, адразу забыўшыся на мяне.— Я табе, сынок, пакладу ў кішэню ключ, а каб не згубіў, прышпілю аграфкай. Прыйдзе тата — аддасі! Захочаш есці, улезеш праз акно, я прыадчыненае пакінула...

— Ну, бывайце! — звярнулася яна да мяне.— Не ўбачымся болей. Прывітанне Гродна! Кажуць, нечым наш Вільнюс напамінае!

— Крыху.

— Не была, не ведаю. Чакайце ў госці, пакуль!

Я ўладкаваўся на ганку. Зірнуў на Данусін панадворак. У мяне, прызнацца, было добра на душы — я заставаўся верны ўвесь час Данусі, не выкідаў яе з сэрца і цяпер з чыстым сумленнем быццам глядзеў ёй у вочы. Пачаў успамінаць усё спачатку.

Успамінаў да той пары, пакуль мая душа не стала як той аркушок паперы, з якога гумкай сцерлі ўсё, што было напісана, і застаўся толькі след ад літар. Я ўжо нічога больш не мог прыпомніць і адвёў вочы ўбок.

Яшчэ да вайны я даведаўся пра семантычнае значэнне імені Данута. Яно ўтварылася ад лацінскага слова «donata». На жаль, у беларускай мове няма яму адпаведнага сіноніма. Са славянскіх моваў, відаць, найбліжэй па значэнню яму можна сказаць рускае «одаренный» або польскае «obdarzony».