Выбрать главу

Тады ўсе прысудзілі: у Барташэвіча наймацнейшая з усяе школы галава!

Кожны перапынак мяне вадзілі на ганак, прымушалі паказваць фокус. Так у школе і я стаў героем. Якую адчуў радасць? Быў найшчасліўшым чалавекам у свеце!

Такую радасць і задавальненне сабой перажыў я зараз і ў Вільні. Яшчэ ажыло ўражанне перамогі над валейбалістамі. Успомнілася захапленне скульптараў над Віліяй маім целам...

2

Выйшаўшы на вуліцу з зачасанай набок чупрынай, я сустра-каўся з хлопцамі нібы роўны з роўнымі і незалежна пазіраў на людзей.

Насустрач крочыў малады рослы афіцэр — ад'ютант генерала. Каб здавацца вышэйшым, вайсковец ненатуральна выцягваў шыю, бытта яму ціснуў каўнер, ды яшчэ глядзеў угору. Афіцэра спыніла маленькая пані, павіталася. Паднімаючы руку дамы да вуснаў, фанабэрысты ад'ютант нават не нахіліў галавы, і беднай жанчыне давялося стаць на дыбачкі.

Я параўняўся з імі. Рагі канфедэраткі, расшытыя серабром, былі толькі на ўзроўні маіх вачэй.

Далей на ліпавай алеі сустрэў сапраўды высокага мужчыну. Нават большага за сябе. Я павінен вам адкрыць ракрэт. Кожны высокі чалавек добра заўважае такога ж высокага, крадком сочыць за ім, нават мераецца. Гэтага чалавека не толькі на нашай вуліцы, а ў Вільні я сустракаў упершыню. Ён, мабыць, быў прыезджы, а па шапцы, як у Тэльмана, відаць,— прыбалт-літовец.

Найчасцей высокія людзі бытта не маглі прызвычаіцца да свайго росту, не ведалі, што з ім рабіць. Яны горбіліся, валачылі ногі, нібы на іх віселі гіры, стомлена крывіліся, бытта ім цяжка насіць свой корпус — як бы яго саромеліся нават. Над такімі я заўсёды пацяшаўся.

Для майго цела прырода падабрала адпаведную колькасць сілы. Я сябе адчуваў так, як адчуваюць статныя спартсмены.

Прыбалт пацешна перастаўляў ногі, нібы спераду нехта ішоў ды не даваў яму ходу. Ад гэтага літовец здаваўся нехлямяжым. Маю душу напоўніла перамога.

Даўжыня плітак тратуара — пяцьдзесят сантыметраў. Абміна-ючы недарэку, я пакрочыў праз дзве пліткі і з прыемнасцю адчуў, як напінаюцца ў нагах мускулы. Крочыў я далей, радаваўся сабой, а мне здавалася, што адчуваю нават хвалі паветра, якія выклікаю вакол сябе.

Вось тут я і спаткаў суседку.

Яна вярталася з ліцэя. Разам з ёю ішлі студэнт з вусікамі нітачкай і сяброўка. Абое пра нешта ёй гаварылі, але яна нікога не слухала. Ляніва перастаўляючы ногі, суседка на адным пальцы трымала партфель, каленьмі стукала па ім і нудна азіралася. Вядома, мяне яна нават і не заўважыла. Яе сумны позірк толькі абыякава каўзануў па маіх грудзях. Я прыгледзеўся. Гэта была ўжо не тая гім-назістачка, якую я бачыў на сцэне, а — самаўпэўненая паненка, што ведала сабе цану.

— Паду-умаеш! — грэбліва кінуў я, мінуўшы кампанію.

Калі студэнт праходзіў пад ліпкай, расшытая сярэбранымі выкрутасамі форменная шапачка на цэлыя дзве пядзі не даставала да лісцяў. Падышоўшы да таго самага месца, я выцягнуў шыю і выразна адчуў, як галінкі джарганулі мяне па патыліцы.

— Во! — сказаў я сабе.

I забыўся пра гімназістаў.

Паказалася Віленка.

Ля Зарачанскага моста звярнуў маю ўвагу абеліск. Я не мог прайсці раўнадушна міма кожнага надпісу, пачаў чытаць і гэты.

«Помнік пастаўлены ўдзячнымі жыхарамі Вільні польскаму вучню Мечыславу Додзіку, які ўтануў тут у 19ЗЗ годзе, ратуючы ў час паводкі яўрэйскага хлопчыка Хацкеля Хармеца». Бедны. Відаць, не ўмеў плаваць. А мо бервяном аглушыла...

Глядзі, жылі тут мальцы што трэба!..

Хоць на граніце была яшчэ высечана багародзіца, аднак я — ваяўнічы бязбожнік — ужо адчуў да помніка пашану. Насцярожана паглядзеў на бурлівую, ядавіта-зялёную Віленку, прыкінуў, на колькі яна ўзнімаецца ў паводку і як тут усё кіпіць, ды ціха пакрочыў далей.

Мяне панесла ў старыя кварталы Вільні.

Што тут было тысячу гадоў назад? Якія хадзілі людзі? Якая на іх была вопратка? Якія мелі клопаты?..

Відаць, было тут поле. Няўжо і тады гэтаксама людзям свяціла сонца, яны пацелі, хацелі піць? I пжок перасыпаўся пад капытамі іхніх коней?.. А чаму не? Вядома! Не верыцца, бо мінулае мы ўяўляем сабе па малюнках мастакоў, а гэтыя малюнкі больш падобныя на казку.

Потым з'явіліся гэтыя муры і іншыя людзі. Потым і тых людзей не стала...

Цяпер з сівых муроў месцамі выкрышылася цэгла і застаўся толькі акамянелы раствор, таму на сценах чарнелі чатырохкутныя адтуліны — глядзі, так і шугануць адтуль з гнёздаў птушкі!