Выбрать главу

Ты адпавядала свайму імені. Эх, Дануська, кім ты, «одаренная», цяпер была б, каб не вайна?..

Помнік трэба паставіць табе, ці што? А дзе твая магіла?.. Буду на Рыжскім узмор'і, знайду якога-небудзь пісьменніка, дам яму ўсе паперы, фатаграфіі і папрашу, каб кніжку пра цябе напісаў, як ты некалі хацела... Фактычна кніжку пра нас, пра эпоху. Атрымаецца цікавая гісторыя пра барацьбу, каханне і геройства...

На двары гулялі дзеці.

Калісьці мяне, юнака, такія малыя вельмі злавалі. Мне здавалася, што яны залішне крычаць, без прычыны б'юцца, усюды лезуць, і гэта ў іх ад распусты. Толькі цяпер, калі сам стаў бацькам, я зразумеў, што яны бегаюць не ад дрэннага выхавання і дрэнных бацькоў, а што гэта форма іхняга быцця. Яны так гуляюць, для іх гэта таксама важна, як для дарослых работа. Цяпер маё бацькоўскае вуха і вока прыемна лашчаць кожнае дзіцячае слова і рух.

Каля ганка стаяў Міша і звычаем, як гэта робяць і мае дзеці, цёр вуха плячом і засяроджана аб нечым думаў.

За плотам на бервяне сядзеў другі малы, трымаў на каленях талерку і мераў канцом лыжкі, колькі засталося супу.

За кустамі бэзу чуліся ўсхваляваныя галасы:

— Віцька-а, ты на гэтым фільме быў?

— А пра што там?

— Я чатыры сеансы праседзеў і яшчэ сёння пайду. Толькі не хапае трох капеек. У цябе няма?

— А дасі каску?

— Дам!

— Чэснае піянерскае?

— Ага!

— I пад салютам!

— На табе салют!

— Бяры капейкі!

Па тратуары ішла пара. Адно пачуццё спляло іхнія рукі, запаліла шчаслівыя іскрынкі ў вачах.

За імі крочыла дзяўчына. Яна гулка стукала абцасамі, а яе сур’ёзныя пухлыя шчокі смешна ўздрыгвалі ў такт крокам.

Скрозь кроны дрэваў ля дарогі жаўцелі сцены нейкага вялізнага будынка без даху. Міма наваленай цэглы і свежаапілаванага дрэва малады рабочы вёз пустую тачку. Таварыш яго ўскочыў у яе і жартам кінуў:

— Но-о, кося, вязі-і! Прэндзэй!

Дама несла поўную сетку пакупак. Шукаючы спачування, яна ўсміхнулася мне, паставіла сетку на тратуар, замахала рукамі і, якраз так, як некалі Дануся на лесвіцы ліцэя, паскардзілася:

— Уф-ф-ф, цяжка!

Далей ішоў юнак, нёс белы батон. Азірнуўшыся сюды-туды, ён — раз! — і ўтапіў зубы ў край яго. Я нават адчуў у сваім роце хруст скарынкі і смак свежай духмянай булкі.

Нейкая дзяўчына схавалася ў вароты колішняга Залкікдавага панадворку і працірала супрацьсонечныя акуляры. Зрабіць гэта проста на тратуары, бачыце, яна не можа: да выхаду на вуліцу рыхтуецца, бы артыстка на сцэну!

Усміхнуўшыся, я зноў глянуў на Данусін дом.

На невысокі дах з пачарнелай бляхі ўзлезлі хлопец і дзяўчына прымацоўваць антэну. Спачатку ўсё ў іх ішло як трэба. Але вось узяліся за адзін канец антэны ўдваіх, іх рукі спляліся і... Я адвярнуўся!

Чэрвеньскае сонца золатам залівала вуліцу, дамы, дахі. Было цёпла, але не горача. Лёталі шпакі. Крычалі галкі.

Мне было сумна і радасна. Сумна таму, што Дануся не можа бачыць гэтага хараства. А радасна ад таго, што я адчуваў яе вось тут, побач, у такім цудоўным і вечным жыцці!

БІЯГРАФІЧНАЯ НОТКА

Аўтар гэтай кніжкі — Аляксей Нічыпаравіч Карпюк — на-радзіўся 14 красавіка 1920 года ў вёсцы Страшава Ваўкавыскага павета Беластоцкага ваяводства ў сялянскай сям'і.

Пасля вызвалення Заходняй Беларусі А. Карпюк паступіў у Навагрудскае педвучылішча, дзе яго застала Вялікая Айчынная вайна. За падпольную работу фашысты арыштавалі А. Карпюка і вывезлі на знішчэнне ў лагер смерці Штутгоф, адкуль яму ўдалося ўцячы і далучыцца на радзіме да партызан.

У лесе А. Карпюк стаў камандзірам атрада імя Кастуся Ка-ліноўскага. Пасля злучэння з Чырвонай Арміяй ён адправіўся на фронт артылерыстам. У арміі быў у складзе 756-га стралковага палка, якому давялося штурмаваць Рэйхстаг. Два разы ранены.

Пасля вайны А. Карпюк скончыў англійскае аддзяленне Гродзен-скага педінстытута і працаваў на Гродзеншчыне — загадчыкам рана, дырэктарам школы, карэспандэнтам, шэфам агенцтва «Інтурыст».

Цяпер А. Карпюк працуе ў Гродне сакратаром абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў. Член партыі з 1947 года. Узна-гароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга і другімі ордэнамі і медалямі, у тым ліку самай высокай узнагародай Польскай Народ-най Рэспублікі — Залатым крыжам ордэна «Віртуці мілітары».

Першы зборнік аповесцей і апавяданняў «Дзве сасны» А. Карпюка быў надрукаваны ў 1958 годзе ў выдавецтве «Беларусь». Затым выйшлі яго кніжкі: «Мая Гродзеншчына» — Мінск, 1960 г., «Данута» — Мінск, 1960 г., «На лесных стежках» — Масква, 1964 г., «В одном ннсгатуте» — Мінск, 1965 г. Асобнай кніжкай у рускім перакладзе «Данута» выходзіла ў Маскве ў 1961 годзе і ў Мінску ў 196З годзе і на ўкраінскай мове — у 1961 годзе. Да кожнага выдання аўтар грунтоўна перарабляў і правіў аповесць