Мужчыны, выявілася, скульптары з мастацкай акадэміі. Яны спыталіся, ці не хачу зарабіць. Я, вядома, хацеў, але было боязна: якую работу прапануюць гэтыя панкі — у горадзе, кажуць, усе жулікі апранутыя прызваіта.
Незнаёмыя завялі мяне ў акадэмію і запрапанавалі пазіраваць студэнтам.
— Пастаіш перад імі гадзіну — залатоўка, а дзве гадзіны — дзве залатоўкі.
— Голы перад людзьмі стаяць не буду! — спалохаўся я.
— I за грошы?
— I за грошы! — цвёрда стаяў я на сваім.
— Дзівак! У нас нават паненкі пазіруюць, паглядзі!
Зрэшты, чаго маю ўпірацца? Мо там што і вартае? Як што не гэтак, павярнуўся і — будзьце здаровы! — Ну, пайшлі...
Калі мы апынуліся ў студыі, мяне аж скаланула. Пад сцяной, як дровы пад акапам у дрэннага гаспадара, бязладна валяліся гіпсавыя рукі, ногі, галовы з адбітымі насамі і вушамі.
Мяне падвялі да шырмы. За ёю стаяла зусім голая дзеўка, а нейкі стары, як смарчок, пан, бессаромна не зводзячы з яе вачэй, ляпіў з гліны жаночую фігуру. Я адскочыў як апараны і ўцёк дадому: каб давалі мільёны нават, на такую работу не згадзіўся б!
Але ўвага мастакоў падказала: дык і я нечага варты!
Некалькі дзён я быў у добрым гуморы. Вечарам, закінуўшы дамоў кніжкі, спяшаўся на вуліцу Міцкевіча. Яе залівала мора святла, а па тратуарах фланіравалі два сустрэчныя патокі моладзі. Я далучаўся да аднаго з іх. I без добрай вопраткі ды гарадскіх манераў я звяртаў на сябе ўвагу гімназістак ростам. Упадабаўшы сабе каторую, я праходзіў міма ды раптоўна азіраўся. Так я і ведаў — гімназістка глядзела мне ў спіну! Злавіўшы разгублены позірк, я крочыў далей упэўнена і незалежна, адчуваючы на душы перамогу.
I толькі цяпер, наглядзеўшыся праз зашклёныя дзверы на харыстак, паслухаўшы паненак на вуліцы, зноў стаў незадаволены сабой, а перамога на вуліцы Міцкевіча здалася нічога не вартай.
1
У той дзень, калі бачыў на сцэне паненак, прыйшоў я з ліцэя дадому і, чаго са мной ніколі не здаралася, прыпаў да люстэрка.
Хто я? Пастух!.. Лоб і сківіцы шырозныя, нос— бульбінай!.. А бровы!.. Недзе я чуў, што яны чалавеку служаць для аховы органаў зроку ад дажджу. Калі гэта так, то мае не дапусцілі б вільгаці да вачэй, каб нават ліло як з цэўкі. Але якая мне радасць? Зросшыся на пераноссі, махнатыя, парыжэлыя ад сонца, калючыя, як вусы ячменю, яны тапоршчыліся, нібы дзікі зараснік. У рысах майго твару не было той лагоднай сіметрыі, якая, мне здавалася, так падабаецца дзяўчатам: выпірала вуглаватасць, а шэрыя з жаўцізной вочы глядзелі непрыязна і пранікліва.
— Зірне на цябе — нібы цвіком да сцяпы прыб'е! — казалі пра мяне ў нашай вёсцы дзяўчаты.
Я агледзеў вопратку. Рукавы ў пінжаку кароткія, лацканы пакарабаціліся, на нагах — здаравенныя, дванаццацізлатовыя чаравікі на гумовай падэшве чэшскага Баці. З іх заўсёды вылазілі праклятыя анучы.
Некалькі апошніх месяцаў я не стрыгся, і ў мяне пачаў расці чуб. Дзеля яго я нават купіў грэбень. Але чуб, паршывец, не прычэсваўся, як прычэсваліся валасы ў нашых курсантаў. Мая чупрына расла ўніз і звісала над вачыма так, як звісае са страхі салома, калі яе вецер павырывае, таму на вуліцу без шапкі і не выходзіў.
Разглядаючы мяне над Віліяй, адзін скульптар сваім грэбенем улажыў чупрыну набок, сказаў сябру, што мне так лепш. Цяпер я гэта ўспомніў.
Я пайшоў на кухню, намачыў валасы, вярнуўся зноў да люстэрка і часануў некалькі разоў па галаве. Калі мой чуб паслухмяна лёг набок, я ледзь не ахнуў! Не верылася, што ў люстэрку — мой адбітак. Адтуль глядзеў на мяне хлопоц, у якога пад высокім ілбом бялеў акуратны, не вядомы мне дагэтуль прабор. Ад прабора налева пакорна лягла чупрына густых валасоў — пацямнелых ад вады, шаўкавістых. На мяне павеяла такой навізной, што я не мог на сябе надзівіцца.
На кухні гаспадыня звякнула пасудай, і я адскочыў ад люстэрка. Патаптаўся. Агортвала вялікае жаданне пахваліцца сваім выглядам. У пакоі было цесна, нібы засадзілі мяне ў клетку.
Без шанкі пайшоў я на вуліцу, крадком мацаючы чупрыну, ловячы яе незнаёмы адбітак у шыбах. Увесь свет стаў нібы прыгажэйшы. Нават здалося, што ўся Вільня таксама перажывае маё другое нараджэнне!
... Было гэта даўно. Паступіў я ў «паўшэхную»[3] школу і бачу: у аднаго вучня шрам на назе, другому выразалі сляпую кішку і зашывалі жывот, той меў шчарбіну ў зубе, іншы хадзіў у акулярах або мог па-сабачаму брахаць... Адзін я нічым не вылучаўся і не меў ніякага таленту. Я доўга ламаў галаву, прыдумваў фантастычныя сітуацыі, як выбіцца ў «людзі». Нарэшце надарыўся выпадак.
Школьны ганак быў абшаляваны дошкамі. Нехта прыдумаў забаву: хто мацней стукне патыліцай у дошкі! Я выбраў месца, дзе сцяна найбольш пружыніла, і так бухнуў, што ўсе разявілі раты, бо дошка заскочыла за дошку. У мяне намутнела ў вачах, але я стукнуў яшчэ раз, і дошка стала на месца.